• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Стартуе тыдзень супраць смяротнага пакарання ў Беларусі

    5 кастрычніка распачынаецца праваабарончы Тыдзень супраць смяротнага пакарання ў Беларусі, які сёлета пашырае сваю геаграфію. З 5 па 10 кастрычніка шэраг мерапрыемстваў пройдзе ў Літве, Польшчы, Украіне, Казахстане.

    5 кастрычніка ў Чарнігаве на пляцоўцы дыскусійнага клубу «Экспертнае меркаванне» (вул. Палуботкі, 6А) адбудзецца дыскусія па тэме смяротнага пакарання з відэапраглядам і адкрыццём выставы тэматычных плакатаў беларускага мастака з Вільні Алега Аблажэя. Пачатак а 17‑й гадзіне. Выстава працягне сваю працу ў Адукацыйным Доме правоў чалавека. Госць — Любоў Кавалёва, маці расстралянага ў 2012 годзе паводле смяротнага прысуду Уладзіслава Кавалёва.

    7 кастрычніка ў Вільні ў Музеі ахвяраў генацыду (вул. Ауку, 2) пройдзе дыскусія «Забойства па прысудзе», арганізатарамі якой выступілі Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава і міжнародная няўрадавая арганізацыя Free­dom House. Пачатак а 16‑й гадзіне.

    Дыскусія будзе тычыцца і пытанняў пазасудовай расправы ў Беларусі: праваабаронца Раіса Міхайлоўская распавядзе пра невытлумачальныя знікненні палітычных апанентаў прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі і расследаванне гэтых гвалтоўных знікненняў. Падчас дыскусіі адбудзецца прэм’ерны паказ фільма-цыкла «Шэсць аргументаў супраць смяротнага пакарання» з удзелам рэжысёра Віктара Трацякова, сцэнарыста Паліны Сцепаненка і каардынатара кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» Андрэя Палуды. Мадэратарам абмеркавання будзе Віціс Юрконіс, праектны дырэктар Free­dom House ў Літве.

    8 кастрычніка ў Варшаве Беларускі Дом (вул. Вейска, 13/3) арганізуе дыскусійны прагляд фільма “Прычына смерці – прочырк” з удзелам эксперта Хельсінкскага фонда па правах чалавека Вольгі Саламатавай. Пачатак а 18‑й гадзіне. Падчас мерапрыемства будзе зладжана відэа-канферэнцыя з удзелам Любові Кавалёвай.

    9 кастрычніка ў Мінску на пляцоўцы Арт-Сядзібы (пр‑т Незалежнасці, 58–430) адбудзецца прэс-канферэнцыя кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”, падчас якой будзе прэзентаваная кніга “Смяротнае пакаранне ў Беларусі”. Пачатак аб 11‑й гадзіне. У мерапрыемстве бяруць удзел каардынатар кампаніі Андрэй Палуда, прадстаўнікі закрытага ўладамі ПЦ “Вясна” Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч. Ганаровыя госці — прадстаўнікі амбасадаў еўрапейскіх краінаў-удзельніц Кааліцыі супраць смяротнага пакарання ў Беларусі. 

    10 кастрычніка ў Харкаве філія Фундацыі рэгіянальных ініцыятыў правядзе дыскусійны прагляд фільма “Шэсць аргументаў супраць смяротнага пакарання”, а таксама анімацыйных ролікаў, створаных у межах кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”.

    У Алматы ў Сусветны дзень супраць смяротнага пакарання пры падтрымцы арганізацыі Free­dom House Kaza­khstan распачне сваю працу выстава плакатаў, прысвечаных праблеме смяротнага пакарання ў Беларусі.

    Нагадаем, першы Тыдзень супраць смяротнага пакарання закрыты ўладамі ПЦ “Вясна” правёў у 2013 годзе ў межах кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”. Кампанія распачалася ў 2009 годзе з мэтай спынення гэтага антыгуманнага віду кары і далучэння нашай краіны да агульнаеўрапейскіх каштоўнасцяў. На жаль, Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе і на постсавецкай прасторы, дзе выносяцца і прыводзяцца ў выкананне смяротныя прысуды.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці