• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Суд адправіў на дапрацоўку адміністрацыйны пратакол аб “падмене дзяржаўных СМІ” супраць блогера Філіповіча

    Суд Савецкага раёну Гомеля  адправіў  на дапрацоўку адміністрацыйны пратакол, складзены міліцыяй ў дачыненьні да блогера Максіма Філіповіча за “фактычную падмену дзяржаўных СМІ”.

    “Пра гэта мне паведамілі  ў канцылярыі Савецкага суда, куды я звярнуўся, каб даведацца, да чаго мне рыхтавацца, — паведаміў Службе маніторынгу ГА «БАЖ»  блогер Філіповіч. — Адміністрацыйны пратакол на падставе артыкула 22.9 КаАП, складзены на мяне ўчастковым Савецкага РАУСа Дзмітрыем Акулічам, адпраўлены назад у міліцыю на дапрацоўку”.

    Пра “фактычную падмену” гомельскім блогерам Максімам Філіповічам дзяржаўных СМІ, у тым ліку і па фармаванні грамадскай думкі сярод грамадзянаў Рэспублікі Беларусь”, рапарт падаў 25 траўня падпалкоўнік міліцыі Драздоў на імя намесніка начальніка УУС Гомельскага аблвыканкама Віталя Котчанкі, які з’яўляецца таксама начальнікам упраўленьня ідэалагічнай работы і кадравага забеспячэння. Той дазволіў даць яму ход — рапарт пераслалі ў Савецкі РАУС, дзе ўчастковы Акуліч і склаў на блогера адміністрацыйны пратакол.

    У рапарце згадвалася, што падчас маніторынгу інтэрнэта былі выяўленыя публікацыі, размешчаныя з 2 па 22 траўня на відэахостынгу YouTube, канал “Гарантый няма”. Згаданы рэсурс зарэгістраваны на  Максіма Філіповіча.  Падлічана, што ў канала — 24 320 падпісчыкаў. Агульная колькасць праглядаў відэакантэнту складае 5 300380 адзінак. Відэаролікаў — 252.

    Філіповіч актыўна асвятляў  акцыі пратэсту супраць “дармаедскага”  дэкрэту № 3, а таксама шматлікія адміністрацыйныя суды ў дачыненні да іх удзельнікаў.

    У рапарце міліцэйскага падпалкоўніка прыгаданыя назвы 17 відэаролікаў. Найбольш праглядаў (звыш 30 тысяч) сабраў відэаролік “Беларускае тэлебачанне — геніі пяра”.

    Адсюль і выснова: “З улікам росту папулярнасці свайго канала, Максім Філіповіч фактычна падмяняе сабою дзяржаўныя СМІ, у тым ліку і ў фармаванні грамадскай думкі сярод грамадзянаў Рэспублікі Беларусь”.

    Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец пракаментаваў для СМІ сітуацыю наконт спробы міліцыі на гэтай падставе прыцягнуць Філіповіча да адміністрацыйнай адказнасці:

    “Хацеў бы заўважыць, што тая сітуацыя, калі ў нас да адказнасці за парушэнне заканадаўства аб СМІ прыцягваюць супрацоўнікі міліцыі, якія складаюць пратакол і наўрад ці з гэтым заканадаўствам знаёмыя, ужо даволі паказальная. Міліцыя кантралюе сродкі масавай інфармацыі. Другі момант — гэтыя дзеянні абсурдныя. У нас насамрэч у законе “Аб СМІ” ёсць згадка пра СМІ, якія распаўсюджваюцца праз інтэрнэт. Дарэчы, калі гэтыя змены ўносілі ў закон, Беларуская асацыяцыя журналістаў папярэджвала, што без вызначэння, якія менавіта рэсурсы адносяцца да сродкаў масавай інфармацыі, будзе незразумела, якую дзейнасць будзе рэгуляваць заканадаўства, але гэта не было прынята да ўвагі. У законе “Аб СМІ” напісана, што інтэрнэт-сродкі масавай інфармацыі не падлягаюць дзяржаўнай рэгістрацыі. Таму, калі няма прэтэнзій да зместу прадукцыі, якую ў дадзеным выпадку распаўсюджвае блогер, то сам факт распаўсюду гэтай прадукцыі праз інтэрнэт, незалежна ад таго, колькі падпісчыкаў ён мае ў Беларусі, не з’яўляецца парушэннем”.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці