• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Суд палічыў, што “Борисовские новости” зганьбілі рэпутацыю ўчастковай медсястры

    25 красавіка 2015 г. суд Барысаўскага раёна задаволіў пазоў участковай медсястры Панцялей Е.С. да газеты “Борисовские новости” і аўтаркі ліста ў рэдакцыю Казлоўскай Л. аб абароне дзелавой рэпутацыі і спагнанні кампенсацыі маральнай шкоды.

    Суддзя Інна Войтка вырашыла прызнаць не адпаведнымі рэчаіснасці і ганебнымі для дзелавой рэпутацыі пазоўніцы звесткі, распаўсюджаныя ў артыкуле пад загалоўкам “Кто виноват в смерти пациенты 2‑ой поликлиники?”, апублікаванай 24 снежня 2014 г. у выпуску “БН” № 52.

    Суд вырашыў спагнаць замест заяўленых пазоўніцай першапачаткова 50 млн рублёў толькі 4 млн рублёў салідарна: 3 млн рублёў – з рэдакцыі газеты “Борисовские новости”, 1 млн рублёў – з Казлоўскай Л. Г.

    Акрамя гэтага, адказчыкам належыць кампенсаваць судовыя выдаткі Панцялей Е.С.: 7 млн 935 тыс рублёў мае выплаціць рэдакцыя газеты, 2 млн 645 тыс – Казлоўская Л. Г.

    Суд абавязаў рэдакцыю “БН” апублікаваць цягам месяца рэзалютыўную частку рашэння суда ў газеце на тым жа месцы паласы і тым жа шрыфтам, што і спрэчны матэрыял.

    Адказчыкі збіраюцца абскарджваць рашэнне суда ў Мінскі абласны суд.

    У артыкуле, які стаў падставай для зыску, быў апублікаваны ліст чытачкі “БН”, якая распавядала пра нядбайнае абыходжанне медработніцы з яе мужам пры аказанні яму дапамогі дома. Смерць мужа, якая наступіла пасля візіту медсястры, чытачка палічыла наступствам несумленнага выканання абавязкаў працаўніцай паліклінікі. У гэтым жа артыкуле была апублікаваная вытрымка з пісьмовага адказу галоўнага ўрача Барысаўскай цэнтральнай раённай лякарні на зварот пацярпелай (жонкі памерлага). Кіраўнік медыцынскай установы паведамляў, што службовая праверка не знайшла пацвярджэння выкладзеных жанчынай фактаў.

    Нягледзячы на прысутнасць меркаванняў абодвух бакоў канфлікту, супрацоўніца паліклінікі палічыла факт публікацыі артыкула распаўсюдам ілжывых і ганебных для сябе звестак.

    Першае пасяджэнне па справе адбылося ў судзе Барысаўскага раёна 20 лютага.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці