• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Суд прыцягнуў галоўнага ветурача Гомельскага раёна да справы ў пазове журналіста-фрылансера

    11 студзеня на папядэднім разглядзе пазову журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага да таварыства з абмежаванай адказнасцю „Добрая хрюшка“ і Гомельскага райадзела міліцыі наконт кампенсацыі маральнай шкоды за абпырскванне хімікатамі адбыўся нечаканы паварот.

    Намеснік  дырэктара ТАА “Добрая хрюшка» Міхаіл Сталбоў не пагадзіўся з прэтэнзіямі  на адрас свайго прадпрыемства. Заявіў, што ў працоўны час 8 жніўня супрацоўнікі свінакомплекса не маглі знаходзіцца па-за ягонымі межамі і абпырскаць журналіста хімікатамі. Пры гэтым ён дадаў, што ў той дзень супрацоўнікі ветэрынарнай службы праводзілі ў іх на комплексе каранцінныя мерапрыемствы.

    Суддзя Вольга Фядосава, якая разглядае пазоў журналіста, вырашыла прыцягнуць у якасці трэцяга боку па справе галоўнага ветэрынарнага ўрача Гомельскага раёна Леаніда Казлова. Відавочна, ён і стане галоўным адказчыкам у справе кампенсацыі маральнай шкоды журналісту Жукоўскаму. Прозвішча ветэрынарнага ўрача суддзя агучыла з матэрыялаў пракуратуры, якая займалася праверкай інцыдэнту па заяве Жукоўскага, але спыніла адміністрацыйную справу пра напад на журналістаў.

    Вызначэннем суддзі замененыя таксама і два іншых адказчыкі: Гомельскае ўпраўленне ўнутраных спраў — на МУС, рэгіянальнае казначэйства — на  Міністэрства фінансаў.  Справа ў тым, што калі грамадзяніну нанесена шкода дзяржаўнымі оргамі, прыкладам, міліцыяй, то кампенсуецца гэта з бюджэту. Належнымі распарадчыкамі бюджэтных грошай з’яўляюцца менавіта рэспубліканскія дзяржаўныя органы.

    Кастусь Жукоўскі і Андрэй Толчын

    Жукоўскі  ў пазове патрабуе спагнаць 600 рублёў маральнай кампенсацыі з міліцыі за бяздзеянне і 2 400 рублёў — з нападніка, які абпырскаў яго хімікатамі.

    Нагадаем, што інцыдэнт здарыўся летась у жніўня блізу вёскі Зялёныя Лукі Гомельскага раёна. Жукоўскі прыехаў сюды з Андрэем Толчыным спраўдзіць інфармацыю пра масавы падзеж свіней. Яны пакінулі аўтамабіль каля дарожнага знака «Уезд забаронены» і пешшу пайшлі з відэакамэрай да свінакомплекса, які належыць ТАА “Добрая хрюшка». Недзе за дзве сотні метраў да комплексу іх перастрэлі міліцыянты — сталі тлумачыць, што яны зайшлі ў санітарную зону. У гэты час у прысутнасці міліцыянтаў  мужчына, апрануты ў камуфляж, абдаў журналістаў з ранцавага апырсквальніка нейкім хімічным рэчывам. Жукоўскага нападнік абпырскаў з галавы да ног, Толчыну хімічнае рэчыва патрапіла збольшага на адзенне і абутак.

    Па выкліку ў Зялёныя Лукі прыехала машына хуткай медычнай дапамогі. Лекары канстатавалі ў Жукоўскага атручванне невядомым хімічным рэчывам і адвезлі яго на шпіталізацыю ў бальніцу хуткай медычкай дапамогі.

    “Пакуль мяне везлі ў Гомель у бальніцу, — апавёў у судзе Жукоўскі, — жанчыне-медыку тэлефанавалі разоў пятнаццаць: усё давалі нейкія ўказанні, што са мноюрабіць. У нас пры ўладзе банда, якой законы не пісаныя”.

    Разгляд пазову па сутнасці з замененымі адказчыкамі суд прызначыў на 31 студзеня.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці