• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Сябра ГА «БАЖ» выдае кнігу пра Гродна 1930‑х гадоў

    Гродзенскі журналіст, сябра ГА “БАЖ” Руслан Кулевіч напісаў кнігу пра Гродна ў перыяд 1930-40-х гадоў — “Горад адзін, успаміны розныя”. Гэта зборнік успамінаў жыхароў, дзяцінства і маладосць якіх, прыйшліся на гэтыя гады.

    На платформе ulej.by распачаўся збор сродкаў на выданне кнігі.

    З аўтарам кнігі Русланам Кулевічам пагутарыў карэспандэнт Службы маніторынгу ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».

    — Руслан, скажыце адкуль узялася ідэя стварэння гэтай кнігі?

    — У аснову гэтай кнігі ляглі ўспаміны шаснаццаці жыхароў Гродна, якія перажылі ў сваім дзяцінстве і маладосці такія цяжкасці, якія нам, сучасным людзям, нават цяжка ўявіць. Гэта неаднаразовая змена ўлады, вайна, заключэнні і арышты, жыдоўскія пагромы, прымусовыя работы і ссылкі. І ўсё гэта адбывалася ў адным горадзе з 30‑х гадоў ХХ стагоддзя да заканчэння Другой сусветнай вайны. Некаторыя гісторыі ў кнізе незвычайныя яшчэ тым, што яны ў сваім родзе ўнікальныя, бо раней пра падобныя выпадкі ў нашым горадзе не чулі нават гісторыкі. Кожная старонка гэтай кнігі распавядае пра пэўны перыяд з жыцця адной гродзенскай сям’і. Я паспрабаваў больш даступна і зразумела падаць гэта для гарадзенцаў, а можа не толькі для гарадзенцаў, бо цікавяцца кнігай людзі і са Злучаных Штатаў, з Ізраіля, з Аўстраліі. Тыя, чые бацькі альбо дзяды жылі калісці ў Гродне.

    — Адкуль ўзялася назва кнігі?

    — Спачатку я хацеў назваць кнігу “Тутэйшыя” — для мяне ўсе гэтыя гарадзенцы, успаміны якіх пададзеныя ў кнізе, яны — тутэйшыя. Але мы параіліся з рэдакцыяйhrodna.life, выданне дзе я працую, і выбралі іншую назву “Горад адзін, успаміны розныя”. Таму што ўсе рэспандэнты жылі ў адным горадзе, але стаўленне да тых ці іншых падзей і ўспаміны былі зусім розныя. Многія ўзгадваюць прыход Саветаў у верасні 1939 года, мясцовых яўрэяў, ці жыдоў, як тады казалі. Гэта зараз для нас гэта дрэннае слова, тады ў 30‑я гады ХХ стагоддзя так называлі яўрэяў і ніхто не абражаўся. У кнізе будзе і пра яўрэяў, якія складалі палову насельніцтва міжваеннага Гродна: як з імі сябравалі, хадзілі ў іх крамы альбо наадварот пра пагромы і бойкі. Былі такія людзі, што ўдзельнічалі ў гэтых пагромах. Асабліва цікавыя ўспаміны ў кнізе звязаныя з перыядам нямецкай акупацыі, калі немцы стваралі гета, а мясцовыя яўрэі спрабавалі схавацца ў знаёмых альбо сяброў. Адзін рэспандэнт распавёў гісторыю, як гродзенцы трымалі адну яўрэйскую сям’ю да 45-га ці нават 46-га года, бо яны плацілі за кожны месяц золатам.

    — Кампанія па збору сродкаў на выданне кнігі ўжо пачалася, распавядзіце, калі ласка, якія людзі замаўляюць вашу кнігу?

    — Гэта, мабыць, людзі сярэдняга ўзросту, але вялікую цікавасць да кнігі выказваюць менавіта маладыя гарадзенцы. Я актыўны ў сацыяльных сетках і там паказваю, якім Гродна быў у 30‑я гады: і здымкі розныя, і відэаўспаміны. Моладзі гэта цікава, яны жадаюць больш пра гэта ўсё даведацца. Але не ва ўсіх ёсць карткі, і людзі жадаюць кудысьці прыйсці ды іншым спосабам набыць гэтую кнігу.

    Руслан Кулевіч зараз распачаў працу над другой часткай кнігі ўспамінаў пра Гродна 30–40‑х ХХ стагоддзя. А першая кніга з’явіцца ўжо напрыканцы снежня. Журналіст упэўнены, што праз збор на пляцоўцы ulej.by ён здолее сабраць усю суму цягам некалькі тыдняў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці