• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналіста «Еўрарадыё» Тарналіцкага дадалі ў базу «Міратворац»

    У спісе «Міратворац», у які людзей дадаюць за дзеянні супраць бяспекі Украіны, з’явілася імя журналіста «Еўрарадыё» Тараса Тарналіцкага.

    Тарас Тарналіцкі партрэт

    Тарас Тарналіцкі. Фота: Дзяніс Васількоў

    Аўтары сайта абвінавачваюць Тарналіцкага ва ўдзеле ў актах гуманітарнай агрэсіі супраць Украіны, перашкодах дзейнасці ўкраінскай арміі і ў тым, што ён нібыта асэнсавана спрабаваў падарваць абароназдольнасць Украіны дзеля ўласнай фінансавай выгады.

    Беларуса дадалі ў спіс за інтэрв’ю з Віталем Крыкрывенкам — украінцам, які летам 2026 года перайшоў яшчэ з двума мужчынамі ўкраінска-беларускую мяжу, каб не трапіць пад мабілізацыю ва ўкраінскую армію. Пазней Крыкрывенка патрапіў у Еўрасаюз.

    Тарналіцкі зрабіў з Віталем гутарку, у якой запытаў яго пра камунікацыю з беларускімі сілавікамі і стаўленне да ўладаў Беларусі, небяспеку для ўкраінцаў у Беларусі і тое, наколькі ўкраінска-беларуская мяжа зручная для тых, хто ўцякае ад мабілізацыі ва ўкраінскую армію. Аўтары «Міратворца» звярнулі ўвагу на апошняе пытанне ды на тое, што «Еўрарадыё» вынесла ў загаловак артыкула ідэю пра меркаваную прывабнасць той мяжы для ўхілянтаў.

    Стваральнікі «Міратворца лічаць, што праз такую падачу артыкул папулярызуе маршрут уцёкаў з Украіны праз Беларусь. Таксама аўтары спісу пішуць, што ў артыкуле няма крытычнай прававой ацэнкі ўцёкаў Крыкрывенкі — на іх думку, гэта таксама папулярызуе ідэю ўцёкаў ад мабілізацыі.

    Тарналіцкі — не першы журналіст «Еўрарадыё», які трапіў у базу «Міратворца». У чэрвені там з’явілася імя Яўгена Казарцава, кіраўніка выдання, які з 2015 па 2020 гады працаваў на расійскім дзяржаўным рэсурсе «Спутнік».

    Казарцаву праз ягоную працу на «Спутніку» закідалі «ўдзел у актах гуманітарнай агрэсіі супраць Украіны», распаўсюд расійскай прапаганды і маніпуляванне грамадска значнай інфармацыяй у інтарэсах Крамля. Але ж цяпер яго картку на «Міратворцы» не знойдзеш — яшчэ ў ліпені Яўгена выдалілі са спісу, патлумачыўшы гэта тым, што ён трапіў туды памылкова.

    Тарас Тарналіцкі найбольш вядомы як кінакрытык. Ён на пастаяннай аснове супрацоўнічае з «Еўрарадыё» і Budzma.org, але за гады кар’еры пісаў і для дзясяткаў іншых медыя — у тым ліку і для таго ж «Спутніка».

    Сваё з’яўленне ў базе «Міратворца» Тарналіцкі не каментуе.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.