«Тэндэнцыйная прэса» і «цэнтры інфармацыйна-псіхалагічных спецыяльных аперацый»: глядзім гучныя заявы былога міністра інфармацыі
Намеснік кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, былы міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў 14 жніўня выступіў на сустрэчы з ідэалагічным актывам Мінскай вобласці. У сваёй прамове ён зрабіў шэраг беспрэцэдэнтных заяў.

Намеснік кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Уладзімір Пярцоў на сустрэчы з ідэалагічным актывам Мінскай вобласці. 14 жніўня 2024 года. Фота: https://t.me/mininform
Пра абмежаванне доступу да «дэструктыўных» рэсурсаў
«За мінулы год Міністэрства інфармацыі абмежавала доступ да 3388 дэструктыўных рэсурсаў», — паведаміў Уладзімір Пярцоў, назваўшы гэта «плюсам» у ідэалагічнай рабоце.
Падкрэсліўшы, што некаторыя з заблакаваных у Беларусі інтэрнэт-рэсурсаў — «гэта і продаж наркотыкаў, і парнаграфія», ён адмысловым чынам ахарактарызаваў астатнюю частку.
Былы міністр адзначыў, што ў шэрагу заблакаваных апынуліся і «рэсурсы, якія рэкрутуюць і расказваюць пра розныя экстрэмісцкія фарміраванні», і «прапагандысцкія дэструктыўныя экстрэмісцкія рэсурсы». А таксама «медыяпадобныя» інтэрнэт-рэсурсы, да якіх Пярцоў адносіць аўтарскія каналы і старонкі блогераў. Паводле ягонага вызначэння, «так званыя аўтары» займаюцца тым, што «мімікіруюць пад журналістыку і выконваюць сваю функцыю ўздзеяння на лаяльныя колы нашай аўдыторыі, на тых, хто не вызначыўся, або тых, хто думае крыху інакш».
Пра «тэндэнцыйную прэсу» і «цэнтры інфармацыйна-псіхалагічных спецыяльных аперацый»
Паводле Уладзіміра Пярцова, беларускія СМІ «маюць негатыўны досвед 2020 года». Але цяпер займелі «пазітыўны досвед выбудоўвання новай інфармацыйнай і ідэалагічнай парадыгмы на сваёй тэрыторыі». І тым не менш, ён заклікаў ідэалагічных работнікаў і супрацоўнікаў дзяржаўных СМІ быць пільнымі. Маўляў, «калі мы недзе праспім, то ўсе нашы вакуумы будуць імгненна запоўненыя тымі людзьмі, якіх ужо нельга назваць альтэрнатыўнай журналістыкай».

Уладзімір Пярцоў у бытнасць сваю міністрам інфармацыі ў рэдакцыі «Івацэвіцкага весніка». Фота: тг-канал Мінінфарма
Намеснік кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі называе інфармацыйныя рэсурсы, якія не падзяляюць дзяржаўную ідэалогію, «тэндэнцыйнай прэсай». І нават прадстаўнікамі «цэнтраў інфармацыйна-псіхалагічных спецыяльных аперацый, якія маюць пэўныя мэты ў інтарэсах дзяржаў і спецыяльных службаў, на чыім утрыманні яны знаходзяцца».
Пра супрацьстаянне «эфектыўнай высокатэхналагічнай машыне»
Выступаючы перад ідэолагамі Міншчыны, Уладзімір Пярцоў ускосна падкрэсліў значнасць іхнай дзейнасці. Маўляў, ім даводзіцца супрацьстаяць «тэхналагічным гігантам з недружалюбных дзяржаў, якія кіруюцца карпарацыямі і людзьмі, што пераследуюць глабальныя, у тым ліку геапалітычныя і эканамічныя мэты ў цэлым у дачыненні калектыўнага Усходу, не толькі нашай краіны».
Лічбавыя магчымасці для ўсіх «недружалюбных» структур — гэта «інструмент па данясенні сваіх геапалітычных стратэгічных мэтаў», сказаў Пярцоў. І заклікаў прысутных свядома ставіцца да правілаў інфармацыйнай гігіены, засцерагацца, каб не стаць ахвярай дэзінфармацыі, і распавядаць слухачам падчас гутарак у працоўных калектывах пра «рызыкі, магчымасці і небяспеку інтэрнэту».
Пра працу на «не нашых» платформах і з дапамогай «медыяпадобных структур»
Былы міністр інфармацыі чарговы раз выказаў ужо далёка не новую ідэю ісці ўслед за чытачамі, гледачамі і слухачамі «ў мабільныя прылады, інтэрнэт, месенджары». І адлюстроўваць там «аб’ектыўную рэальнасць падзей, якія адбываюцца ў нашай краіне». Але наказаў не забываць, што «гэтыя платформы шмат у чым не нашыя і належаць далёка недружалюбным краінам і карпарацыям».
І «калі з іхнага боку будуць нейкія адкрыта недружалюбныя дзеянні, то мы гатовыя ў тым ліку прымаць дастаткова рэзкія і смелыя рашэнні», заявіў Уладзімір Пярцоў.
Але пакуль, на ягоную думку, работнікі ідэалагічнага сектара, «дастаткова эфектыўна адаптуюцца». Хаця ім трэба і далей вучыцца выкарыстоўваць «тэхналагічныя і творчыя моманты, якія прынеслі інтэрнэт-медыі — хуткасць, падыход, сцісласць, яркасць напісання». А таксама трэба даносіць патрэбную інфармацыю праз блогераў, якія маюць вялікую аўдыторыю падпісчыкаў. Гэта значыць, пра тыя самыя «медыяпадобныя» структуры, наяўнасць якіх у сваіх ідэйных апанентаў намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі рашуча асуджае.
Хто такі Уладзімір Пярцоў?
Уладзімір Пярцоў нарадзіўся ў Віцебску ў 1974 годзе. Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Уладзімір Пярцоў. Фота: «Мінская праўда»
У 1990‑я праводзіў дыскатэкі, быў сярод стваральнікаў радыёстанцыі «Віцебск». Непрацяглы час працаваў у Расіі, але пасля вярнуўся ў Беларусь. Спрабаваў сябе ў Мінску ў якасці тэлевядоўцы, але кар’ера не пайшла. Самым працяглым этапам у дзейнасці Пярцова на тэлебачанні стала дзесяцігадовая праца ў якасці дырэктара тэлеканала «Мир» в Беларусі. Гэтую пасаду ён займаў з 2010 па 2021 год, атрымаўшы яе неяк адразу пасля шлюбу.
Ягонай жонкай стала тэлевядоўца Юлія Радзькова, дачка Аляксандра Радзькова — былога міністра адукацыі, які якраз у 2010 годзе стаў намеснікам кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі, а ў 2015 быў прызначаны памочнікам прэзідэнта.
Пасаду міністра інфармацыі Беларусі Уладзімір Пярцоў займаў тры гады — з красавіка 2021 года. Менавіта пры ім адбыўся поўны разгром незалежных медыяў — былі закрытыя Tut.by, «Наша Ніва», БелаПАН і іншыя СМІ. Быў «нармалізаваны» Onliner.
Адначасова з прызначэннем Пярцова на пасаду міністра інфармацыі пайшоў на павышэнне яго папярэднік Ігар Луцкі, які стаў намеснікам па ідэалогіі кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. У красавіку 2024 года гісторыя паўтарылася: з міністэрскага крэсла Уладзімір Пярцоў трапіў у адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі, дзе быў прызначаны намеснікам, адказным за ідэалагічную працу.
