• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Трымайся праўды!

    Мінулым тыднем на Радыё «Свабода» адбылася дыскусыя вакол пытаньня, сфармуляванага спадарыняй Літвіной: «Чаму грамадзтва не рэагуе на абмежаваньне свабоды слова?».

    Але каб лепей «убачыць» праблему, варта ўсё ж крыху перафармуляваць яго: а што, уласна кажучы, прымушае людзей не рэагаваць на абмежаваньні свабоды слова ў краіне, ігнараваць праблемы незалежных мэдыяў і, тым больш, — акцыі апазыцыі, ды не зьвяртаць увагі на тыя жахлівыя прысуды, якія ўдзельнікам гэтых акцый выносяцца? Прычым «ігнараваць» у беларускай сытуацыі азначае ня толькі «ня ведаць», але і «наўмысна не цікавіцца» гэтымі «небясьпечнымі» тэмамі.

    Іншы варыянт — гэта калі ты ведаеш, цікавішся і падтрымліваеш. Але і пры такім раскладзе лепей маўчаць. Бо маўчаньне, насамрэч, — адно з самых важных правілаў гульні, навязанай уладай. Правілы гэтыя надзвычай простыя і ўсім добра вядомыя. А таму нагадаю толькі некаторыя зь іх. 

    Калі вы, напрыклад, наёмны працаўнік і цікавіцеся апазыцыйнай дзейнасьцю, дык наступны раз вам могуць не працягнуць кантракту. Калі вы студэнт, то за ўдзел у апазыцыйнай акцыі вас могуць выключыць з унівэрсітэту. Калі ж вы — сярод маніфэстантаў, то вас могуць вельмі проста арыштаваць, таму што вы альбо «хадзілі з грамафонам» па вуліцы, альбо «чапляліся да мінакоў і спрабавалі ўсчыніць бойку», альбо «брыдкасловілі». Пры затрыманьні вы, вядома ж, аказалі супраціў і нават спрабавалі сарваць пагоны афіцэру міліцыі (нечуваная дзёрзкасьць). Калі ж вы яшчэ верыце ў справядлівы суд, то вам прадэманструюць, што вы глыбока памыляецеся. Суд давярае паказаньням толькі міліцыянтаў.

    Ну, і нарэшце, такі варыянт: вы ня будзеце ўдзельнічаць у акцыях апазыцыі, ня будзеце брыдкасловіць і гэтак далей «ня будзеце», але ўсё ж наважыцеся і паспрабуеце ў пісьмовай форме выкласьці вашыя крытычныя меркаваньні датычна палітычнага ладу ў краіне ці выбарнай сістэмы дый пашлеце свой допіс у газэту — напрыклад, «Народная воля». А там возьмуць ды й надрукуюць яго. Могуць быць сур’ёзныя наступствы.

    А што зьдіўляцца? Зараз такія часы, што, калі ты незалежны журналіст, то можаш ня толькі ў пастарунак, але і ў «псыхушку» патрапіць. Ці, прынамсі, вашым псыхічным здароў’ем могуць зацікавіцца кампэтэнтныя (немэдычныя) органы.

    Так што лепей падпісацца на «Советскую Белоруссию» і спаць спакойна. Бо калі падпісаўся, то ясна, што засьведчыў сваю лаяльнасьць і сёньняшняму палітычнаму рэжыму, і ўсім тым асабам, якія яго рэпрэзэнтуюць. А калі ты яшчэ якую зацемку «ўціснуў» у «СБ» ці даў інтэрвію, дык твае справы ўвогуле пайшлі ўгару… Вось такія тонкія правілы.

    А са свабодай слова як быць? Ды ніяк: папросту — трымайся праўды!

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці