• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У фрылансера Дзмітрыя Лупача ўжо другі штраф па артыкуле 22.9 КаАП

    40 базавых велічынь (980 рублёў) штрафу атрымаў журналіст з Глыбокага Зміцер Лупач за супрацу з незалежным тэлеканалам “Белсат”.

    Журналіста зноў судзіў суддзя Докшыцкага райсуда Вячаслаў Елісеенка па частцы 2 артыкула 22.9 КаАП — за супрацу з тэлеканалам  без акрэдытацыі.

    Паводле Змітра Лупача, нават у дзень суда дзяжурны міліцыянт спрабаваў яму перашкодзіць здымаць будынак докшыцкага суда, патрабуючы журналісцкае пасведчанне. Але ўсё вырашылася ў кабінеце старшыні суда Аляксандра Ульскага, які паведаміў міліцыянту, што звонку будынак здымаць можна і ён не мае права забараняць гэта рабіць.

    Разгляд справы журналіста праходзіў  з удзелам толькі аднаго сведкі з Крулеўшчыны Аляксандра Крупскага, які пажадаў сам прысутнічаць на працэсе. Па яго словах, перад судом участковы міліцыянт прапаноўваў сведкам напісаць заявы аб разглядзе справы без іх удзелу. Толькі ён адзін з пяці сведак адмовіўся гэта рабіць і прыехаў на суд сказаць праўду і  падтрымаць журналіста.

    Аляксандр Крупскі ў судзе запытаўся, чаму судзяць незалежнага журналіста за праўду, а дзяржаўнага, які напісаў хлусню, паводле яго слоў, пра аграгарадок (артыкул па замове старшыні сельскага савета ў выданні “Сельская газета”), ніхто да адказнасці не прыцягвае. Як сцвярджаў Аляксандр, журналіст з дзяржаўнага выдання, у адрозненне ад Змітра Лупача, нават не прыехаў у аграгарадок, каб паразмаўляць з людзьмі. Канешне ж, адказу ён не атрымаў.

    Як кажа Аляксандр Крупскі, у нашай краіне нельга казаць і паказваць праўду, каб народ менш ведаў, што адбываецца на самой справе ў краіне.

    • На самой справе пасёлак развальваецца: дарогі дрэнныя, хаты недагледжаныя, каля былога цаглянага завода, які неабгароджаны, небяспечна хадзіць.

    На пытанне: ці запалохала яго міліцыя ды гэты суд і ці будзе ён зноў размаўляць з журналістамі наконт якіх-небудзь праблем, Аляксандр адказаў, што ён заўжды казаў праўду і будзе прытрымлівацца яе і надалей.

    Паводле Змітра Лупача, на судзе яму зноў ставілася ў абвінавачванне тое, што ён узяў інтэрв’ю, зрабіў сюжэт  і размясціў яго ў сетцы інтэрнет.

    • І колькі не даказвай у судзе, што гэта не можа рабіць адзін чалавек, суды да ўвагі тлумачэнні не прымаюць. Таму ў докшыцкім судзе я зноў адмовіўся даваць паказанні па сваёй справе, спаслаўшыся на артыкул 27 Канстытуцыі Беларусі.

    Як заўважае журналіст, справы ў судах супраць незалежных журналістаў разглядаюцца фармальна. Пішуцца фармулёўкі “вырабіў” і “размясціў”:

    • Нават па гэтым сюжэце было відаць, што агучана не маім голасам, іншы чалавек чытае. Відаць, што гэта праца не аднаго чалавека. Яшчэ мяне абурыла, што зачытваліся паказанні сведкі – старшыні сельсавета Алены Таляронак, дзе яна давяла, што я, не маючы акрэдытацыі, размясціў сюжэт на тэлеканале “Белсат”, чым парушыў заканадаўства. Але яна ж не высветліла, ёсць у мяне акрэдытацыя ці няма.  Відаць, што гэта напісана ўчастковым. І прызнаць мяне вінаватым можа толькі суд, нават па беларускіх законах, а не старшыня сельскага савета ў сваіх паказаннях.

    Паводле Змітра Лупача, ён сваёй віны не прызнае і будзе далей адстойваць свае правы, гарантаваныя Канстытуцыяйі Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.

    Дарэчы, 31 студзеня  адначасова прайшлі яшчэ суды над Змітром Лупачам і Таццянай Смоткінай у Віцебску. Там разглядаліся дзве касацыйныя скаргі Змітра на пастановы судоў Докшыцкага і Пастаўскага раёнаў. А таксама касацыйная скарга Таццяны Смоткінай на пастанову Докшыцкага суда.

    Суддзі Віцебскага абласнога суда Святлана Іванова і Ірына Смалякова пакінулі іх без задавальнення.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці