• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Магілёве для раённых СМІ правялі семінар пра «інфармацыйныя выклікі» — на фоне крызісу рэгіянальнай прэсы

    У Магілёўскім аблвыканкаме сабралі рэдактараў раённых газет і ідэолагаў, каб абмеркаваць працу СМІ ва ўмовах «інфармацыйнай вайны».

    Сустрэча прадстаўнікоў раённых медыя Магілёўшчыны

    Сустрэча прадстаўнікоў раённых медыя Магілёўшчыны ў аблвыканкаме. Фота: Галіна Гаўрыловіч

    Афіцыйная мэта — адаптацыя да новых інфармацыйных рэалій

    У Магілёве адбыўся семінар-практыкум для галоўных рэдактараў раённых газет, прадстаўнікоў ідэалагічных аддзелаў і мясцовых чыноўнікаў, прысвечаны «актуальным пытанням арганізацыі працы СМІ». Паводле афіцыйнай версіі, галоўнай мэтай сустрэчы стала павышэнне прафесійнага ўзроўню рэгіянальных медыя ва ўмовах сучасных інфармацыйных выклікаў.

    На адкрыцці прадстаўніца аблвыканкама Вераніка Вільчык заявіла пра важнасць «праўдзівай і дакладнай інфармацыі», неабходнасць гібкасці рэдакцый і аператыўнага рэагавання на грамадска значныя падзеі.

    Указ №630 і хуткае рэагаванне на нязручныя тэмы

    Асобны блок быў прысвечаны абноўленым нормам указа №630 аб рэагаванні на грамадска значную інфармацыю. Афіцыйна — гэта пра аператыўнасць і адказнасць. Аднак падобныя механізмы таксама ўзмацняюць магчымасці дзяржаўных СМІ хутка фармаваць патрэбны парадак дня вакол рэзанансных тэм, якія ўзнікаюць у незалежных медыя або сацыяльных сетках.

    На практыцы гэта можа азначаць не толькі інфармаванне, але і больш сістэмную працу па нейтралізацыі нязручных сюжэтаў, заўважыла Магілёў.медыя.

    Сустрэча прадстаўнікоў раённых медыя Магілёўшчыны

    Сустрэча прадстаўнікоў раённых медыя Магілёўшчыны ў аблвыканкаме. Фота: Галіна Гаўрыловіч

    Кадравы крызіс у «раёнках»

    Падчас семінара таксама прагучала праблема кадравага забеспячэння: моладзь неахвотна ідзе працаваць у раённыя газеты, а супрацоўнікі старэйшага пакалення паступова сыходзяць.

    Гэта сведчыць пра больш глыбокі крызіс: дзяржаўная раённая прэса часта прайграе не толькі ў тэхналогіях, але і ў здольнасці быць актуальнай для новай аўдыторыі. На фоне падзення накладаў і развіцця сацсетак старая мадэль інфармацыйнай працы выглядае ўсё менш эфектыўнай.

    Галоўная праблема — не толькі лічбавыя платформы, але і давер аўдыторыі

    Жыхары рэгіёнаў і без афіцыйных выданняў ведаюць пра мясцовыя праблемы — эканамічныя цяжкасці прадпрыемстваў, экалагічныя рызыкі, адток моладзі, сацыяльныя праблемы.

    Менавіта таму галоўнае выпрабаванне для раённых СМІ — не толькі Tik­Tok, Telegram або іншы інтэрнэт-кантэнт, а давер аўдыторыі. Калі дзяржаўныя медыя часта абмяжоўваюцца афіцыйнымі рэлізамі і агульнымі фармулёўкамі, гэта стварае разрыў паміж рэальнасцю, якую бачаць людзі, і яе афіцыйным апісаннем.

    Сустрэча прадстаўнікоў раённых медыя Магілёўшчыны ў аблвыканкаме. Фота: Галіна Гаўрыловіч

    Яшчэ раней, у 2023 годзе прадстаўнікі беларускай улады прызнавалі, што раённыя газеты адстаюць у сучасных фарматах, дызайне і працы ў інтэрнэце. Аднак замест маштабнага абнаўлення акцэнт, як выглядае, па-ранейшаму робіцца на ідэалагічнай устойлівасці і супрацьдзеянні «маніпуляцыям».

    Праз гэта падобныя семінары выглядаюць не толькі як спроба павысіць прафесіяналізм, але і як працяг палітыкі, у якой рэгіянальныя дзяржаўныя медыя застаюцца перадусім часткай дзяржаўнай прапаганды.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.