Беларуская рэжысёрка здымае для Малдовы серыял пра сталінскія рэпрэсіі
Беларуская каманда разам з малдаўскімі калегамі працуе над дакументальна-ігравымі фільмамі, якія прысвечаны сталінскім рэпрэсіям 1937 года. Як распавяла на сваёй старонцы ў Facebook гомельская журналістка Марыя Булавінская, яна на тамтэйшым праекце выступае ў якасці рэжысёркі і сцэнарысткі.

Кадр з праекта пра сталінскія рэпрэсіі. Фота са старонкі ў Facebook Марыі Булавінскай
Серыя дакументальна-ігравых фільмаў распавядзе, як у Малдаўскай аўтаномнай савецкай сацыялістычнай рэспубліцы рэпрэсавалі чыноўнікаў, а таксама супрацоўнікаў НКВД, якія самі ўдзельнічалі ў рэпрэсіях. Па словах спадарыні Булавінскай, гэты праект стаў магчымы дзякуючы таму, што ў Малдове былі рассакрэчаныя архівы КДБ.
«Чаму беларусы працуюць над гэтым праектам? Ну а хто лепей, чым не беларусы, разбіраюцца ў рэпрэсіях?», — жартуе Марыя.
З беларусаў над серыялам таксама працуюць мастак Street Wind, саўнд-дызайнерка Анастасія Пяцэвіч, а таксама адзін з акцёраў. Рэжысёрка гаворыць, што ў працэсе стварэння стужкі бачыць шмат аналогій з айчыннай гісторыяй.

Кадр з праекта пра сталінскія рэпрэсіі. Фота са старонкі ў Facebook Марыі Булавінскай
Спадарыня Булавінская спадзяецца, што неўзабаве гэты фільм можна будзе прэзентаваць і беларускаму гледачу.
Хто такая Марыя Булавінская?
Марыя Булавінская — рэжысёрка, журналістка, гісторык. Аўтарка шматлікіх дакументальных стужак, пераможца творчага конкурсу БАЖ «Вольнае слова» ў намінацыі «Мастацка-публіцыстычныя жанры» за фільм «Над сістэмай».
Гамяльчанка вымушана з’ехала з Беларусі ў 2020 годзе. Яна выправілася ва Украіну, дзе скончыла кінашколу. У 2022 годзе, пасля пачатку поўнамаштабнага ваеннага ўварвання Расіі ва Украіну, з’ехала ў адну з еўрапейскіх краін.
У 2024 годзе Марыя зняла пад Варшавай дакументальны фільм «Выжыў пасля расстрэлу. Лес». Гэта стужка пра рэпрэсіі 1930‑х гадоў на Гомельшчыне і раскопкі, якія цяпер вядуцца пад Гомелем на месцы масавых расстрэлаў 1930‑х гадоў. Стужка была зробленая на падставе архіўных відэа, знятых яшчэ ў Беларусі.

Марыя Булавінская. Фота з асабістага архіва
Карціна атрымала міжнароднае прызнанне: яе найлепшым гістарычным фільмам на Berlin Indie Film Festival, прызначылі прэмію на міжнародным фестывалі International Golden Saffron Documentary Film Festival у Турцыі, уклчылі ў конкурсныя праграмы фестываляў у Італіі, Вялікабрытаніі і іншых краінах.
У Беларусі ж генеральная пракуратура краіны, а таксама шэраг праўладных прапагандысцкіх выданняў абвінавацілі аўтараў стужкі ў адмаўленні генацыда беларускага народа.
@bajmedia