• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Менску зьніклі фатограф агенцтва «Россия сегодня» і галоўны рэдактар «Нашай Нівы». Пацярпелі некалькі журналістаў

    10 жніўня ў Менску зьнік фотакарэспандэнт міжнароднага інфармацыйнага агенцтва «Россия сегодня» Ільля Піталёў. У ноч з 10 на 11 жніўня галоўны рэдактар выданьня «Наша Ніва» Ягор Марціновіч даслаў SOS-смс, гэта значыць, што ён затрыманы. За два дні пратэстаў у Беларусі былі затрыманыя і пацярпелі некалькі журналістаў, піша Tut.by.

    Як паведамляе «РИА Новости», Ільля Піталёў перастаў выходзіць на сувязь каля 6‑й вечара 10 жніўня, у гэты час ён разам з калегамі быў у раёне гатэлю «Беларусь», Надалей зьвязацца зь ім не ўдавалася, паведамляе агенцтва. У бальніцу хуткай мэдыцынскай дапамогі, куды прывозяць пацярпелых падчас масавых акцый у Менску, Піталёў не паступаў, паведамілі «РИА Новости» ў мэдустанове. Пра здарэньне праінфармавалі расейскую амбасаду.

    Каля 2‑й гадзіны ночы 11 жніўня ў Менску зьнік галоўны рэдактар выданьня «Наша Ніва» Ягор Марціновіч. Як паведаміў телеграм-канал выданьня, Марціновіч пасьпеў даслаць SOS-смс, гэта значыць, што ён затрыманы. «Мы ведаем, ён вяртаўся дадому на сваёй машыне пасьля асьвятленьня вулічных падзей», — піша рэдакцыя.

    Пазьней ён даслаў яшчэ адно паведамленьне: што знаходзіцца ці то ў ЦІП, ці то ў Партызанскім РУУС, ня можа вызначыць па мясцовасьці. «Наша Ніва» зьвярнулася да прэс-сакратаркі МУС Вольгі Чамаданавай, яна паабяцала перадаць інфармацыю пра затрыманьне Марціновіча ў тры месцы, куды звозілі затрыманых учора. Прайшло 7 гадзін пасьля затрыманьня, але інфармацыі ад яго па-ранейшаму няма, напісала «НН» у 9.25 раніцы.

    За два дні вулічных пратэстаў у Беларусі пацярпелі ад дзеяньняў сілавікоў некалькі журналістаў.

    Увечары 10 жніўня ў раёне Кальварыйскай была параненая журналістка выданьня «Наша Ніва» Натальля Лубнеўская.

    Падчас разгону пратэстаў затрымалі журналістак тэлеканалу «Белсат» Алёну Шчэрбінскую і Тацьцяну Белашову.

    У Бабруйску 10 жніўня затрымалі журналіста Алеся Чыгіра і яго жонку Дануту, а таксама журналістаў Марыну Малчанаву і Віктара Масаловіча з «Бабруйскага кур’ера», у Берасьці — журналістаў Мілану Харытонаву і Алеся Леўчука.

    Уначы стралялі ў фотакарэспандэнта Get­ty Images Міхала Фрыдмана. Куля трапіла ў акрэдытацыю, з журналістам усё ў парадку.

    Беларуская асацыяцыя журналістаў паведамляе, што ў раёне Кальварыйскай вуліцы быў затрыманы рэжысэр-дакумэнталіст Максім Швед. Ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня на вуліцы Акрэсьціна.

    Напярэдадні стала вядома, што падчас разгону пратэстаў пацярпеў журналіст «Медузы» Максім Солапаў. Затрымалі карэспандэнтаў Dai­ly Storm Антона Старкова і Дзьмітрыя Ласенка, разам зь імі ў аўтазаку апынуўся стваральнік праекту War­Gonzo Сямён Пегаў. Пазьней іх траіх вызвалілі.

    Як стала вядома Tut.by, Сямён Пегаў знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсьціна ў Менску. Дзьмітрыя Ласенку і Антона Старкова вызвалілі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці