• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Мінску развіталіся з Аляксеем Каралём

    На грамадзянскую паніхіду, якая адбылася 25 верасня з 14.00 да 15.30 у мінскім Палацы мастацтваў, прыйшлі дзясяткі калег, сяброў, паплечнікаў Аляксея Сцяпанавіча.

    Акрамя кветак і вянкоў, кожны ахвотны мог пакінуць запіс у “Кнізе памяці”, а таксама прамовіць тое, чаго не паспеў сказаць спадару Аляксею пры жыцці.    

    Аляксандр Старыкевіч, галоўны рэдактар Салідарнасці:

    – Мы не развітваемся з Аляксеем Каралём. З намі назаўсёды застанецца зробленае ім – спадчына Караля… Спадар Аляксей быў не проста галоўным рэдактарам, не проста журналістам. Ён – з таго пакалення, пра якое кажуць – “сумленне нацыі”. Сёння гэтага сумлення стала менш. Але, як напісаў Ігар Мельнікаў у “Новым часе”, “адным анёлам на нябёсах стала больш”.

    Жанна Літвіна, экс-старшыня ГА “БАЖ”:

    – Ёсць у нашым жыцці людзі, не абцяжараныя ўладай, нейкімі высокімі выбарнымі пасадамі, але якіх заўсёды адчуваеш, разумееш і вельмі цэніш. Гэта маральныя аўтарытэты. Для кіраўніцтва БАЖ Аляксей Кароль быў якраз маральным аўтарытэтам. Усё яго жыццё ў журналістыцы было дэманстрацыяй у добрым сэнсе слова ўпартасці, цвёрдасці, мужнасці… Я вельмі рада, што Таццяна Мельнічук паспела зрабіць матэрыял з Аляксеем Сцяпанавічам. Мяне закранула цытата: “Самае яркае, самае выбітнае, што было ў маім жыцці, – гэта свабода самарэалізацыі, асалода свабоды слова. Я яе адчуваю фізічна…” А яшчэ ўразіла тое, як ён любіў свой калектыў і спрыяў росквіту талентаў у ім. І казаў, што ў рэдакцыі ў яго няма наймітаў, а ўсе – блізкія людзі і аднадумцы…

    Уладзімір Арлоў, пісьменнік:

    – Сыход Аляксея – гэта цяжкая страта для ўсёй нашай краіны, для ўсёй нацыі, бо Аляксей заўсёды мысліў агульнанацыянальнымі катэгорыямі і ў адпаведнасці з гэтым будаваў сваё жыццё. Ён быў не толькі рэдактарам, палітолагам, вучоным. Ён не проста адчуваў і даследаваў гісторыю з яе непрадказальнасцю, парадаксальнасцю, іроніяй. Ён быў сярод тых, хто сваімі ўчынкамі ствараў гісторыю, ствараў плоць нашага найноўнашага часу…

    Кажуць – пра мёртвых альбо добра, альбо нічога: “Aut bene aut nihil”. Менш вядомае іншае лацінскае выслоўе: “Aut bene aut ver­i­tas”, “Альбо добра, альбо праўду”. Таго, з кім мы развітваемся сёння, не трэба ідэалізаваць. Усё добрае, што мы кажам пра Аляксея Караля, і ёсць святой праўдай.

    Як найлепш ўшанаваць памяць нашых мёртвых? Відаць, толькі паўнатою свайго ўласнага жыцця і працягам іх справаў. Няхай так і станецца.  

    Аксана Колб, в.а. галоўнага рэдактара газеты «Новы час»:

    – Ён кожнаму з нас дапамог – альбо справай, альбо парадай. Для кожнага з нас знаходзіў словы. А ў нас зараз словаў не знаходзіцца… Адзінае, што магу сказаць, – мы пастараемся працягнуць справу яго жыцця. Мы будзем выдаваць “Новы час” да той пары, пакуль у нас хопіць моцы, а ў нашых чытачоў – жадання нас чытаць…

    Аляксея Караля пахаваюць 25 верасня на Паўночных могілках Мінска.

     

    Пайшоў з жыцця Аляксей Кароль

    Справядлівы Кароль

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці