У Пінску пачалі судзіць Яўгена Нікалаевіча, які ў 2020 годзе асвятляў пратэсты пасля выбараў
У судзе горада Пінска і Пінскага раёна на 26 верасня прызначаны разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да журналіста Яўгена Нікалаевіча. Яго абвінавачваюць паводле часткі 1 артыкула 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).
Разглядаць справу будзе суддзя Яўгенія Мельнік. Пачатак суда а 14.30.
Яўген Нікалаевіч у 2020 годзе працаваў на рэгіянальнае анлайн-выданне «Медиа-Полесье» ў якасці відэакарэспандэнта. Ён атрымаў рэдакцыйнае заданне асвятляць падзеі ў горадзе пасля абвяшчэння вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. У той час у Пінску распачыналіся пратэсты, бо мясцовыя жыхары былі абураныя фальсіфікацыямі падчас галасавання і гвалтам з боку сілавікоў.
Падчас выкананння прафесійных абавязкаў 10 жніўня 2020 года Яўген Нікалаевіч быў затрыманы. Двое сутак рэдакцыя «Медиа-Полесье» шукала свайго супрацоўніка, але ў пінскай міліцыі звестак пра месцазнаходжанне Яўгена Нікалаевіча не давалі.
Толькі ад аднаго з затрыманых, які выйшаў на волю, у рэдакцыі даведаліся, што Яўгена Нікалаевіча адправілі спачатку ў ізалятар часовага ўтрымання, а пасля перавезлі ў штрафны ізалятар папраўчай калоніі ў Івацэвічах.
Калі журналіст выйшаў на волю, ён працягнуў прафесійную дзейнасць. Напрыканцы жніўня быў ізноў затрыманы падчас асвятлення мірнай вулічнай акцыі і пакараны адміністрацыйным арыштам. У лістападзе 2020 года Яўгена Нікалаевіча выклікалі ў Пінскі ГАУС для дачы тлумачэнняў па крымінальнай справе аб знявазе мясцовага суддзі Бычылы. Як распавёў пазней Яўген, пасля гутаркі са следчым, у якога, выглядала, падазрэнні наконт датычнасці журналіста да злачынства зніклі, яго затрымалі адбываць адміністрацыйны арышт, што быў прызначаны раней.
Пасля адбыцця арышту Яўген Нікалаевіч з’ехаў з Беларусі і за мяжой працаваў у сферы, не звязанай з журналістыкай.
На пачатку 2024 года ён вырашыў вярнуцца дадому, паспадзяваўшыся на абяцаную лаяльнасць уладаў, але быў затрыманы.
Калі дакладна Яўген Нікалаевіч прыехаў у Беларусі і дзе адбылося затрыманне — звестак пакуль няма.