• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Віцебску прайшоў перадвыбарчы пікет на знак салідарнасці з “Хартыяй’97”, “Белсатам” і журналістам-земляком Змітром Лупачам

    Ідэю падтрымаць заблакіраваны сайт і тэлеканал, журналістаў якога перыядычна штрафуюць за прафесійную дзейнасць, увасобілі кандыдаты — прыхільнікі аргкамітэта БХД.  Выказаць салідарнасць са Змітром Лупачам, якога двойчы пакаралі штрафам толькі з пачатку гэтага года, прапанавалі віцебскія БАЖаўцы.

    “Менавіта глыбоцкія журналісты апошнім часам патрапляюць пад адміністрацыйны пераслед. Таццяну Смоткіну аштрафавалі летась на 1 265 рублёў, а ў Змітра Лупача сума штрафаў была ў два разы большая. І ўжо сёлета яго аштрафавалі двойчы — 9‑га і 31-га студзеня.

    Прычым 31 студзеня яго выклікалі адразу ў два суды: у Докшыцкі раённы, дзе яму прысудзілі чарговы штраф памерам 40 базавых велічынь, і ў Віцебскі абласны — на разгляд  адразу  дзьвюх касацыйных скаргаў”, — распавяла кіраўніца віцебскай суполкі ГА «БАЖ» Алена Сцяпанава.

    Трапіць адначасова  у два месцы, паміж якімі амаль 200 кіламетраў, Зміцер Лупач не мог аніяк. Таму ў абласны суд прыйшлі ягоныя віцебскія сябры і калегі. Вынік быў прадказальны. Суддзя Ірына Смалякова не задаволіла скаргі Зьмітра Лупача і Тацяны Смоткінай, аштрафаваных Докшыцкім раённым судом 27 снежня мінулага года. Следам за ёй суддзя Святлана Іванова пакінула без задавальнення скаргу журналіста на прысуд Пастаўскага райсуда ад 9 студзеня.

    Выйшаўшы з будынка абласнога суда, аднадумцы вырашылі падтрымаць Змітра Лупача. Кандыдатка ў дэпутаты Віцебскага гарсавета Алена Шабуня, беручы ўдзел у перадвыбарчым пікеце, якія ладзілі каля віцебскай бібліятэкі імя Леніна прыхільнікі стварэньня БХД, выйшла з партрэтам журналіста.

    “Зміцер мой калега, ён таксама прыхільнік Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, балатуецца на гэтых  выбарах — хоча трапіць у Глыбоцкі райсавет. Пра такіх людзей, якія церпяць ціск за сваю працу, за актыўную жыццёвую пазыцыю, мусяць ведаць усе землякі,” — мяркуе актывістка суполкі ГА «БАЖ».

    Іншыя ўдзельнікі пікету на знак салідарнасці з незалежнымі СМІ трымалі шыльдачкі з надпісамі “Гляджу “Белсат» і “Чытаю “Хартыю”. Як высветлілася, тое самае рэгулярна робяць і многія жыхары Віцебску. Яны падыходзілі да пікетоўцаў, каб абмеркаваць блакіроўку сайта charter97.org, жадалі поспеху на выбарах і нават прапаноўвалі журналістам новыя вострыя тэмы.

    Удзельніца пікету, каардынатарка аргкамітэта БХД у Віцебскай вобласці Таццяна Севярынец адзначыла:

    “Незалежныя СМІ — гэта адзіная сцежка да праўды, па якой журналісты вядуць наша грамадства. Таму мы іх заўжды патрымлівалі і будзем падтрымліваць. І паўставаць супраць тых, хто хоча бачыць беларусаў сляпымі і нямымі”.

    Увасабляючы гэтую метафару, спадарыня Севярынец заклеела сабе рот і завязала вочы. Але ў руках яны трымала таблічку са словамі “Так не будзе!”

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці