«Важыла да 30 кілаграмаў». Украінскую журналістку, якая памерла ў расійскім палоне, катавалі
Журналісты «Слідство.Інфо» высветлілі, што да смерці ўкраінскую журналістку Вікторыю Рошчыну моцна катавалі. На яе целе былі нажавыя раненні, важыла дзяўчына да 30 кілаграмаў, а супрацоўнікі расійскай калоніі хавалі яе ад праверак.

Вікторыя Рошчына. Фота: з асабістай старонкі ў Facebook
Пра смерць 28-гадовай украінскай журналісткі Вікторыі Рошчынай стала вядома ў кастрычніку 2024 года. Затрымалі яе летам 2023 года падчас падрыхтоўкі рэпартажу на акупаваных расіянамі тэрыторыях.
Журналісты «Слідство.Інфо» разам з арганізацыяй «Рэпарцёры без меж» і калегамі з медыя «Суспільне» і «Граты» высветлілі, што расіяне спачатку схапілі Вікторыю і ўтрымлівалі ў засценках на акупаванай тэрыторыі Запарожскай вобласці, а затым перавезлі ў Таганрог.
У турмах яе трымалі без афіцыйных абвінавачванняў, сцвярджае Ірына Дзідзенка, старшая групы пракурораў Офіса генеральнага пракурора па справе Рошчынай.
Сукамерніца журналісткі расказала, што з той адбывалася ў таганрогскім СІЗА №2. На целе Рошчынай былі нажавыя раненні, з якімі яна прыбыла пасля ўтрымання ў акупацыі.
«Я бачыла на яе целе некалькі рубцоў — дакладна на руцэ і назе. У яе была нажавая рана, ну, прама рубец свежы. Паміж кісцю і локцем у мяккіх тканінах. І рубец быў дзесьці сантыметры тры», — расказала яна.
Акрамя нажавых парэзаў, Вікторыю таксама катавалі токам.
«Ведаю, што токам [катавалі] не адзін раз. І яна не казала колькі разоў, але казала, што была ўся сіняя», — успамінае палонная сукамерніца Вікторыі, удакладняючы, што ток маглі падлучаць Вікторыі да вушэй.
Па яе словах, журналістка адмаўлялася ад ежы і звярталася па дапамогу да турэмшчыкаў. З часам яна пачала моцна худнець і стала важыць «да 30 кілаграмаў».
Калі работнікі СІЗА заўважылі, што Вікторыя худнее, да яе ў камеру прыходзіў начальнік калоніі і праводзіў з ёй гутаркі. Яна ўвесь час настойвала на тым, каб яе вызвалілі, памянялі, або дэпартавалі.
Са слоў сведкі, падчас іх утрымання была праверка расійскім амбудсменам. Вікторыю хавалі ад праверкі і пераводзілі на іншы паверх у закрыты пакой.
Апошні раз журналістку бачылі 8 верасня 2024 года, калі яе вывелі з камеры ў невядомым кірунку.
Вікторыю Рошчыну расійскія вайскоўцы і сілавікі затрымлівалі два разы — у сакавіку 2022 года падчас паездкі з Бярдзянска ў Марыупаль (тады пасля 10 дзён арышту яе адпусцілі) і ў жніўні 2023 года, калі журналістка паехала праз Польшчу на падкантрольныя Расіі тэрыторыі Запарожскай вобласці для падрыхтоўкі рэпартажу.
Апошні раз яна выходзіла на сувязь 3 жніўня 2023 года.
