• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Упершыню за 11 гадоў улады вяртаюць «Вольнае Глыбокае» ў падпіску

    Праз 11 год забароны вяртаецца ў падпісныя каталогі недзяржаўнае выданне «Вольнае Глыбокае». Гэтаму факту былі здзіўленыя як работнікі пошты, так і чытачы ды сама рэдакцыя газеты.

    Калі сталыя чытачы пайшлі ўдакладняць інфармацыю наконт магчымасці падпісацца на газету, работнікі глыбоцкай пошты здзіўлена адказалі, што такога не можа быць. Аднак, як высветлілася, “Вольнае Глыбокае” сапраўды ёсць у падпісным каталогу на ІІ паўгоддзе 2017 года.

    Падпіска на месяц будзе каштаваць 3 руб.96 кап., 3 месяцы – 11 руб.88 кап., 6 месяцаў – 23 руб. 76 кап.

    Не менш узрадаваны нечаканым дазволам на падпіску і сам калектыў газеты. Па словах галоўнага рэдактара “Вольнага Глыбокага” Уладзіміра Скрабатуна, ён ужо і не спадзяваўся на гэта.

    –  Я думаў, што да скону веку разам з газетай так і застануся ў «чорных спісах» улады, – прызнаецца Скрабатун.

    Пра тое, што “Вольнае Глыбокае” занесены ў негалосны «чорны спіс», журналістам паведамілі ў “Белпошце” адзінаццаць год таму. У той час газета набірала падпісны абарот, на яе пачалі масава падпісвацца не толькі людзі з раёна, але і з іншых гарадоў. Але потым у працэс умяшалася палітыка, і пасля прэзідэнцкіх выбараў з газетай усе паштовыя аддзяленні скасавалі дамовы.

    – У газеце вельмі шмат гістарычных і краязнаўчых матэрыялаў, і калі дзяржаве не патрэбная гісторыя, то я не ведаю тады, што гэта за дзяржава, –  такая рэакцыя на залічэнне ў «чорны спіс» была тады ў галоўнага рэдактара газеты “Вольнае Глыбокае”.

    Цікава, што газета ў невялікай колькасці распаўсюджваецца праз кіёскі “Віцебскаблсаюздрука” ўжо некалькі год запар. Як кажа Уладзімір Скрабатун, гэта адбылося дзякуючы Жанне Літвіной. Яна ў свой час ініцыявала кампанію па вяртанні недзяржаўных газет у гандлёвую сетку прадпрыемстваў “Саюздрука”.

    З той пары «Вольнае Глыбокае» прадаецца ў кіёсках, але ў абмежаванай колькасці.

    Зараз рэдакцыя збіраецца актыўна працаваць над рэкламай падпіскі: паведамляць пра гэта ў сваёй газеце, рабіць рэкламныя плакаты ў кропках продажу, падключаць да гэтай справы сваіх распаўсюднікаў у іншых гарадах. Ды і самі плануюць аб’ехаць паштовыя аддзяленні ў прылеглых да Глыбокага гарадах, каб выданне і там распаўсюджвалася.

    Хоць Уладзімір Скрабатун прызнаецца, што не асабліва спадзяецца на тое, што наклад газеты значна ўзрасце. Бо, як ён кажа, у людзей няма грошай на газету. Ён нават ведае такія выпадкі, калі адну газету купляе ўся вёска і потым па чарзе яе чытае. А раней там, да прыкладу, праз рэдакцыю выпісвалі ці куплялі на рынку па 12–15 штук. Пра гэта яму кажуць самі людзі.

    Нагадаем, у лютым рэдактар “Народнай волі” Іосіф Сярэдзіч сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Ён перадаў кіраўніку дзяржавы спіс дзевяці выданняў, якія не могуць трапіць у тую ці іншую дзяржаўную сетку распаўсюду. Лукашэнка абяцаў вырашыць праблемы з распаўсюдам недзяржаўных СМІ.

    Тыя, хто звярнуўся ў дзяржаўныя сістэмы распаўсюды, сапраўды атрымалі станоўчыя адказы ўпершыню за шмат гадоў.

    Газета «Intex-press» вярнулася ў шапікі

    “Борисовские новости” вяртаюцца ў шапікі «Саюздруку» і гандлёвыя цэнтры

    Упершыню ад 2003 году газэта «Свободные новости» трапіла ў падпіску «Белпошты»

    «Газета Слонімская» ўпершыню за 11 гадоў у кіёсках

    «Новы Час» — у кіёсках Мінска і Мінскай вобласці

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці