• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Віцебскія БАЖаўцы лічаць журналісцкую салідарнасць галоўнай адметнасцю сыходзячага года

    Падсумаванне вынікаў працы за год з дапамогай апытанак стала ў Віцебскай суполцы добрай пераднавагодняй традыцыяй.

    Пытанняў у анкеце, прапанаванай БАЖаўцам, было некалькі. Але найбольш важныя з іх тычыліся ўплыву дзейнасці суполкі на жыццё Віцебска і стварэння станоўчага іміджу ГА “БАЖ” у  горадзе. Таксама высвятлялі, якія сёлетнія імпрэзы суполкі калегі лічаць самымі цікавымі, запамінальнымі і карыснымі.

    Варыянт “праявы журналісцкай салідарнасці” сустракаўся ў адказах БАЖаўцаў часцей за іншыя, калі вялося пра дзейнасць суполкі ГА “БАЖ” у сёлетніх складаных для журналістаў умовах. Насамрэч, у імя салідарнасці з калегамі сёлета было зроблена нямала, асабліва пасля вясновых падзей, калі  журналістаў і праваабаронцаў масава затрымлівалі падчас мірных сходаў, названымі ў народзе “Маршамі недармаедаў”.

    Журналісты падчас гэтых падзей былі затрыманыя ў Оршы, Віцебску і па дарозе ў Полацк, дзе прычынай спынення аўтамабіля ў мясцовым РАУСе быў названы верагодны ўдзел калег у рабаўніцтве банку. Аднак далёка не ўсе затрыманні скончыліся хуткай праверкай без аніякіх наступстваў: 12 сакавіка ў пастарунак трапілі затрыманыя падчас сходу грамадзян у Оршы сталічныя журналісты, а таксама рэдактар мясцовага сайта orshatut.by Віктар Андрэеў. Віцебскія БАЖаўцы прыязджалі падтрымаць калег у судзе, прывозілі ім ваду і ежу, прычым значную частку прадуктаў харчавання давялося перадаць пасля судоў у ізалятар часовага ўтрымання: многіх журналістаў і актывістаў асудзілі на “суткі”. У ліку аштрафаваных нібыта за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі апынуўся і рэдактар сайта orsha.eu Ігар Казмерчак.

    У Віцебску хваля затрыманняў журналістаў і актывістаў пракацілася 25 і 26 сакавіка. Каля дзясятка журналістаў і праваабаронцаў былі затрыманыя паводле таго ж адміністрацыйнага артыкула 23.34. За тое, што яны выйшлі асвятляць сходы грамадзян, былі затрыманыя і асуджаныя БАЖаўцы Павел Левінаў (15 сутак), Канстанцін Мардзвінцаў (15 сутак), Леанід Свецік (15 сутак), Арцём Сізінцаў (10 сутак). 27-гадовы Арцём — жыхар Оршы, і таму прынамсі на першы час знаходжання ў ІЧУ забяспечыць яго рэчамі першай неабходнасці стала клопатам БАЖаўцаў. Апекаваліся калегі і Канстанцінам Мардзвінцавым, які не мае сваякоў у Віцебску. На прапановы дапамагчы арыштаваным супольна адгукнуліся многія віцябляне: яны кантактавалі з журналістамі ў сацыяльных сетках, або самі неслі перадачы для артыштаваных.

    У адной з перадач для Паўла Левінава, якога забралі ў ІЧУ пасля гіпертанічнага крызу, быў сцэнар дакументальнага фільма, прысвечанага праваабаронцу. І здымкі фільма пачаліся тут жа, на ганку ізалятара часовага ўтрымання, калі арыштаванага прыйшлі сустракаць сваякі, сябры і нават малазнаёмыя людзі.

    Усе калегі, якім давялося пабываць за кратамі, адзінадушна адзначалі, што вялікай падтрымкай для іх былі паштоўкі “з волі”. Якраз такія паштоўкі, з надпісамі “Віцебск заўжды з табой!”, “Будзь вольны, як птушка!”, “Трымайся, мы разам!” выдалі сёлета віцебскія БАЖаўцы, скарыстаўшы здымкі сябраў-фатографаў Юрыя Шэпеева і Ігара Мацвеева.

    Пра журналісцкую салідарнасць жыхары Віцебска даведваліся з допісаў у сацыяльных сетках, з артыкулаў у незалежных СМІ. Але не толькі гэта спрыяла сёлета ўздыму аўтарытэту ГА “БАЖ” у Віцебску. Адказваючы на пытанні анкеты, шмат хто прыгадаў сёлетні дабрачынны праект – стварэнне дакументальнай стужкі на падставе аповедаў віцебскіх ліквідатараў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. 

    Гэтая ідэя знайшла шмат прыхільнікаў, гатовых дапамагчы: абсалютна незнаёмыя людзі выказвалі жаданне паўдзельнічаць у здымках, падабраць рэквізіт, прапаноўвалі скарыстацца іхнім транспартам. Пасля публікацый у СМІ пра гэтую ініцыятыву жыхары рэгіёна больш даведаліся і пра “Беларускую асацыяцыю журналістаў”.

    Віцебскія БАЖаўцы перакананыя, што ўсе справы, якія робяцца супольна з землякамі, садзейнічаюць росту павагі да журналістаў, інтарэсу да гэтай прафесіі, а найперш — падвышэнню аўтарытэту грамадскай арганізацыі. Таму сярод адказаў на пытанні, якія сёлетнія імпрэзы суполкі калегі лічаць самымі цікавымі, запамінальнымі і карыснымі, часта сустракаліся згадкі і пра “Эстафету добрых справаў”, і пра праект “Разам з БАЖ”, адрасаваны абаронцам Парку партызанскай славы ў іх памкненні захаваць і добраўпарадкаваць парк, каторы летась ледзве не знішчылі. І пра іншыя справы, якія рабіліся цягам года з удзелам не толькі журналістаў, але й жыхароў рэгіёна.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці