• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Віцебскія БАЖаўцы пераканаліся, што тэорыя “шасці поціскаў рукі” працуе

    Сябры віцебскай суполкі ГА “БАЖ” узялі ўдзел у зборы сродкаў для тэрміновай аперацыі Алене Кароль. Складанае хірургічнае ўмяшальніцтва мусіць адбыцца ў замежнай клініцы.

    Здавалася б, віцебскіх БАЖаўцаў і Алену Кароль з‑пад Салігорску нічога ня звязвае. Але, калі жанчыне спатрэбілася тэрміновая дапамога, тэорыя “шасці поціскаў рукі” спрацавала дакладна.

    Навукоўцы сцвярджаюць: ланцужок паміж двума невядомымі людзьмі на розных канцах нашай планеты складаецца ўсяго з шасці поціскаў рукі. І атрымліваецца, што абсалютна невядомых табе людзей у свеце няма. Калі ж браць пад увагу сувязі паміж жыхарамі адной краіны, то гэты ланцужок становіцца яшчэ карацейшым. У гэткім выпадку ён можа складацца ўсяго з двух-чатырох чалавечых кантактаў.

    Многія з віцебскіх журналістаў добра ведаюць Віктара Міхальчанкава, жыхара Лёзна. Некаторыя калегі нават пісалі пра гэтага моцнага духам, таленавітага чалавека. Віктар – інвалід з дзяцінства, перасоўваецца на электрычным вазку, але гэта не перашкаджае яму рэалізоўвацца ў розных галінах дзейнасці.

    Ён блогер, стваральнік і рэдактар некалькіх інтэрнэт-рэсурсаў, але самае галоўнае – ён дапамагае людзям з абмежаванымі магчымасцямі вырашаць асабістыя і агульныя праблемы. Зрэшты, менавіта на ягоным сайце адна з нашых калег і пабачыла ўпершыню аб’яву пра дабрачынны збор сродкаў на тэрміновую аперацыю для знаёмай Віктара – Алены Кароль.

    Заклік Віктара да грамадскасці віцебскія сябры ГА “БАЖ” успрынялі як зварот да іх. Тым больш што Алена Кароль – таксама не чужая ў журналісцкай прафесіі. А выдатны матэрыял салігорскай журналісткі Варвары Чаркоўскай «Алена Кароль: «Мне всегда хотелось стереть грань между инвалидом и обычным человеком» яшчэ больш пераканаў віцеблянаў, што дапамагчы трэба.

    У асяродку віцебскіх БАЖаўцаў абвясцілі тэрміновы збор сродкаў: адкладаць было нельга, бо ў выпадку пратэрміноўкі Алене давядзецца паўторна здаваць аналізы перад аперацыяй, а гэта – дадатковыя выдаткі. Таму грошай сабралі, можа, і не так шмат, як хацелася б, але ўжо пералічылі на рахунак Алены. І даведаліся, што салігорскія журналісты таксама спрабуюць дапамагчы зямлячцы.

    Віцебскія БАЖаўцы яшчэ раз пераканаліся: чым больш глабалізуецца свет і актывізуюцца чалавечыя стасункі, тым відавочней працуе тэорыя “шасці поціскаў рукі”. Аказваецца, людзі звязаныя паміж сабой куды больш шчыльна, чым можна сабе ўявіць. І гэта зусім не дрэнна!

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці