• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Ім дастаткова самім адкрыць рот». Вольга Павук расказала, як «дыскрэдытуе» беларускіх чыноўнікаў і чаму гэта важна

    Блогерка з «Рудабельскай паказухі» Вольга Павук нядаўна стала віцэ-спікеркай Каардынацыйнай рады. Яна дала вялікае інтэрв’ю «Нашай Ніве», у якім расказала ў тым ліку пра свой досвед камунікацыі з беларускімі чыноўнікамі і пра тое, ці працягне займацца блогерствам пасля абрання ў КР.

    Вольга Павук. Фота: Наша Ніва

    Вольга Павук задае нязручныя пытанні беларускім чыноўнікам ужо некалькі гадоў. Зараз праект «Рудабельскай паказуха» робіцца з эміграцыі. Нягледзячы на гэта, Вольга лічыць такія тэлефанаванні эфектыўнымі:

    «Мы трошачкі ведаем інсайдарскай інфармацыі, што для чыноўнікаў нашы званкі — праблема. Нават закон прынялі, па якім, калі чыноўніку не падабаецца размова, ён мае права кінуць слухаўку. Я лічу, што гэта прынялі ў тым ліку праз нашу дзейнасць. Мая мэта — паказаць, якія людзі прымаюць рашэнні ў гэтых кабінетах. Яны кажуць, што мы іх нейкім чынам дыскрэдытуем, але нічога рабіць для гэтага не трэба, ім дастаткова самім адкрыць рот».

    Блогерка расказала пра самую запамінальную размову з чыноўнікамі. Гэта быў званок у Магілёўскі аблвыканкам, пасля якога суразмоўца забыўся пакласці слухаўку.

     «Я назвала тады нейкае выдуманае імя, і яны пачалі абмяркоўваць: “Будзем яе зліваць? Ага, будзем”. І назвалі прозвішча кадэбэшніка. Так мы даведаліся, што кожны, хто задае “не тое” пытанне, будзе зліты ў органы. Гэта прамы доказ дыктатуры».

    Вольга кажа, што не збіраецца закідваць блогерства з‑за палітычнай кар’еры:

    «Я лічу вельмі важным тое, што я раблю. Цяпер у нас абмежаваныя магчымасці, мы не можам размаўляць з беларусамі наўпрост, але ўсё ж тэлефанаваць чыноўнікам, я лічу, гэта вельмі важная і ўнікальная справа. Таму буду рабіць гэта, пакуль ёсць сілы».

    Па словах блогеркі, галоўнае пытанне, якое яна б хацела зараз абмеркаваць з чыноўнікамі, датычыцца адукацыі:

    «Для мяне як для настаўніцы, маці і жанчыны самае балючае пытанне — тое, што робяць з дзецьмі ў школах — татальная мілітарызацыя. Малыя дзеці стаяць з аўтаматамі ў руках, пасміхаюцца, і гэта нармальна. Вайна і суботнікі — усё, што ім прапаноўваюць.

    Я б вельмі хацела пагаварыць з чалавекам, які першым аддаў загад на такія рэчы. Што ў яго ў галаве? Ці ёсць у яго дзеці, унукі? Ці хацеў бы ён, каб яго дзяцей такім чынам выхоўвалі?»

    Цалкам інтэрв’ю з Вольгай Павук можна пачытаць тут

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці