• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вянок памяці. «Без Алеся Ліпая немагчыма ўявіць Беларусь»

    23 жніўня ў Менску пасьля цяжкой хваробы памёр заснавальнік і дырэктар інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Алесь Ліпай. Яму было 52 гады. Свабода запісала першую рэакцыю ягоных калег і сяброў.

    http://baj.media/wp-content/uploads/2023/08/3aa60077-5f7c-4ff4-b622-c2e98d741120_w1023_r1_s.jpg

    «Апошнія падзеі не маглі прайсьці бязь сьледу»

    Дзьмітры Наважылаў, выканаўца абавязкаў дырэктара кампаніі „БелаПАН“

    «Мы ня ведаем падрабязнасьцяў. Пазваніла дачка спадара Алеся, паведаміла пра ягоную сьмерць і пра тое, што ў нядзелю будзе пахаваньне, — сказаў Свабодзе . — Апошнія падзеі (крымінальную справу супраць Алеся Ліпая і журналістаў агенцтва БелаПАН. — РС) ён вельмі цяжка перажываў. Гэта не магло прайсьці бязь сьледу. Два вялізныя перажываньні ён меў ва ўсёй гэтай гісторыі: за сябе і за калектыў — за БелаПАН, за белапанцаў. Мы плачам, мы смуткуем».

    «Быў прыкладам шмат для каго​»

    Юры Зісер, заснавальнік парталу Tut.by:

    «Ён стаяў каля вытокаў незалежных мэдыя ў Беларусі. Быў прыкладам шмат для каго. Трымаўся малайцом усе гэтыя больш як 20 гадоў. Гэта вялікая страта для ўсёй журналісцкай супольнасьці. Яшчэ і ў такі момант судоў. У свой час Юры Шырокі, намеснік дырэктара БелаПАН, памёр рана і раптоўна. Алесь жа таксама быў добрым паэтам, выдаваў кнігі. Зямля яму пухам».

    «Немагчыма ўявіць Беларусь, у якой ня стала Алеся Ліпая»

    Андрэй Аляксандраў, сябра Алеся Ліпая:

    «Я ведаю ад ягоных сваякоў, што некалькі апошніх дзён Алесь быў у рэанімацыі. А яшчэ літаральна ў мінулы аўторак мы бачыліся на вечарыне салідарнасьці журналістаў у кавярні „Бітлджус“. Ён быў такі, якім мы яго запомнім назаўжды — жыцьцярадасны, узьнёслы, ён усьміхаўся, чытаў вершы, падтрымліваў калег. Уся наша агенцыя БелаПАН у шоку. Пра Алеся ўсе словы — толькі добрыя. Бо немагчыма ўявіць сьвет і Беларусь, у якой раптам ня стала Алеся Ліпая. Асабіста для мяне ён быў вельмі блізкім сябрам, калегам. Ён выдатны паэт. Гэта чалавек, пра якога немагчыма гаварыць у мінулым часе».

    «Гэта была адна з канстантаў, апораў беларускага грамадзтва»

    Андрэй Дынько, шэф-рэдактар выданьня «Наша Ніва»:

    «Алесь Ліпай — гэта глыба. Маштаб такіх велічных фігур робіцца заўважным толькі пасьля іх сыходу. Празь нейкі час. Гэта была адна з канстантаў, апораў беларускага грамадзтва. Ягоная праца была не заўсёды публічная, не заўсёды заўважная, але яна была надзвычай важная. Алесь Ліпай зрабіў надзвычай шмат».

    «Вялікае гора для журналістыкі»

    Ёсіф Сярэдзіч, галоўны рэдактар газэты «Народная Воля»:

    «У гэты момант проста немагчыма знайсьці словы, каб напоўніцу ацаніць тое, што зрабіў Алесь. Бо ён зрабіў вельмі шмат і сышоў вельмі рана. І тое, што ён сыходзіць у 52 гады, гэта не выпадковасьць, бо журналісты і выдаўцы сёньня асабліва церпяць ад рэпрэсій і здрад. Ягоны сыход — вялікае гора для журналістыкі».

    Беларуская асацыяцыя журналістаў выказвае спачуванні блізкім і родным калегі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці