• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Выкладчыкі журналістыкі павінныя самі працаваць у СМІ, — мяркуе шведскі медыяэксперт

    У навучанні журналістыцы практыка з’яўляецца асновай авалодвання
    прафесіяй. Вось чаму, сышоўшы з рэдакцыі нават на непрацяглы час,
    журналісту часам бывае складана сачыць за зменамі, якія адбываюцца ў
    сучасных масмедыя.

    Пакуль у Беларусі думаюць, як эфектыўней
    рыхтаваць будучых праваднікоў дзяржаўнай ідэалогіі, у Швецыі разважаюць
    пра кардынальныя змены ў мясцовай мадэлі адукацыі журналістаў. Чым жа
    сённяшняя мадэль не адпавядае патрабаванням часу? Пра гэта беларускім
    журналістам — удзельнікам трэнінгу ў шведскім інстытуце FOJO — распавёў
    былы выкладчык журналістыкі, прафесар Стакгольмскага ўніверсітэта, фрыланс-журналіст Марк Камерфорд.

    На думку
    спадара Камерфорда, сённяшняя сітуацыя, калі толькі сам журналіст ці
    рэдакцыя вырашаюць, што яны будуць распавядаць сваім чытачам, ужо
    не задавальняе аўдыторыю.

    «Мы занадта доўга размаўлялі
    з чытачом „звысок“. Наша аўдыторыя ўжо стамілася ад таго, што
    журналісты лічаць сабе „голасам народу“», — заўважае Марк Камерфорд.

    Ускосна гэтую думку вядомага ў Швецыі журналіста пацвяржаюць наклады шведскіх газет, якія ў апошнія годы змяншаюцца.

    «Людзі перастаюць купляць газеты, і гэта азначае, што надышоў час зменаў», — упэўнены спадар Камерфорд.

    Падмурак
    для зменаў — стварэнне пляцоўкі для размовы з людзьмі. Размова, дыялог
    з чытачамі — гэта тое, што і раней рабілі медыя, але зараз гэтая
    размова павінна перайсці на якасна новы ўзровень. Сённяшні чытач медыя,
    асабліва веб-медыя, можа аператыўна ўплываць на якасць
    журналісцкіх артыкулаў, на іх тэматыку, можа ацэньваць працу рэдакцыі,
    і з яго меркаваннем могуць пазнаёміцца людзі ва ўсім свеце.


    Марк Камерфорд

    Сёння
    журналісты ўжо не могуць быць спецыялістамі толькі ў адной галіне.
    Ад іх, як ніколі раней, патрабуецца ўменне ісці ў нагу з часам і новымі
    тэхналогіямі. «Не разумею, як можна прапаноўваць студэнтам нейкую
    спецыялізацыю? Мы ж бачым, як аб’ядноўваюцца сродкі масавай
    інфармацыі!» — дзівіцца Марк Камерфорд.

    На думку
    спадара Камерфорда, выкладчыкі журналістыкі ў вышэйшых навучальных
    установах Швецыі даволі мала ведаюць пра сучасныя тэхналогіі, пра тыя
    змены, якія адбываюцца ў звязку з імі ў рэдакцыях друкаваных і онлайн-медыя.

    «Я лічу,
    што выкладчыкі, якія больш за 10 гадоў не працавалі ў журналістыцы,
    не павінныя выкладаць, бо яны адарваныя ад жыцця», — лічыць шведскі
    медыяэксперт.

    Год таму спадар Камерфорд агучыў свае думкі
    ва ўніверсітэце, дзе працаваў. Ён прапанаваў, каб кожны выкладчык
    штогод як мінімум тры месяцы працаваў ў рэальнай рэдакцыі. Зразумела,
    такі падыход не спадабаўся большасці тых, хто сёння вучыць будучых
    шведскіх журналістаў. Зменаў так і не адбылося. Але яны, безумоўна,
    прыйдуць, бо ад будучыні і прагрэсу яшчэ ніхто не ўцякаў, — перакананы
    Марк Камерфорд.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці