• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Я адчуваю сябе чалавекам Вялікага Княства Літоўскага». Размова з фатографам шматкультурнага Падляшша

    Размова зь Ежы Раецкім зь Беластоку, які фатаграфуе краявіды і людзей этнічна-культурнага і рэлігійнага памежжа на Падляшшы. Народжаны ў Гайнаўцы фатограф у духоўна-культурным сэнсе лічыць сябе спадкаемцам Вялікага Княства Літоўскага.

    — Калі вы вырашылі рабіць здымкі людзей і мясьцін на Падляшшы ня толькі дзеля ўласнай прыемнасьці, але і з думкай, што вашы здымкі могуць зацікавіць іншых людзей і прынесьці задавальненьне таксама ім?

    — Спачатку я рабіў здымкі не на Падляшшы, а ў Беларусі, Літве і Латвіі. Мы з калегамі пачалі езьдзіць туды, так сказаць, з «дробнай кантрабандай», а потым зьвярнулі ўвагу на тамтэйшыя помнікі архітэктуры і краявіды. І я пачаў здымаць. У нейкі момант меў і фармальную замову зрабіць фатаграфічную дакумэнтацыю могілак у тых краінах. Такім чынам пачалася мая прыгода з фатаграфіяй. Гэта былі нулявыя гады цяперашняга стагодзьдзя.

    Я закахаўся ў Беларусь. Да 2000 году ня быў там ні разу, а ў нулявых наведаў яе ці ня сотню разоў. Я адчуў, што нашае Падляшша і Беларусь — гэта насамрэч адна культурная прастора, адзін культурны прасьцяг, у якім падобны мэнталітэт людзей, падобная архітэктура — як на вёсцы, так і ў мястэчку. Мяжа, якая разьдзяляе гэтую прастору, — насамрэч штучнае ўтварэньне, якое падзяліла людзей аднолькавай ці вельмі падобнай культуры і разарвала сямейныя сувязі шмат каго з жыхароў гэтай суцэльнай некалі тэрыторыі. Потым, пасьля 2010-га, калі пачалі ўводзіць візавыя абмежаваньні ў дачыненьнях зь Беларусьсю, я перанёс свае фатаграфічныя зацікаўленьні выключна на нашае Падляшша.

    — А калі вы пачалі наагул фатаграфаваць? Відаць, першы ваш апарат быў «традыцыйны», то бок такі, які зараджаўся фатаграфічнай стужкай?

    — Так, гэта было ў 1990‑х гадах. А свой першы лічбавы фоцік я набыў у пачатку 2000‑х. Я тады яшчэ курыў цыгарэты, таму кінуў, каб назьбіраць грошай на лічбавы фотаапарат. І з таго часу пачаліся мае падарожжы ў Беларусь, Літву і Латвію, і ва Ўкраіну таксама…

    — Можна сказаць, вы езьдзілі па тэрыторыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага?

    — Дакладна так! Вялікае Княства Літоўскае было ўвесь час у маёй галаве, калі я выяжджаў за мяжу рабіць здымкі. Мае дзяды з бацькавага боку паходзілі зь вёскі Шымкі ў Міхалоўскай гміне, блізка мяжы зь Беларусьсю. Яны гаварылі на чысьцюсенькай беларускай гаворцы, як некалі гаварылі ўсе людзі ў гэтай вёсцы, і католікі, і праваслаўныя. Я тут кажу пра пачатак 1970‑х гадоў…

    — Я быў у Шымках у пачатку 1990‑х, і тады яшчэ ў вёсцы жылі людзі, якія гаварылі па-беларуску. У сувязі з гэтым у мяне да вас наступнае пытаньне. Вы ў выказваньнях пра сваё фатаграфаваньне Падляшша заўсёды падкрэсьліваеце шматкультурнасьць гэтага рэгіёну. Да якой культуры вы залічваеце самога сябе?

    — Самога сябе я прыпісваю да культуры Вялікага Княства Літоўскага. Мае дзяды, Раецкія, былі беларусамі-католікамі. Наколькі ведаю, у Шымкі яны пераехалі з ваколіц Горадні, хоць пераехаць — неадпаведнае тут слова. Тады, калі яны пасяліліся ў Шымках, не было мяжы паміж іхнай вёскай і Горадняй. Дарэчы, прозьвішча Раецкі сустракаецца нярэдка ў самой Беларусі і ў Літве. І нават на татарскім могільніку ў нас у Баганіках я бачыў прозьвішча Раецкі.

    Часам на людзей з такім мэнталітэтам і культурнымі каранямі, як я, кажуць «ліцьвіны». Я католік, мяне хрысьцілі ў касьцёле, але я хадзіў таксама ў царкву. У Гайнаўцы, дзе я нарадзіўся, мы адзначалі і каталіцкія, і праваслаўныя сьвяты. Так што шматкультурнасьць жыве ў маёй душы ад дзяцінства. І таму адзін свой фатаграфічны альбом я назваў «Kli­maty Pod­la­sia. Wielokul­tur­owość».

    — Вы таксама — я сам чуў — няблага гаворыце «па-свойму», то бок на падляскай гаворцы, як гавораць людзі на Гайнаўшчыне і на Бельшчыне…

    — Стараюся гаварыць і «па-свойму», і на беларускай гаворцы кожны раз, калі трапляю ў асяродзьдзе такіх людзей. Яны, фактычна, ужо даўно лічаць мяне сваім. Міра Лукша (былая журналістка «Нівы». — РС) кажа мне: «Ты ўжо наш. Ты заўсёды быў наш, толькі раней пра гэта ня ведаў».

    — А ці вучыліся вы калі-небудзь літаратурнай беларускай мове?

    — Так, быў такі эпізод у маім жыцьці. Я вучыўся беларускай мове ў першай клясе ліцэю ў Гайнаўцы. Але правучыўся ўсяго год, бо потым пераехаў у іншы горад, у Лапы, і пайшоў там у школу, у якой, зразумела, беларускай мовы не было.

    — Што вас асабліва цікавіць і вабіць на Падляшшы, калі гаварыць пра фатаграфічныя тэмы?

    — Спачатку вабілі мяне перадусім падляскія краявіды, нашы асмужаныя сьвітаньні, імгла над лугам ці над палеткамі і да таго падобнае. Я тады зьвяртаў асаблівую ўвагу на сьвятло ў фатаграфіях. Але потым, калі ўжо крыху набіў руку, стаў штораз часьцей фатаграфаваць людзей і асяродзьдзе, у якім яны жывуць. Пры нагодзе свайго фатаграфаваньня я пазнаёміўся з мноствам цікавых людзей на тэрыторыі паміж Гайнаўкай і Бельскам ды Беластокам і Сямяцічамі. Цяпер я кажу, што практычна ў кожную мясьціну на Падляшшы я траплю нават з завязанымі вачыма…

    Асабліва люблю фатаграфаваць хаты на Падляшшы. Нашы падляскія хаты маюць сваю непаўторную спэцыфіку, якой не сустрэнеш у іншых частках краіны — іконы ў «сьвятых кутках», кухонныя шафы, аканіцы і выразаныя драўляныя аздобы на хатах. У мяне такое адчуваньне, што цяпер наступіла нешта накшталт моды на Падляшша ў Польшчы. Калісьці гэтыя нашыя драўляныя хаты з аканіцамі і выразанымі з дрэва аздобамі ды наша падляская гаворка былі нечым, чаго людзі саромеліся. А цяпер наадварот — пачынаюць гэтым ганарыцца… Нясьціпла скажу, што пачынаюць ганарыцца таксама дзякуючы такім людзям, як я. Бо я ўжо амаль два дзесяцігодзьдзі фатаграфую гэта і паказваю ў інтэрнэце…

    Калісьці ў адной вёсцы над Бугам я фатаграфаваў ганак. З хаты выйшаў чалавек, запытаўся, ці не завуся я Раецкім, а потым сказаў мне, што дзякуючы маім фатаграфіям у інтэрнэце ён прыехаў у гэтую вёску са Швайцарыі. Марыў пажыць у казачнай краіне пад назвай Падляшша, набыў тут дом і такім чынам рэалізаваў сваю мару…

    Мая жыцьцёвая мара і заданьне — паказваць праз фатаграфіі людзям у іншых частках краіны нашу адметную падляскую культуру і наш адметны мэнталітэт…

    — Як адносяцца да вас людзі, калі вы хочаце іх сфатаграфаваць? Аднекваюцца? Ахвотна пагаджаюцца?

    — Я ведаю вельмі многа людзей на Падляшшы, і яны мяне таксама ведаюць, так што пераважная большасьць тых, да каго зьвяртаюся, без праблемаў упускаюць мяне на панадворак ці ў хату. Але калі ня ведаю чалавека, дык не сьпяшаюся адразу фатаграфаваць яго, а спачатку спрабую прысесьці і пагутарыць зь ім. У нашых вёсках даволі проста завязаць знаёмства: «Ty sam skôl budeš? Z Hajnu­v­ki. A de žyveš? U Biłos­toku». І фактычна больш нічога ня трэба, каб незнаёмы чалавек набраў да цябе даверу. Бо ён бачыць і чуе, што ты «свой чалавек». І тады ты ўжо ў чалавека пытаесься, ці можна сфатаграфаваць яго панадворак, хату ці кветкі перад хатай, а таксама і яго самога. Я сфатаграфаваў некалькі дзясяткаў тысяч чалавек на Падляшшы, так сказаць, у іх натуральным асяродзьдзі…

    — Вы публікавалі свае фатаграфіі ня толькі ў інтэрнэце, але і ў папяровых альбомных выданьнях…

    — Выдаў я няшмат, усяго два альбомы (першы зь іх — тры гады таму), і яшчэ фатаграфічны даведнік «Kraina otwartych oki­en­nic». Выдаць такі даведнік, з фатаграфіямі і тэкстам, прасілі мяне наведнікі маёй старонкі ў Фэйсбуку — Kli­maty Pod­la­sia. Ну дык я выдаў, з фатаграфіямі і інфармацыяй пра вёскі па абодвух баках ракі Нараў…

    — Назавіце гэтыя вёскі, калі ласка…

    — Трасьцянка, Сацы, Пухлы, Целушкі, Канюкі, Паўлы, Рыбалы, Войшкі, Плёскі, Ступнікі, Козьлікі, Гародчына, Янова, Качалы, Дарагатынка, Нарва…

    — Дзякую за гэтую музыку для маіх вушэй. Гэта край майго дзяцінства, ва ўсіх гэтых вёсках я калісьці пабываў, за выняткам, мабыць, Сацоў каля Трасьцянкі… Апошняе мае пытаньне будзе пра найноўшую зьяву на Падляшшы — палітычных і эканамічных мігрантаў зь Беларусі. Калі верыць афіцыйнай статыстыцы, то ў Падляскім ваяводзтве легальна пражываюць каля 10 тысяч сьвежых мігрантаў зь Беларусі. Даводзілася вам сутыкацца з такімі беларусамі?

    — Так. Нават у маім блёку жывуць мігранты зь Беларусі. А таксама з Украіны. З таго, што я бачу, і беларусы, і ўкраінцы адчуваюць сябе ў Беластоку вельмі добра. Яны тут працуюць, некаторыя працуюць нават разам са мною, у шпіталі.

    Акрамя, так сказаць, чорнарабочых ёсьць тут таксама людзі з культурнай эліты — напрыклад, сьпявачка Кацярына Ваданосава. Ну і ёсьць, вядома, група палітычных уцекачоў зь Беларусі. Я моцна не сачу за тым, што адбываецца ў гэтай беларускай дыяспары, бо няма ў мяне зашмат часу, але бачу, што гэта даволі вялікая група народу, якая ў будучыні, як лічу, набудзе грамадзкую значнасьць.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці