• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Якая ў вас адукацыя? — Блогер!» Што не так з прапановай адкрыць новую спецыяльнасць ў беларускіх ВНУ

    Не разумеючы сутнасці і прынцыпаў працы блогера, улады робяць недарэчныя спробы прыцягнуць маладое пакаленне ў беларускія ВНУ. Навошта ўвогуле патрэбны дыплом у такой сферы? І ці бяспечна займацца гэтым у Беларусі? Свае меркаванне выказаў аўтар «Новага часу».

    11 лістапада ў Мінадукацыі распавялі, што орган зацікаўлены ў адкрыцці прыёму на новую спецыяльнасць «блогер», заняткі па якой будуць выкладацца ва ўстановах вышэйшай адукацыі Беларусі. Адпаведная інфармацыя была апублікавана ў Telegram-канале ведамства.

    Так, у Мінадукацыі гатовы распрацаваць праграму навучання для «моднай сярод моладзі спецыяльнасці», але пры адной умове: калі прафесія з’явіцца ў адзіным кваліфікацыйным даведніку пасад служачых Мінпрацы. Напрыклад, у траўні 2022-га ў краіне легалізавалі пасады барыста, лазеншчыка ды касметолага.

    «Мы зацікаўленыя ў тым, каб у нас было як мага больш запатрабаваных спецыяльнасцяў, каб прыцягваць абітурыентаў. Калі ёсць попыт у прадпрыемстваў, мы адкрываем новыя напрамкі», — падкрэсліла намесніца начальніка галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Аляксандра Пятрова.

    На яе думку, цяпер блогер — адна з найбольш запатрабаваных прафесій сярод беларускай моладзі, таму адкрыццё такіх факультэтаў будзе вельмі акутальным.

    Улады хочуць адабраць стары дамен. Мы змянілі пошту і сайт!

    У рэальнасці блогеру не заўсёды неабходная вышэйшая адукацыя нават па будзь-якой спецыяльнасці. Поспех у гэтай сферы ў ста адсотках выпадкаў залежыць ад крэатыўнасці аўтара, камунікацыі і ўмення ствараць прывабны кантэнт. Замест фармальнай адукацыі важным тут з’яўляецца развіццё навыкаў у такіх напрамках, як рэдагаванне відэа, разуменне алгарытмаў сацыяльных сетак і ўменне ўзаемадзейнічаць з аўдыторыяй.

    Усяму гэтаму пры належным жаданні магчыма навучыцца самастойна, па відаэзанятках у інтэрнэце ці на спецыялізаваных курсах разам з дасведчанымі людзьмі. А галоўнае — у найкарацейшыя тэрміны (за некалькі тыдняў ці нават дзён) замест «раздзімання» праграмы на чатыры ці пяць гадоў. Гэта пытанне індывідуальных пераваг і мэтаў блогера. Што датычыцца навучальных матэрыялаў ды дапаможнікаў, у іх якасці ці ўвогуле магчымасці іх стварэння ёсць вельмі вялікія сумневы — асабліва з улікам таго, што ў шматлікіх беларускіх установах адукацыі часта адсутнічаюць падручнікі нават па класічных дысцыплінах.

    Акрамя таго, сапраўднага прафесіянала ў сферы блогінгу наўрад ці зацікавіць выкладанне такіх прадметаў у дзяржаўных установах, таму меркавана гэтым будуць займацца «жанчыны з начосамі» з аніякім практычным досведам, ці проста некваліфікаваныя супрацоўнікі з іншых прадметаў.

    Калі ўлады так клапоцяцца пра «модную сярод моладзі спецыяльнасць», ці ёсць нейкія льготы?

    Блогеры ў Беларусі, як і ўсе іншыя грамадзяне, павінны плаціць падаткі ў адпаведнасці з заканадаўствам.

    «Сапраўды, шэраг блогераў меркавалі, што яны чамусьці не павінны плаціць падаткі. Але чым гэтая дзейнасць адрозніваецца ад таго чалавека, які з’яўляецца самазанятым, нешта робіць, сваю разумовую працу ўкладвае? Усе мы мусім плаціць падаткі», — паведамляў начальнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Беларусі Андрэй Кавалеўскі.

    Аднак выключэнне ўсё ж ёсць: на данаты і ахвяраванні, па словах Кавалеўскага, у Беларусі дзейнічае льгота. Падарункі ў межах 7,5 тысяч BYN у год, атрыманыя блогерамі ад іншых грамадзян, якія не з’яўляюцца блізкімі сваякамі, падаткамі не абкладаюцца.

    Даходы ад манетызацыі каналаў жа цалкам трапляюць пад падаткаабкладанне. Што да кантролю, у Беларусі бачныя ўсе транзакцыі, якія паступаюць грамадзянам пераводамі з-за мяжы.

    23 лістапада стала вядома, што блогерам, якія штосьці рэкламуюць у сацсетках, давядзецца ўключацца ў спецыяльны рэестр. Навацыя вынікае з праекта новага закона «Аб змене законаў па пытаннях рэкламы».

    Юрысты «Revera Belarus» звяртаюць увагу, што праект закону таксама прадугледжвае выключэнні, пры якіх не трэба ўключацца ў рэестр, але сярод іх няма размяшчэння рэкламы ў інтэрнэце. Гэта азначае, што калі ўказаны праект будзе прыняты, то блогерам і іншым асобам для размяшчэння рэкламы на сваіх медыяплатформах і ў сацыяльных сетках давядзецца прайсці працэдуру ўключэння ў рэестр рэкламараспаўсюджвальнікаў.

    Таксама 26 верасня 2023 года ў Беларусі ўвялі забарону для фізічных асоб на ўвоз, захоўванне, абарот, эксплуатацыю і выраб квадракоптараў, якія з’яўляюцца неад’емнай часткай прафесійнай здымкі. Таксама пашыраны спіс лакацый, у якіх цяпер забаронена праводзіць фота і відэаздымку: сярод іх пералічаны вакзалы, метро, чыгунка, аэрапорты ды іншыя месцы. Усё гэта відавочна не спрыяе дабрабыту ў беларускім блогінгу. 

    Затрыманні блогераў

    З моманту апошніх выбараў сілавікі здзейснілі масу аблаў сярод медыйніх асоб, у тым ліку сярод блогераў.

    14 кастрычніка стала вядома пра затрыманне вядомай мінскай блогеркі, вядучай і спявачкі Ганны Бонд. Праз два дні яе судзілі па артыкуле 24.3 КаАП за непадпарадкаванне супрацоўніку міліцыі. Пазней «Вясна» пісала, што блогерку адпусцілі, але, як высветлілася, яна заставалася ў ізалятары — ёй далі 15 сутак.

    Сяргей Ціханоўскі, Ігар Лосік, Уладзіслаў Чаховіч, Андрэй Белавусаў, Міхась ЦыганкоўАляксандр КабанаўСяргей Пятрухін і іншыя беларусы былі падвергуты жорсткім рэпрэсіям за іх справу — блогерства. Таму не застаецца сумневаў, што адкрыццё новай спецыяльнасці магчыма толькі з мэтай паперакульваць кавуны з Лукашэнкам ды патрымаць кувалду з Азаронкам

    Чытайце яшчэ:

    Беларускім блогерам прыйдзецца ўвайсці ў рэестр распаўсюднікаў рэкламы?

    Блогера Уладзіміра Цыгановіча, ужо асуджаннага на 16 гадоў, зноў будуць судзіць

    «Тут не смажаць бульбу, тут смажаць людзей». Павел Вінаградаў пра ўмовы свайго зняволення

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia

    Больш матэрыялаў

    Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці