490

«Тут не смажаць бульбу, тут смажаць людзей». Павел Вінаградаў пра ўмовы свайго зняволення

20.11.2023 Крыніца: Беларуская асацыяцыя журналістаў

Шэсць месяцаў з сямі палітзняволены актывіст і блогер правёў у штрафным ізалятары калоніі ў Ваўкавыску.

«Дарагі Фэйсбук. Паша Вінаградаў перадае табе прывітанні: «Апошнія амаль шэсць месяцаў з сямі правёў у ШІЗА з дробнымі перапынкамі. Зараз атрымаў два месяцы ПКТ (памяшканне камернага тыпу — БАЖ). Свядомасць ясная, малады, прыгожы, разумны — гэта мне павукі ў ШІЗА нашапталі. Гэта — строгі рэжым, тут не смажаць бульбу, тут смажаць людзей», — пераказала словы Паўла ягоная жонка Святлана Вінаградава ў Facebook.

Павел Вінаградаў — грамадскі актывіст, блогер, тэлевядоўца.

Яго затрымалі 22 снежня 2021 года ў Беразіне, дзе ён жыў з сям’ёй. За допіс у Facebook Паўла абвінавацілі паводле трох крымінальных артыкулаў: арт. 130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці), арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), арт. 387 КК (паклёп на прэзідэнта).

Суд над Паўлам Вінаградавым распачаўся 10 сакавіка 2022 года ў Мінскім абласным судзе і праходзіў у закрытым рэжыме. Прысуд абвесцілі 16 сакавіка 2022 года — пазбаўленне волі на 5 гадоў з адбыццём у калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

10 чэрвеня 2022 года суддзя Вярхоўнага суда Уладзімір Давыдаў пакінуў гэты вырак у сіле, і Паўла этапавалі ў папраўчую калонію № 11 у Ваўкавыск.

Неўзабаве стала вядома, што Павел захварэў на сухоты. Яго перавялі ў Оршу ў спецыялізаваную калонію № 12, дзе ўтрымліваюць асуджаных, якія хварэюць на туберкулёз. К таму часу малады мужчына рэзка страціў вагу — схуднеў на 36 кілаграмаў.

Але такі стан здароўя вязня не перашкодзіў адміністрацыі ПК-12 змясціць яго амаль адразу ў штрафны ізалятар на месяц і пазбавіць харчовай перадачы ад сваякоў.

Пасля ШІЗА Вінаградава паўгода трымалі памяшканне камернага тыпу (ПКТ). Пасля завяршэння курсу лячэння ў ПК-12 сёлета ў лютым яго вярнулі ў ваўкавыскую калонію.

Яшчэ ў жодзінскай турме, дзе Паўла ўтрымлівалі да суда, яго паставілі на ўлік як «схільнага да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю і хуліганскіх праяў». Падчас следства таксама трымалі тыдзень у ШІЗА.

Грамадскі актывіст стаў палітвязнем другі раз. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года яго асудзілі на 4 гады зняволення па абвінавачанні ва ўдзеле ў пратэстах.

Павел Вінаградаў — адзін з рэкардсменаў у прэвентыўных затрыманнях, яго затрымлівалі літаральна перад усімі масавымі мерапрыемствамі.

Незадоўга да затрымання, у лістападзе 2021 года, Павел Вінаградаў пасля чарговага паходу ў Следчы камітэт у якасці фігуранта той самай справы, за якую ён атрымае 5 год калоніі, сказаў у інтэрв'ю «Радыё Свабода», што не збіраецца пакідаць Беларусь.

«Мой прагноз, што ўсё гэта скончыцца добра. Калі гэтае “добра” будзе, я сказаць не вазьмуся. Але будзе дакладна. У 2020 годзе мы ўсе думалі, што ўжо вось-вось. У 2021 ужо няма такога адчування. Але ў Беларусі проста няма іншага выбару, як стаць нармальнай дэмакратычнай краінай», — зазначыў тады Павел Вінаградаў.

Падтрымайце Паўла! Лісты, паштоўкі і тэлеграмы можна дасылаць на адрас: Папраўчая калонія № 11, 231900, Гродзенская вобласць, г. Ваўкавыск, вуліца Ракасоўскага, 118. Павел Юр'евіч Вінаградаў.

Чытайце яшчэ:

Журналіста Паўла Мажэйку ўнеслі ў так званы спіс экстрэмістаў

Вярхоўны суд разгледзіць апеляцыйныя скаргі відэааператара Вячаслава Лазарава і Таццяны Пыцько

Алег Груздзіловіч: «Калі мяне катавалі,то сказалі спаць на драўлянай падлозе»

Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!