• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    З Польшчы дэпартавалі ўкраінскіх журналістаў. Яны рабілі расследаванне пра польска-расійскія гандлёвыя сувязі

    У Польшчы затрымалі журналістаў інфармацыйнага агенцтва Rayon.in.ua, якія здымалі гандаль на мяжы з РФ. У медыйшчыкаў забралі тэхніку і выдалілі запісы, а праз суткі дэпартавалі з краіны. Рэдакцыя звярнулася па падтрымку ў міжнародныя журналісцкія арганізацыі.

    Журналіст Юры Канкевіч у студыі. Фота: Rayon.in.ua

     

    Пра гэты выпадак паведаміла на сваім сайце агенцтва Rayon.in.ua 13 сакавіка. Паводле выдання, рэдактара ​​Юрыя Канкевіча і відэааператара Аляксандра Пілюка затрымалі 7 сакавіка падчас здымак перасячэння мяжы грузавымі цягнікамі і аўтамабілямі паміж Калінінградскай вобласцю РФ і Польшчай. Паліцэйскія забралі маёмасць журналістаў: смартфоны, камеры, ноўтбукі, карты памяці, мікрафоны, навушнікі, паўэрбанкі і нават сэлфі-палкі.

    Прычынай затрымання паліцыя назвала тое, што журналісты занадта доўга фатаграфавалі крытычна важную інфраструктуру, а менавіта вагоны з расійскім звадкаваным газам.

    «Район. Закардон адправіўся на поўнач Польшчы, да мяжы з Калінінградскай вобласцю РФ, каб паглядзець, як газ і збожжа з Расеі да гэтага часу ідуць праз Польшчу ў Еўропу. Мы не сустрэлі там ніводнага блокпосту польскіх фермераў, затое бачылі вагоны РЖД — Расійскай чыгункі. Польская паліцыя нас затрымала і канфіскавала маёмасць, не апавясціла консула, не дала магчымасці датэлефанавацца ва Украіну, а Агенцыя ўнутранай бяспекі назвала нас асобамі, якія пагражаюць нацыянальнай бяспецы Польшчы, і выслала», — кажа журналіст Юры Канкевіч.

    «Рэакцыя польскіх праваахоўнікаў пагражае свабодзе слова»

    Rayon.in.ua звярнуўся да дзяржаўных органаў Украіны і Польшчы з просьбай адэкватна адрэагаваць на гэты інцыдэнт.

    «Цяпер рэдакцыя самастойна пачала працэс абскарджвання дэпартацыі, якая забараняе нашым журналістам наведваць краіны Шэнгенскай зоны на працягу 5 гадоў. Але мы звяртаемся па падтрымку да міжнародных журналісцкіх арганізацый, бо такая рэакцыя польскіх праваахоўнікаў пагражае свабодзе слова не толькі для ўкраінскіх журналістаў», — кажа дырэктар Rayon.in.ua Ігар Дзенісевіч.

    Рэдакцыя Rayon.in.ua заклікала Нацыянальны саюз журналістаў Украіны і Незалежны медыяпрафсаюз Украіны звярнуцца да Асацыяцыі польскіх журналістаў і Міжнароднай і Еўрапейскай федэрацыяў журналістаў, каб абараніць правы супрацоўнікаў медыя.

    Падобны выпадак здарыўся ў лютым 2024 года, калі польскія праваахоўнікі затрымалі каля польска-беларускай мяжы журналістаў «Украінскай праўды» Міхася Ткача і Яраслава Бандарэнка. Яны здымалі матэрыял пра транзіт прадукцыі паміж Польшчай, Беларуссю і Расіяй.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці