• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Блогера Аляксандра Ігнацюка пачнуць судзіць 15 сакавіка. Абвінавачанне ў садзеянні экстрэмізму знялі, але дадалі новае

    Блогер Аляксандр Ігнацюк. Скрыншот відэа

    Пачатак судовага працэсу па справе Аляксандра Ігнацюка ў Столінскім раённым судзе анансаваны на 15 сакавіка а 10‑й раніцы. Блогера вінавацяць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса.

    Весьці працэс прызначаны суддзя Столінскага раённага суда Сяргей Насеня.

    Супраць былога журналіста, блогера Аляксандра Ігнацюка высунутыя крымінальныя абвінавачанні паводле:

    - ч. 2 арт. 367 КК (паклёп на прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, здзейснены асобай, якую раней ужо судзілі за паклёп ці абразу),

    - ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак альбо актыўны ўдзел у іх),

    - ч. 1 арт. 208 КК (вымагальніцтва),

    - ч. 2 арт. 208 КК (вымагальніцтва, здзейсненае паўторна, альбо групай асоб па папярэдняй дамоўленасці, альбо з прымяненнем гвалту, які не нясе небяспекі жыццю ці здароўю пацярпелага, альбо пад пагрозай забойства ці нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, альбо спалучанае са знішчэннем ці пашкоджаннем маёмасці, альбо з мэтай атрымання маёмаснай выгады ў буйным памеры).

    Санкцыя апошняга абвінавачання прадугледжвае пакаранне да 10 гадоў зняволення.

    Днямі прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі паведамляла, што Аляксандра Ігнацюка, апрача як у вымагальніцтве і паклёпе на Аляксандра Лукашэнку, вінавацяць у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (арт. 361–4 КК). Але падчас падрыхтоўкі ягонай справы да суду гэтае абвінавачанне скасавалі. Цяпер следства лічыць блогера вінаватым у тым ліку і паводле «народнага» артыкула — арт. 342 КК, які звычайна прымяняюць супраць удзельнікаў мірных паслявыбарчых пратэстаў 2020 года.

    У паведамленні на афіцыйным тэлеграм-канале Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі сцвярджалася, што Ігнацюк садзейнічаў дзейнасці «экстрэмісцкага» тэлеграм-канала, адміністратары якога знаходзяцца за мяжой, «сістэматычна імкнуўся дыскрэдытаваць дзяржаўныя органы» і «спрабаваў уладкавацца на працу ў экстрэмісцкія інтэрнэт-крыніцы».

    Таксама МУС заяўляла, што затрыманы вырабляў відэаролікі з «кампраматам» на мясцовых прадпрымальнікаў і вымагаў з іх грошы, пагражаючы апублікаваць гэтыя факты ў інтэрнэце, і што нібыта ад дзейнасці блогера пацярпелі трое жыхароў Столінскага раёна.

    Відэаблогера Аляксандра Ігнацюка затрымалі 18 ліпеня 2023 года. Пра гэта стала вядома выпадкова: ён даўно жыў адзін у аддаленай вёсцы Пінскага раёна, і сябры занепакоіліся пра ягоны лёс пасля таго, як ён цягам некалькіх тыдняў не выходзіў на сувязь. Сілавое ведамства паказала кадры затрымання, якое, як вынікае, было ініцыяванае ГУБАЗіКам. На відэа бачна, як у вясковую хату Ігнацюка ўваходзяць узброеныя і ў поўнай экіпіроўцы байцы АМАП. 

    17 жніўня 2023 года беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Ігнацюка палітычным вязнем.

    Блогер Аляксандр Ігнацюк. Фота: з уласнага архіва

    Аляксандр Ігнацюк вядомы тым, што напрыканцы 90‑х – пачатку 2000‑х выдаваў незалежную рэгіянальную газету «Вечерний Столин» і быў яе галоўным рэдактарам.

    У 2003 годзе, паводле загаду тагачаснага міністра інфармацыі Міхаіла Падгайнага, выпуск газеты прыпыняўся на тры месяцы, бо рэдакцыя нібыта парушыла артыкул 5 «Закона аб друку і іншых СМІ». Газета «Вечерний Столин» аднавіла выхад у кастрычніку 2003 года, аднак ужо ў снежні суд прызнаў Аляксандра Ігнацюка вінаватым у абразе былога старшыні Столінскага райвыканкама Уладзіміра Пашкевіча. Тады рэдактара газеты паводле крымінальнага артыкула 369 пакаралі штрафам памерам 30 базавых велічынь, што складала на той час каля 230 долараў. Менавіта гэты выпадак прыгадвае цяпер прэсавая служба МУС, згадваючы, што Ігнацюк «быў асуджаны за абразу прадстаўніка ўлады».

    У лютым 2004 года заснавальнік і галоўны рэдактар «Вечернего Столина» зноў атрымаў па пошце папярэджанне і загад аб прыпыненні выдання на тры месяцы. Абодва дакументы былі падпісаныя міністрам інфармацыі Уладзімірам Русакевічам. На думку міністра, газета груба парушала дзейнае заканадаўства: у прыватнасці, артыкулы 30 і 11 закона «Аб друку» і некалькі пастаноў Савета міністраў.

    Рэдакцыю вінавацілі ў тым, што рэкламныя матэрыялы перавышаюць 30% аб’ёму нумароў, хоць «газета не зарэгістраваная ў якасці спецыялізаванага сродку масавай інфармацыі для паведамленняў і матэрыялаў рэкламнага характару».

    Другая прэтэнзія да газеты тычылася змены яе тэматыкі і мовы без пісьмовага апавяшчэння рэгіструючага органа. У папярэджанні вялася гаворка пра тое, што выданне змяніла тэматыку з «вытворча-практычнай і для вольнага часу на масава-палітычную», а замест рускай і беларускай моў перайшло на рускую, не спавясціўшы пра гэта Міністэрства інфармацыі ў належны тэрмін.

    У выніку выхад газеты «Вечерний Столин» больш не аднавіўся. Пасля таго Аляксандр Ігнацюк стварыў сайт «Про Столин», працаваў як журналіст-фрылансер і займаўся блогерствам — здымаў відэаролікі, якія размяшчаў на старонках сайта, а таксама ў Tik­Tok, YouTube і Insta­gram.

    Сёлета 13 лютага суд Ленінскага раёна Брэста прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» інтэрнэт-сайт stolin.bу (раней ён ужо быў заблакаваны Міністэртвам інфармацыі на тэрыторыі Беларусі), а таксама персанальную старонку рэдактара гэтага сайта Аляксандра Ігнацюка ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте». Праз тры дні, 16 лютага,  гэты ж суд паўторна  надаў столінскаму сайту «экстрэмісцкі» статус.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці