• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Асуджанага журналіста Аляксандра Зянкова МУС унёс у пералік «экстрэмістаў»

    Імя барысаўскага фатографа і відэааператара-фрылансера Аляксандра Зянкова, асуджанага да трох гадоў пазбаўлення волі, з’явілася ў Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці на сайце Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.

    Аляксандр Зянкоў. Фота: LinkedIn

    З дакумента, абноўленага 6 траўня, вынікае, што Аляксандр Зянкоў ужо адбывае прысуд.

    Фотажурналіста накіравалі ў папраўчую калонію №15, што месціцца ў Магілёве.

    16 красавіка Вярхоўны суд у асобе суддзі Таццяны Васілевіч не задаволіў апеляцыйную скаргу журналіста і пакінуў у сіле вырак Мінскага гарадскога суда, які 30 студзеня прызнаў Зянкова вінаватым па частцы 3 артыкула 361–1 Крымінальнага кодэкса (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні). Суддзя Мінскага гарадского суда Жанна Брысіна прысудзіла Зянкову тры гады пазбаўлення волі з адбыццём у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. За кратамі барысаўскі фатограф і відэааператар знаходзіцца ўжо 11-ты месяц.

    Аляксандра Зянкова затрымалі 22 чэрвеня 2023 года ў яго доме ў Барысаве. Сілавікі зладзілі там ператрус і забралі камп’ютарную тэхніку. Журналіста адразу адвезлі ў Мінск і 10 дзён трымалі ў ізалятары часовага ўтрымання на вуліцы Акрэсціна. Паводле аднаго з ягоных сукамернікаў па ІЧУ, Аляксандр не прызнаваў сябе вінаватым і  адмовіўся ад паслуг прадстаўленага дзяржаўнага адваката.  Доказы супраць яго нібыта знайшлі ў тэхнічным абсталяванні, якое забралі з дома пасля ператрусу, — гэта былі відэаздымкі, паказаныя на медыярэсурсе, абвешчаным уладамі «экстрэмісцкім фарміраваннем».

    Зянкову прад’явілі абвінавачанне паводле крымінальнага артыкула за ўдзел у экстрэмісцкім фарміраванні і перавялі ў СІЗА‑1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Там журналіста ўтрымлівалі пад вартай да судовага працэсу ў Мінскім гарсудзе і яшчэ некаторы час пасля — да адпраўкі ў СІЗА пры магілёўскай турме № 4, дзе ён чакаў рашэння Вярхоўнага суда па сваёй апеляцыйнай скарзе.

    23 студзеня 2024 года беларуская праваабарончая супольнасць прызнала журналіста-фрылансера палітычным вязнем. Гэтаксама ў студзені на знак падтрымкі затрыманых фрылансераў Аляксандра Зянкова (Барысаў) , Яўгена Глушкова (Магілёў) і Алеся Сабалеўскага (Магілёў) выступіў Камітэт па абароне журналістаў (CPJ).

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці