• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Жонка Дзяніса Івашына пра перавод мужа ў турму: Досыць дзіўна гэта ўсё выглядае

    Палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына перавялі на строгі турэмны рэжым у жодзінскую турму з магілёўскай калоніі. Пра гэта стала вядома на мінулых выходных. У эфіры «Белсату» паразмаўлялі з жонкай Дзяніса аб тым, што стала прычынаю перавода і што вядома пра ўмовы ўтрымання палітвязня.

    Жонка Дзяніса Івашына Вольга распавядае, што ўжо 840 дзён ейны муж знаходзіцца ў палоне і дакладных звестак пра тое, як ён сябе адчувае пасля пераводу ў турму, яна не ведае. «Лістоў пакуль няма і не ведаю, з чым гэта звязана. Можа быць на пошце затрымаліся ці цэнзура ў адпачынку, невядома», – кажа Вольга.

    Таксама Вольга дакладна не ведае, што сталася прычынаю перавода Дзяніса Івашына з калоніі ў турму.

    «Пра гэта мы не ведаем і досыць дзіўна гэта ўсё выглядае. Наколькі мы ведаем, за паслугі адваката не плацілі, а значыць яго нікуды не выклікалі. А як падобны перавод можна было без суда аформіць, нават такога бутафорскага, гэта ніяк немагчыма патлумачыць. Мы пакуль яшчэ не ведаем, як гэта адбылося, але хацелі бы даведацца», – распавядае яна.

    Асноўнай з верагодных прычынаў пераводу Вольга Івашына называе пагаршэнне ўмоваў утрымання за кратамі. Паводле ейных словаў, найбольш вядомых палітвязняў, такіх як філосаф Уладзімір Мацкевіч ці палітык Павел Севярынец, у сярэднім праз 1,5 гады ўтрымання ў калоніі пераводзяць на турэмны рэжым каб пагоршыць умовы. Але Вольга зазначае, што і ў цяперашніх калоніях «выжыць без добрага здароўя цяжкавата».

    «Я ведаю, што Дзяніса збівалі ў калоніі №15, неяк не ўзлюбілі яго і можа быць такім чынам вырашылі адпомсціць. А можа гэта быць такі цэнтралізаваны загад, каб усіх палітвязняў пераводзіць на турэмны рэжым», – мяркуе жонка палітзняволенага журналіста.

    «Трымаемся толькі вераю ў тое, што праўда за намі, на нашым баку і праўда мусіць перамагчы», – дадае Вольга.

    У верасні мінулага года журналіста Дзяніса Івашына прыгаварылі да 13 гадоў і 1 месяца калоніі ўзмоцненага рэжыму і штрафу памерам 150 базавых адзінак. Кожнаму з дзевяці «пацярпелых» Івашын павінен выплаціць 2000 рублёў. Суд над журналістам пачаўся 15 жніўня і праходзіў у закрытым рэжыме. Вядома, што ў першы дзень перад пачаткам суда Дзяніс Івашын выкрыкнуў у калідоры «Жыве Беларусь! Слава Украіне!».

    Журналісту выставілі абвінавачванне паводле арт. 365 («Умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных справаў») і ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу («Здрада дзяржаве»). КДБ абвінаваціў Дзяніса ў супрацы з украінскаю выведкаю. Сваякі і калегі мяркуюць, што затрыманне звязанае з ягоным апошнім расследаваннем пра былых байцоў украінскага «Беркута», якія пасля ўцёкаў з Украіны ўладкаваліся на працу ў беларускі АМАП.

    Дзяніс Івашын правёў у СІЗА гарадзенскай турмы 18 месяцаў. За гэты час ён перажыў сэрцавы прыступ, перахварэў на невядомую інфекцыю. На вязня ціснулі: яму блакавалі ліставанне з роднымі, яго неаднаразова кідалі ў карцар. У траўні 2021 года ў Івашына памерла бабуля, аднак яго не пусцілі на пахаванне.

    Чытайце яшчэ: 

    «Будзем працягваць да таго часу, пакуль не спыняцца рэпрэсіі». Міжнародны інстытут прэсы пачаў у Twitter праект па Беларусі

    Восем месяцаў таму партал «Трыбуна» запусціў беларускамоўную версію. Вынікі натхняльныя

    Эксклюзівы і інсайды пра Гомель і вобласць: як пратэсны праект урбаністаў ператварыўся ў паспяховае рэгіянальнае выданне

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці