Журналіст Алесь Асіпцоў — у магілёўскім ізалятары. Заўтра суд
Журналіст знік пасля акцыі “Антыпарад” у суботу і дадому не вярнуўся.
Каля 13‑й гадзіны дня ў суботу з ім размаўляла мясцовая журналістка. Алесь распавёў, што сеў у машыну да некага з удзельнікаў акцыі пратэсту і яны ездзяць па горадзе. Неўзабаве ён перастаў выходзіць на сувязь.
Алесь Асіпцоў — пазаштатны карэспандэнт “БелаПАН”. Жыве ў Магілёве. У Бабруйск прыехаў асвятляць акцыю аўтамабілістаў “Антыпарад”, якая планавалася на Дзень перамогі.
Як распавяла журналістка з Бабруйску Марына Маўчанава, з самай раніцы Алесь быў з ёй на сувязі, яны сазваніваліся і распавядалі адзін аднаму, што дзе ў горадзе адбываецца. У 12.38 Марына чарговы раз яму патэлефанавала. Асіпцоў распавёў, што сеў у машыну да ўдзельнікаў акцыі і яны разам недзе ездзяць па горадзе. А ўжо праз некаторы час калегі журналіста пачалі пісаць, што ён не выходзіць на сувязь.
“Сапраўды, тэлефон быў недасяжны. Але ў нас падчас акцыі пратэсту глушылі інтэрнэт, шмат да каго цяжка было дазваніцца, таму спачатку не хваляваліся. Але Алесь не выйшаў на сувязь і ўвечары”, — кажа Марына.
Падчас “Антыпараду” затрымалі каля 20 чалавек — удзельнікаў акцыі. Вечарам іх сталі адпускаць, але ці ўсе выйшлі на волю — дакладна невядома.
Паводле калегаў Асіпцова, і яны, і ягоная жонка ўчора тэлефанавалі ў бабруйскія УУС і РАУС, а таксама ў ДПС, там не далі ніякай дакладнай інфармацыі пра Алеся, а жонцы параілі пісаць заяву аб знікненні.
Дададзена ў 11:10. Дачка журналіста прасачыла тэлефон бацькі праз адмысловую праграму — апарат знаходзіцца ў Бабруйску, на вуліцы Гогаля, 18. Гэта аддзел міліцыі Ленінскага раёна Бабруйска.
Дададзена ў 16:20. Магілёўскі актывіст Валадар Цурпанаў высветліў, што Алесь Асіпцоў, верагодна, знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання ў Магілёве і ў панядзелак над журналістам пройдзе суд. Па якім артыкуле — невядома.
Дададзена ў 19:00. Жонцы журналіста афіцыйна паведамілі, што Алесь Асіпцоў сапраўды знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання ў Магілёве. У панядзелак над ім пройдзе суд «па адміністрацыйнай справе». Хутчэй за ўсё размова ідзе пра абвінавачанне ва ўдзеле ў акцыі.
У панядзелак у Магілёве і Глыбокім пройдуць таксама суды над іншымі затрыманымі журналістамі — Аляксандрам Бураковым, Міхаілам Аршынскім і Змітром Лупачам. Іх таксама вінававяць ва ўдзеле ў акцыях, якія яны асвятлялі.
У Магілёве і Глыбокім пачынаюцца суды над журналістамі АБНАЎЛЯЕЦЦА