• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналіст Дзяніс Івашын прызнаны палітвязнем

    Гарадзенскага журналіста Дзяніса Івашына затрымалі 12 сакавіка. Апошні яго матэрыял для «Новага Часу» быў пра тое, як былыя ўкраінскія супрацоўнікі «Беркута» паспяхова ўладкаваліся на службу ў беларускую міліцыю. Таксама ён з'яўляецца журналістам і рэдактарам беларускай службы сайта «ІнформНапалм».

    Супольная заява беларускіх праваабарончых арганізацый

    Мінск, 24 сакавіка 2021 г.

    12 сакавіка супрацоўнікамі КДБ Беларусі быў затрыманы журналіст з Гародні Дзяніс Івашын, які займаецца журналісцкімі расследаваннямі. У Беларусі ён супрацоўнічае з рэдакцыяй газеты «Новы Час». Апошні яго матэрыял для «Новага Часу» быў пра тое, як былыя ўкраінскія супрацоўнікі “Беркут” паспяхова ўладкаваліся на службу ў беларускую міліцыю. Таксама ён з’яўляецца журналістам і рэдактарам беларускай службы сайта «ІнформНапалм».

    У той жа дзень 12 сакавіка сілавікамі былі праведзены вобшукі ў кватэры журналіста, дома ў маці Дзяніса, а 15 сакавіка адбыўся вобшук у яго 95-гадовай бабулі.

    У дачыненні да Дзяніса Івашына была абраная мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай на два месяцы.

    20 сакавіка стала вядома, што Дзянісу Івашыну прад’явілі абвінавачванне па арт. 365 Крымінальнага кодэкса, нібыта, за уздзеянне на супрацоўніка органаў унутраных спраў з мэтай змены характару яго законнай дзейнасці шляхам абвяшчэння звестак, якія ён жадае захаваць у таямніцы.

    У сувязі з абраннем журналісту Дзянісу Івашыну меры стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай і з прад’яўленнем яму абвінавачванняў па арт. 365 КК мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, адзначаем наступнае:

    Дзейнасць Дзяніса Івашына ў якасці журналіста пры правядзенні журналісцкіх расследаванняў пры падрыхтоўцы серыі публікацый аб праходжанні службы былых супрацоўнікаў спецыяльнага падраздзялення ўкраінскай міліцыі «Беркут» ў складзе атрадаў міліцыі асаблівага прызначэння Беларусі (АМАП) пераследвала легітымную мэту давядзення да ведама грамадства інфармацыі, якая прадстаўляе сацыяльную значнасць.

    Інфармацыя для правядзення журналісцкага расследавання бралася з адкрытых крыніц.

    У адпаведнасці з п. 30 Заўваг агульнага парадку Камітэта ААН па правах чалавека № 34. «Артыкул 19: Свабода меркаванняў і іх выказвання» дзяржавам-удзельніцам неабходна вельмі старанна падыходзіць да забеспячэння строгага выканання патрабаванняў пункта 3 арт. 19 МПГПП ў працэсе распрацоўкі і прымянення законаў, якія тычацца нацыянальнай бяспекі, службовай таямніцы, барацьбы з падрыўной дзейнасцю ці іншых сфер. Напрыклад, парушэнне пункта 3 уяўляе сабой спасылкі на такія законы, з тым каб утрымаць або ўтаіць ад шырокай грамадскасці інфармацыю, якая прадстаўляе законны грамадскі інтарэс і не пагражае нацыянальнай бяспеке, а таксама каб пераследваць журналістаў, даследчыкаў або іншых асоб за распаўсюд такой інфармацыі.

    Такім чынам, гэтыя дзеянні з’яўляюцца негвалтоўнай рэалізацыяй свабоды пошуку і распаўсюдыі інфармацыі, трапляюць пад абарону арт. 19 МПГПП і іх нельга кваліфікаваць як «уздзеянне на супрацоўніка органаў унутраных спраў з мэтай змены характару яго законнай дзейнасці».

    У гэтым кантэксце лічым ўтрыманне пад вартай Дзяніса Івашына  палітычна матываваным, а яго самаго палітычным зняволеным ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”.

    У сувязі з гэтым, мы, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі, патрабуем:

    1. Неадкладнага і безумоўнага вызвалення з‑пад варты Дзяніса Івашына і спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да яго.

    2. Неадкладнага вызваленн ўсіх палітвязняў і спынення палітычных рэпрэсій у краіне.

    Беларуская асацыяцыя журналістаў;

    Праваабарончы цэнтр “Вясна”;

    РГА «Прававая ініцыятыва”;

    Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;

    Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

    РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт»;

    Беларускі ПЭН-цэнтр;

    Беларускі дакументацыйны цэнтр

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці