• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналіст Караль Гусеніца: Падзеі ў Беларусі ў 2020-ым былі важныя для палякаў праз агульнага ворага — Расію

    Польшча — адна з найбольш папулярных краін для выбару часовага месца жыхарства для тых грамадзян Беларусі, якія вымушаныя былі пакінуць радзіму з прычыны пераследу рэжымам. Са жніўня 2020 года яна прыняла дзясяткі тысяч беларусаў у выгнанні. Улады Польшчы шмат робяць для таго, каб спрасціць для нашых суайчыннікаў умовы легалізацыі і адаптацыі. Але што ведаюць пра беларусаў звычайныя палякі, ці змянілася стаўленне пасля пачатку вайны Расіі супраць Украіны, якую падтрымлівае рэжым Лукашэнкі, і як увогуле выглядае Беларусь у польскіх медыя? Пра гэта пагаварылі з журналістам партала Goniec.pl Каралем Гусеніцам.

    — Як можна вызначыць тэматычную скіраванасць партала Goniec.pl, дзе вы працуеце?

    — Гэта шматпрофільнае медыя. Мы публікуем навіны, вялікую ўвагу надаем палітычным, сацыяльным і геапалітычным пытанням, таксама распавядаем пра паўсядзённае жыццё палякаў. Партал Goniec.pl гэта частка польскай медыягрупы Iberi­on, якая стварае мультымедыйны кантэнт, што распаўсюджваецца праз сацыяльныя сеткі, вэб-сайты і ютуб-каналы. У партала толькі ў Фэйсбуку больш за паўтара мільёны падпісчыкаў.

    — Наколькі шырока ўкраінская тэма асвятляецца ў вашым медыя і ў польскіх СМІ ўвогуле? Як змяніўся змест ад пачатку вайны, якія тэмы актуальныя?

    — У польскіх СМІ тэма вайны ва Украіне па-ранейшаму асвятляецца вельмі шырока, хоць, вядома, радзей, чым у першыя месяцы расійскага ўварвання. Некаторыя польскія СМІ ўсё яшчэ вядуць «прамыя рэпартажы» пра вайну ва Украіне, але яны ўжо не такія падрабязныя, як гэта было на пачатку. Цікавасць да тэмы вайны сярод польскай аўдыторыі знізілася ў параўнанні з 2022 годам. І паводле некаторых даследаванняў, узровень падтрымкі ўкраінцаў палякамі паступова зніжаецца. Цяпер большую цікавасць выклікаюць толькі самыя важныя падзеі, напрыклад, наконт контрнаступу ўкраінскіх войскаў або інфармацыя пра сутыкненні на расійскай тэрыторыі.

    — Ці мае расійская прапаганда ўплыў у Польшчы? Ці даводзіцца змагацца з фэйкамі і прапагандай? Тут можна ўзгадаць падпісаны нядаўна прэзідэнтам Польшчы Закон аб камісіі па расследаванні расійскага ўплыву.

    — Уплыў расійскай прапаганды ў Польшчы актуальны. Гэтай тэме вялікую ўвагу надаюць як польскія ўлады, так і СМІ. Пасля пачатку вайны ва Украіне пра расійскі ўплыў у Польшчы сталі казаць значна больш, хаця да гэтага часу многія людзі не ўсведамляюць яго важнасці. Улады і СМІ спрабуюць змагацца з расійскай прапагандай, дэлегітымізуючы некаторыя пасланні Крамля. На жаль, паколькі ў Польшчы ідзе перадвыбарчая кампанія, тэма расійскага ўплыву стала часткай палітычнай барацьбы. Шмат хто разглядае Закон аб стварэнні камісіі як спробу ліквідаваць палітычных супернікаў цяперашняга ўрада, а не як рэальнае расследаванне расійскага ўплыву ў Польшчы.

    — Якое стаўленне да Лукашэнкі ў Польшчы? Ці падзяляюць беларускі рэжым і беларускі народ?

    — Лукашэнка ў Польшчы — хутчэй элемент жарту, і ўсё, што ён кажа, не ўспрымаецца ўсур’ёз. Большасць палякаў лічаць яго марыянеткай Пуціна. У многіх медыя, у нашым у тым ліку, проста пра Лукашэнку не гавораць, а толькі ў той ці іншай узаемасувязі з Пуціным. Нельга не адзначыць, у Польшчы ёсць арганізацыі, якія падтрымліваюць і Лукашэнку, і Пуціна, але такіх людзей мала. Палякі аддзяляюць рэжым Лукашэнкі ад беларускага народа, і іх стаўленне да беларусаў станоўчае.

    — Ці асвятляла ваша СМІ падзеі ў Беларусі ў 2020 годзе? І як вы бачылі гэтыя падзеі збоку?

    — Падчас пратэстаў 2020 года ў Беларусі я працаваў на іншым партале навін, і там мы асвятлялі пратэсты ў рэжыме рэальнага часу. Падзеі ў Беларусі былі важныя для палякаў праз агульнага ворага — Расію. Частка палякаў спадзявалася, што пратэсты 2020 года — гэта шанец прынесці дэмакратыю ў Беларусь, але была і апаска наконт таго, што адбудзецца, калі пратэстоўцы перамогуць.

    Многія баяліся, што тады Пуцін увядзе свае войскі ў Беларусь, і дзяржава ўвогуле перастане існаваць і стане яшчэ адной правінцыяй Расіі.

    — Шмат беларусаў з’ехала ў Польшчу пасля падзей 2020 года. Як палякі ставяцца да беларусаў, якія зараз прыязджаюць у Польшчу? Ці паўплывала на настроі вайна ва Украіне?

    — Палякі ставяцца да беларусаў даволі пазітыўна. Аднак большасць насельніцтва ўжо не так актыўна цікавіцца падзеямі ў Беларусі, таму агулам стаўленне да прыезджых даволі абыякавае.

    Я не заўважыў, каб стаўленне моцна змянілася пасля пачатку вайны, але, вядома, ёсць некаторыя палякі, якія мала ведаюць пра падзеі ў Беларусі і могуць варожа ставіцца да беларусаў пра тое, што Лукашэнка дапамагае Пуціну ў вайне супраць Украіны і ўвесь час пагражае Польшчы.

    — Ці прысутнічае цяпер тэма Беларусі ў вашым медыя? У Польшчы жывуць вядомыя апазіцыйныя дзеячы — ці запрашаюць іх у эфіры у якасці каментатараў?

    — Як я ўжо казаў, цяпер тэма Беларусі адышла на другі план. Большасць СМІ занятыя падзеямі ва Украіне і палітыкай у нашай краіне ў сувязі з выбарамі ў Сейм, якія мусяць адбыцца ўвосень.

    Прадстаўнікі беларускай апазіцыі прысутнічаюць у Польшчы, іх запрашаюць у СМІ з нагоды важных падзей, якія тычацца Беларусі — такіх, як роля рэжыму Лукашэнкі ва ўварванні ва Украіну або сітуацыя з польскімі актывістамі ў Беларусі.

    Напрыклад, наша рэдакцыя рабіла інтэрвʼю з кіраўніком Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, прадстаўніком Абʼяднанага пераходнага кабінета Беларусі Паўлам Латушкам.

    Многія СМІ ў Польшчы шырока каментуюць тэму пераследу польскіх актывістаў у Беларусі, такіх як Анджэй Пачобут, Анжаліка Борыс, гавораць пра прыгнёт польскай меншасці, пра разбурэнні магіл польскіх салдат.

    Таксама шмат пішуць пра санкцыі, якія Польшча прымяняе супраць Беларусі, напрыклад, пра закрыццё беларуска-польскай мяжы.

    — У Польшчы жыве зараз шмат беларусаў у выгнанні, ці можна пабачыць у польскіх СМІ іх гісторыі?

    — У сувязі з вайной ва Украіне гэта — галоўная тэма «з усходу», якая ўзнімаецца ў Польшчы, але адразу пасля пратэстаў 2020 года многія беларусы выступалі ў польскіх СМІ. Я памятаю, як уздымаліся тэмы дапамогі беларусам, у тым ліку беларускім студэнтам, адлічаным з беларускіх ВНУ ці падтрымкі беларускіх артыстаў, вымушаных уцякаць з краіны.

    — Беларускія прапагандысцкія СМІ пастаянна малююць ворага ў выглядзе Польшчы, якая, паводле іх выказванняў, рыхтуецца напасці на Беларусь і захапіць частку яе тэрыторыі? Ці даходзяць такія наратывы да польскай аўдыторыі?

    — Інфармацыя пра пагрозы Лукашэнкі на адрас Польшчы ці яго хлусня пра жаданне напасці на Беларусь трапляе ў польскія СМІ. Аднак большая частка грамадскасці высмейвае іх і не ўспрымае ўсурʼёз.

    — Безумоўна, украінскі парадак дня больш моцны ў інфармацыйным плане, таму шмат з таго, што робіць рэжым Лукашэнкі, зараз асвятляецца не так часта. Наколькі важна, каб палякі ведалі больш пра беларускую рэчаіснасць?

    — Я думаю, што беларускае пытанне павінна быць важным для Польшчы, і палякі мусяць ведаць што адбываецца ў Беларусі. У Беларусі і Польшчы шмат агульнага, і калі справы ў Беларусі пойдуць дрэнна, Польшча таксама будзе пад пагрозай.

    З іншага боку, калі ў Беларусі будзе свабода, і краіна будзе развівацца, выйграе Польшча, палякі і нават уся Еўропа.

    Аднак вызваліцца ад рэжыму Лукашэнкі, вядома, будзе складана, паколькі Пуцін так проста не адпусціць Беларусь з кручка. Таму гэтае пытанне павінна вырашацца мудра, каб не пацярпела бяспека ўсёй Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

    — Некаторыя беларусы, якія жывуць у Польшчы, маюць намер застацца тут пасля перамогі дэмакратыі ў Беларусі. Ці будуць самі палякі задаволеныя тымі, хто вырашыў застацца?

    — Я думаю, што большасць польскага грамадства не будзе супраць, таму што ў цэлым беларусы не ўспрымаюцца палякамі дрэнна. Канешне, ёсць невялікія нацыяналістычныя групы, якія могуць мець нешта супраць, але гэтыя людзі, верагодна, выступаюць супраць усіх мігрантаў, і іх усё ж меншасць.

    Палякі разумеюць, з якімі праблемамі сутыкаюцца беларусы ў выгнанні, і знаходзяць рашэнні. Ёсць розныя магчымасці, каб застацца ў Польшчы. Ёсць легалізацыя на тры гады. Ёсць міжнародная абарона і дадатковая міжнародная абарона.

    Але на самой справе пакуль не так шмат беларусаў звяртаюцца па міжнародную абарону, бо яны хочуць хутка вярнуцца дадому, у дэмакратычную краіну. Польшча побач з Беларуссю, яна разумее, якія ў беларусаў ёсць праблемы, і якая ў іх барацьба.

    Чытайце яшчэ:

    «Калі журналіст будзе рабіць два вялікіх якасных матэрыялы на месяц, яму на хлеб не хопіць». Гутарка з рэжысёркай Ксеніяй Галубовіч

    «Бяда ў Менску»,— кіраўнік Радыё Свабода напісаў пра Ігара Лосіка і Андрэя Кузьнечыка ў часопісе «American Purpose»

    Сацсеткі «Вольнага Глыбокага» і «Фельетоны Лупача» абвешчаныя экстрэмісцкімі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці