• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналістка Валерыя Касцюгова падала папярэднюю скаргу на прысуд

    Хутка два гады, як у следчым ізалятары Мінска ўтрымліваецца асуджаная на працяглы тэрмін зняволення паводле «палітычных» артыкулаў Валерыя Касцюгова. Нягледзячы на суровыя выпрабаванні, жанчына захоўвае аптымізм і заклікае аднадумцаў верыць у непазбежнасць станоўчых перамен.       

    Як стала вядома ад дачкі Валерыі Касцюговай, маці захоўвае зайздросную вытрымку і рыхтуецца да працэдуры абскарджання неадэкватнага прысуду. Хоць, як вынікае з папярэдняй практыкі, шанцы на гэта мінімальныя.

    «Мама трымаецца добра — энергічная, з гумарам, куды больш аптымістычная за многіх з нас», — расказала Настасся Касцюгова.

      На гэты момант вядома, што адвакаты Валерыі Касцюговай падалі так званую папярэднюю скаргу на прысуд. Яна складаецца, каб пазбегнуць нематываванага пропуску судом тэрмінаў, вызначаных для напісання рашэння, а таксама каб удзельнік працэсу не прапусціў тэрміны падачы дакумента абскарджання.

    Наступным крокам значыцца падрыхтоўка апеляцыі для разгляду ў Вярхоўным судзе. Да завяршэння юрыдычных працэдур журналістка Валерыя Касцюгова і менеджарка публічнага адміністравання Таццяна Кузіна будуць заставацца ў следчым ізалятары. 

    Нагадаем, Валерыю Касцюгову затрымалі ў Мінску разам з мужам-аналітыкам і бацькам-інвалідам 30 чэрвеня 2021 года супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнай бяспекі. У кватэры правялі ператрус, забралі носьбіты інфармацыі. Мужчын пасля допыту адпусцілі, а журналістку выправілі ў ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна. Неўзабаве яна апынулася ў СІЗА № 1, дзе стала падазраванай па шэрагу крымінальных артыкулаў.

    Таццяну Кузіну сілавікі затрымалі на суткі раней, у ноч на 29 чэрвеня, у мінскім аэрапорце, калі тая збіралася адляцець у Грузію. Яна сузаснавальніца школы маладых менеджараў публічнага адміністравання Sym­pa, экспертка даследчага праекта Bipart. Абвінавачанні супраць яе ідэнтычныя тым, што і ў Валерыі Касцюговай.

    Аб’яднаную справу экспертак Валерыі Касцюговай і Таццяны Кузінай Мінскі гарадскі суд пачаў разглядаць сёлета ў пачатку лютага. Роўна месяц спатрэбілася суддзі Дзіне Кучук, каб агучыць рэзулятыўную частку рэзананснай справы і падчас спрэчак пачуць пазіцыю прадстаўніка  пракуратуры — па 10 гадоў пазбаўлення волі абедзьвюм фігуранткам. 17 сакавіка 2023 года першапачаткова запытаныя лічбы пакінулі без зменаў, канчатковы вердыкт замацавалі.Ад таго часу эксперткі застаюцца ў СІЗА № 1 Мінска.

    Вядомых экспертак праваабарончая супольнасць прызнала палітычнымі вязнямі і запатрабавала спыніць пераслед за грамадзянскую пазіцыю.

    Валерыя Касцюгова — рэдактарка і аўтарка аналітычнага «Беларускага штогодніка», кіраўніца групы экспертаў маніторынгу «Беларусь у фокусе». За кратамі адзначыла 55-гадовы юбілей.

    Шлях у журналістыку пачынала ў першай палове 1990‑х на беларуска-амерыканскай FM-радыёстанцыі «Бі-Эй». Пасля канстытуцыйнага рэфэрэндуму 1996 года звольнілася, перайшла ў грамадска-палітычнае выданне «Белорусская деловая газета» («БДГ»), дзе адказвала за тэму міжнародных зносін.

    Паралельна рыхтавала аналітычныя тэксты для інтэрнэт-выдання «Наше мнение», ля вытокаў якога ў 2003 годзе стаяў журналіст Аляксандр Фядута, цяпер гэтаксама палітвязень. Пасля фактычнай ліквідацыі «БДГ»  стала спачатку мадэратарам сайта, а затым галоўнай рэдактаркай.

    Ад 2008-га разам з мужам, аналітыкам Анатолем Панькоўскім, пачала рэдагаваць «Беларускі штогоднік» — збор аглядаў, прысвечанных сітуацыі ў Беларусі. Таксама яна кіраўніца Агенцтва сацыяльнай і палітычнай экспертызы пры Беларускім інстытуце стратэгічных даследаванняў.

    Аналітычны досвед Валерыі Касцюговай ацанілі і ўлады, запрасіўшы яе ў свой час ў экспертную раду кансультацыйнай пляцоўкі «Мінскі дыялог».    

    Чытайце яшчэ:

    «Для іх падзеі ў нашым рэгіёне — гэта канфлікт Расіі з краінамі-спадарожнікамі». Беларускі журналіст — пра наведванне Паўднёвай Карэі

    Эстафету падтрымкі палітзняволеных журналістаў прынялі ў Капенгагене

    «Размаўляць на роднай мове, каб будаваць «лінгвістычныя межы»». Эксперты абмеркавалі, як расійская агрэсія змяняе постсавецкую прастору

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці