Зін Pamyłka вызначыўся з пераможцам навуковай прэміі
Выдаўцы зіна Pamyłka назвалі пераможцаў першай народнай прэміі «Бізон Гіґс». Узнагарода была заснаваная для папулярызацыі беларускіх навукоўцаў і іх дасягненняў.

Так выглядае вучоны звер, якога назвалі «Бізон Гіґса-2024»
«Бізон Гіґс» — прэмія супольнасці беларусаў для беларускіх навукоўцаў у галіне натуральных, дакладных навук, або навук пра Зямлю. Кожны, хто пажадаў, мог прыняць у ёй удзел. Прызавы фонд збіраўся праз краўндфандзінг, а пераможцу абіралі галасаваннем.
Сярод 6 намінантаў у адкрытым галасаванні перамог Максім Домніч, навуковец з галіны анкалогіі. Разуменне таго, як рак уплывае на перапраграмаванне нейтрафілаў і змяненне іх функцыяў, — ключавы кірунак даследаванняў Максіма Домніча для распрацоўвання новых тэрапеўтычных стратэгіяў барацьбы з ракавымі захворваннямі.
Другое і трэцяе месцы адпаведна занялі Зміцер Фірага з галіны квантавай хіміі і фармацэўтыкі і Юлія Сандамірская з галіны робататэхнікі і штучнага інтэлекту.
У сакавіку Pamyłka выпусціць фінальны рэліз з лічбамі бягучай і планамі на наступныя ітэрацыі прэміі «Бізон Гіґс».

7‑мы нумар зіна Pamyłka. Фота: Instagram pamylka.zin
Нагадаем, супольнасць Pamyłka хутка адзначыць сваё двухгоддзе. Зараз рэдакцыя рыхтуе чарговы, сёмы нумар навукова-папулярнага зіну.
Галоўнаю лініяй гэтага асобніка зробіцца касмічная прастора. У прыватнасці, чытачаў чакае артыкул, прысвечаны працэсу ўтварэння зорак. Як з хмараў газу і пылу нараджаюцца велічныя свяцілы? Якія фізічныя і хімічныя працэсы стаяць за гэтаю дзівоснаю з’яваю?
Таксама ў выданні аматараў беларускай лацінкі чакае другі артыкул на ёй.
«Мы імкнёмся зрабіць часопіс разнастайным і адлюстроўваць багатую культуру беларускае мовы ў розных яе формах дзякуючы стыль-рэдактарцы Настассі. А ў гэтым нумары да працы з тэкстамі далучыліся і вучні ейнае рэдактарскае школы», — тлумачаць прадстаўнікі рэдакцыі.
