• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Віцебскія БАЖаўцы падрыхтавалі фотакраявіды да “Барадулінак”

    Сябры ГА "БАЖ" з Віцебску узялі ўдзел у фотасушцы, прымеркаванай да “Барадулінак” – першай у Беларусі імпрэзы, скамбінаванай з некалькіх мастацкіх праектаў і прысвечанай памяці Рыгора Барадуліна.

    Не адгукнуцца, не адзначыць сваёй прысутнасцю праекты “Барадулінак” было проста немагчыма. Таму 27 чэрвеня віцебскія журналісты вырашылі прадэманстраваць сваё майстэрства менавіта ў той галіне, дзе яны сапраўды здольныя гэта зрабіць.

    “Сутнасць фотасушкі ў тым, каб кожны ахвотны мог забраць сабе ўпадабаны фотаздымак з імправізаванай выставы, пакінуўшы ўзамен свой. Але мы не былі ў крыўдзе, калі фотаздымкі забіралі проста так, на памяць. І свае працы мы не проста прадставілі гледачам – мы пазначылі свой “БАЖаўскі” шэраг адмысловым лагатыпам, каб нагадаць віцяблянам пра існаванне нашага  аб’яднання. Мне здаецца, у нас усё атрымалася найлепшым чынам: неразабраных фотаздымкаў ад “бажаўцаў” па сканчэнні імпрэзы практычна не засталося, – распавяла ўдзельніца фотасушкі Вікторыя Дашкевіч.

    30 сваіх фотаработ прадставіў на фотасушку сябар ГА «БАЖ» Юрый Шэпелеў. Ён вядомы ў Віцебску фотамайстар, аўтар найпрыгажэйшых гарадскіх краявідаў. Яго працы выкарыстоўваюцца ў афармленні горада, а сам Юрый ніколі не выходзіць з дому без фотаапарата. Ён штодня здымае родны Віцебск, шукаючы ў абліччы старажытнага горада нешта новае. А яшчэ ён праводзіць конкурсы для іншых фотааматараў, абвяшчаючы ўмовы праз сацыяльныя сеткі.

    «Я люблю свой горад. І вельмі прыемна, калі гэтае захапленне падзяляюць іншыя! — гаворыць Юрый Шэпелеў. 

    Фотаздымкі з віцебскімі краявідамі наведнікі «Барадулінак» заўважылі адразу, нават даводзілася прасіць гледачоў, каб не разбіралі экспазіцыю хаця б на працягу першай гадзіны – каб паглядзелі ўсе ахвотныя.

    Прысутнасць сябраў ГА «БАЖ» у ліку ўдзельнікаў фотасушкі адзначылі мясцовыя інтэрнэт-СМІ. А пакуль іхныя работы разглядалі іншыя, журналісты-фатографы здымалі «Барадулінкі» – маркет хэнд-мэйду пад адкрытым небам, выступы музыкаў, літаратараў, удзельнікаў «Спеўнага сходу» і простых гараджан, якія зацікавіліся незвычайнымі імпрэзамі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці