• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Саша Раманава: «Цяпер перыяд ахалоджвання да пратэснага парадку дня і пошуку новых аўдыторый і стратэгій»

    Няпростыя пытанні ў няпросты час. Чаму апошнім часам дзве рэдакцыі незалежных медыяў — KYKY і The Village Belarus — вымушаныя былі сканцэнтравацца на сацсетках? Пры якіх умовах адновіцца праца сайтаў? Якую частку каманды (невялікі спойлер: харызматычны вядоўца Глеб Сямёнаў застаецца) атрымалася захаваць? БАЖ пагутарыў з медыяменеджаркай і дырэктаркай KYKY Сашай Раманавай.

    «Пратэст 2020 года быў таксама збольшага «кукушны» і «віладжэскі»»

    — На фоне вымушанага перафарматавання KYKY вы можаце сказаць, што атрымалася, а што — не?

    — Сайт KYKY запрацаваў у той канцэпцыі і тым выглядзе, якім вы яго ведаеце, у 2013 годзе. Ён сімвалізаваў сабой «іншую Беларусь» — без трактароў і дажынак. Для яго была вельмі выразна абраная аўдыторыя: дэмакратычныя свабодныя беларусы, з добрымі заробкамі, актыўныя і дзейныя, якія любяць сваю краіну, спрачаюцца на розныя тэмы ў Face­book і вельмі вітаюць з’яўленне медыяплатформы, якая будзе трансляваць іх меркаванні. На Tut.by гэтыя людзі не заўсёды ішлі, таму што ён быў пра ўсю Беларусь — і пра трактары, і пра ўмоўных хіпстараў… А нам хацелася ўдасканальваць і ўкладвацца ў сваю цудоўную бурбалку.

    У нас атрымалася! Пратэст 2020 года быў таксама збольшага «кукушны» і «віладжэскі», калі ўспомніць, як актыўна ўдзельнічалі ў ім нашыя платформы, якія дасціпныя слоганы былі ў людзей на плакатах на мінскіх вуліцах.

    Ну а потым гэтых выдатных людзей знішчылі: частка выехала, частка стаілася на радзіме, частка, на вялікі жаль, села. А KYKY засталіся. Для каго мы сёння можам пісаць? Якую аўдыторыю і з якой мэтай мы можам аб’ядноўваць? Вось гэта трэба прыдумаць.

    — Стала вядома, што сыходзяць чатыры чальцы каманды: Віктар Малішэўскі, Ірына Міхно, Уладзь, які вёў Telegram, і більдрэдактар Алесь. Куды яны пойдуць цяпер?

    Іра Міхно яшчэ задоўга да падзей самастойна вырашыла пакінуць каманду. Уласна яе рашэнне і паскорыла працэсы — яна была з намі 10 гадоў, і на ёй многае трымалася. Я выразна разумела, што без Міхно сэнсу трымацца за мінулы KYKY ўжо няма. Калі Іра захоча зноў у журналістыку, то любому працадаўцу пашанцуе, таму што такія працаздольнасць і вернасць каштоўнасцям каманды, як у Іры, яшчэ пашукаць. Гэта рэдкасць. Іра можа згарнуць горы.

    З астатнімі хлопцамі я не працавала асабіста, мы дамовіліся з Віцем, што я не ўмешваюся ў рэдакцыйную працу. Яны толькі паказвалі лічбы. За год лічбы па ўсіх платформах вельмі моцна ўпалі, і мы зразумелі, што далей не выцягнем гэтую гісторыю фінансава. Гэта ўсё, што я магу каментаваць з гэтай нагоды.

    — Колькі чалавек засталіся ў KYKY і чым будуць займацца?

    — Пакуль рана пра гэта казаць і прадстаўляць персаналіі, спадзяюся, у найбліжэйшай будучыні стане лягчэй і мы зможам уводзіць новых герояў. Магу сказаць, што з зорак KYKY з намі па-ранейшаму Глеб Сямёнаў, які займаецца Tik­Tok і ўласным праектам. Ёсць і другія, менш публічныя калегі.

    «Пісаць на сайт усё роўна, што пісаць у стол»

    — Што вы ўкладаеце ў фармулёўку «неартадаксальная мабільная рэдакцыя»? Гэта часам не эўфемізм для апісання кепскай сітуацыі?

    — Сітуацыя, канешне, кепская, ніхто не спрачаецца. Але ў нас ёсць прыклад праекта The Vil­lage Belarus, які выжыў у сацыяльных сетках, знайшоў сваю аўдыторыю, расце і дае лічбы большыя, чым да свайго часовага прыпынку. Здаецца, у цяперашняй сітуацыі мабільная рэдакцыя, якая не накіраваная на абслугоўванне цяжкага заблакаванага ў Беларусі сайта — адзіны спосаб выратавання праекта.

    — У якім выпадку вы вырашыце аднавіць працу сайта? Што павінна такога здарыцца?

    — Мы зразумеем, што ў аўдыторыі ёсць патрэба прыходзіць па вызначаным адрасе ў інтэрнэце і здзяйсняць нейкую актыўнасць. Я не думаю, што гэта будуць толькі лонгрыды. Будзем сыходзіць з супольнасці і яе інтарэсаў — як і было напачатку нараджэння праекта.

    — Чаму вы лічыце, што пасты ў Insta­gram і Tik­Tok могуць замяніць публікацыі на сайце? Фармат платформаў не прадугледжвае лонгрыды, што было адной з фішак KYKY…

    — Самы круты лонгрыд на сайце чытае ў лепшым выпадку 7–10 тыс чалавек. Адзін ўдалы Tik­Tok можа даць 200 тысяч ахопу. Калі мы гаворым пра такую каласальную розніцу, то, на мой погляд, сітуацыя адназначная — трэба ісці туды, дзе ёсць аўдыторыя.

    Пісаць на сайт усё роўна, што пісаць у стол. Любы журналіст выгарыць і не будзе нічога хацець.

    — А ці ёсць паспяховыя прыклады, калі медыя адыходзіла ад класічнай мадэлі «сайт як цэнтр экасістэмы, а сацсеткі — яго сатэліты», пакідаючы толькі «спадарожнікі» у Insta­gram і Tik­Tok?

    — Я вышэй ужо згадала The Vil­lage Belarus. Нам вельмі прыемна глядзець, як расце яго Insta­gram і Tik­Tok. Зразумела, што гэта іншая мадэль, і што мы многае страцілі, вымушана спыніўшы сайт. Затое ў гэтай мадэлі ёсць перспектывы і кропкі росту.

    — На Face­book у KYKY — 23 тысячы падпісчыкаў, у X (Twit­ter) — амаль 20 тысяч. Гэта добрыя ахопы. Чаму вырашылі пакінуць акаўнты з такой сацыяльнай базай?

    — Twit­ter мы не збіраемся кідаць. Магчыма, мікравідэа можна размяшчаць і ў Face­book — паглядзім.

    — Гледзячы па вашых словах, вы шмат увагі надаеце Patre­on, што магло бы мець сэнс у рынкавай мадэлі, але можаце прывесці канкрэтныя прыклады, чаму чытач пагадзіцца заплаціць за кантэнт? Гэта эксклюзіў, інсайты, аналіз пэўнага сегменту рынку ці проста дабрачыннасць?

    — Я магу прывесці канкрэтныя прыклады выданняў і блогераў, якія размяшчаюць бясплатны кантэнт на Patre­on і выглядаюць досыць прывабна. У дадзенай сітуацыі Patre­on можа быць заменай сайта — тая ж пляцоўка, дзе хостынг і архівы не каштуюць як крыло самалёта. І не ўсё на Patre­on за грошы, з гэтай ідэяй мы і будзем працаваць.

    «Наступіў цёмны перыяд, калі трэба было ўгаворваць медыйшчыкаў не есці адзін аднаго, але і яго мы прайшлі»

    — Паўгода таму аналагічны лёс напаткаў The Vil­lage Беларусь. Пераход у новую форму ў выпадках The Vil­lage Беларусь і KYKY адбыўся пасля таго, як галоўныя рэдактары абвесцілі аб прыпыненні працы. Што адбывалася напярэдадні ўнутры камандаў?

    — Я наўрад ці гатовая распавядаць пра дэматывацыю і жах, што ахопліваюць каманду, якая кідае ўсё і пераязджае на іншае месца. Вы ведаеце і самі, як гэта бывае. Я не гатовая распавядаць пра супрацоўнікаў, якія не могуць з’ехаць па розных прычынах, і як ты імкнешся іх засцерагчы, каб хоць трохі паменшыць сваё пачуццё віны. Я не гатовая казаць пра калегаў у турме, на месцы якіх магла б быць сама і ўсе супрацоўнікі.

    Незалежным журналістам даводзіцца цяжка. Першыя два гады ўсе планавалі ў хуткім часе вярнуцца дадому, хтосьці і квіткі на самалёт купляў да пасадкі Ray­nair у Мінску і разгрому Tut.by, і трэба было ўгаворваць людзей не ехаць, потым мы ўжо перасталі гэта рабіць.

    Наступіў цёмны перыяд, калі трэба было ўгаворваць медыйшчыкаў не есці адзін аднаго і не знішчаць рэпутацыю сваіх жа беларусаў з дэмсілаў, у якіх не атрымліваецца зрынуць рэжым. Але і гэты перыяд мы прайшлі. Зараз перыяд ахалоджвання да пратэстнага парадку дня і пошуку новых аўдыторый і стратэгій — мы ў ім жывем, мы да яго гатовыя.

    — Чаму адзін за адным пераходзяць у іншы фармат два праекты, якія мелі падобную канцэпцыю? У чым бачыце прычыну? Ці гэта супадзенне?

    — Яны абодва мелі моцную і зразумелую нішавую аўдыторыю, былі камерцыйна моцнымі як бізнэсы, і абодва пазбавіліся ўсяго. Даводзіцца перабудоўвацца на хаду, інакш не выжывем.

    Чытайце яшчэ:

    Вы паспяшаліся напісаць некралог для KYKY: Саша Раманава — пра будучыню праекта

    Cайт kyky.org прыпыняе працу праз праблемы з фінансаваннем

    Штучны інтэлект пакуль не заменіць журналістаў, затое можа ім дапамагчы. Даем лайфхакі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці