• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» асудзіла перасьлед журналістаў у Беларусі

    Міжнародная арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» 24 жніўня асудзіла перасьлед незалежных журналістаў у Беларусі, зьвярнуўшы ўвагу на працяглыя судовыя працэсы над пяцьцю журналістамі.

    У арганізацыі ўказалі, што Станіслаў Івашкевіч, Алесь Сіліч, Марыя Арцыбашава, Кацярына Андрэева і Сяргей Кавалёў, якія зьяўляюцца карэспандэнтамі тэлеканалу «Белсат ТВ», былі абвінавачаныя ў працы на замежныя СМІ без акрэдытацыі і ў «незаконнай вытворчасьці мэдыякантэнту».

    Праваабаронцы адзначылі, што журналісты «Белсат ТВ» сталі ў гэтым годзе галоўнымі «ахвярамі перасьледаў», супраць іх усяго было адкрыта ня менш за 26 вытворчасьцяў са штрафамі на суму больш за 10 000 эўра.

    «Мы асуджаем гэтую новую хвалю судовых працэсаў, якая мае адзіную мэту — запалохаць журналістаў і прымусіць іх падпарадкоўвацца ціску ўлады. Мы заклікаем беларускі ўрад спыніць сыстэматычны судовы перасьлед незалежных журналістаў», — сказаў старшыня аддзяленьня «Рэпартэраў бязь межаў» ва Ўсходняй Эўропе і Цэнтральнай Азіі Ёган Біх.

    У арганізацыі дадалі, што афіцыйны Менск, забараніўшы адкрыцьцё офісу «Белсат ТВ» у Менску, сам прымусіў карэспандэнтаў працаваць без акрэдытацыі, што і стала падставай для перасьледу.

    Журналіста Кастуся Жукоўскага штрафавалі часьцей за ўсё — 17 разоў, больш чым на 5000 эўра за апошнія тры гады. І цяпер яму пагражае канфіскацыя актываў з‑за немагчымасьці аплаціць такую суму, зьвяртаюць увагу праваабаронцы.

    Каля 100 незалежных журналістаў і блогераў былі арыштаваныя ў Беларусі падчас агульнанацыянальных антыўрадавых пратэстаў у сакавіку. «Рэпартэры бязь межаў» заявілі, што ўлады асьцерагаюцца, што пасьля летняга перапынку пачнуцца новыя пратэсты, і, верагодна, такім чынам спрабуюць перашкодзіць незалежным СМІ асьвятляць падзеі.

    Беларусь займае 153‑е месца з 180 краінаў у рэйтынгу свабоды прэсы 2017 году.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці