• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Бабруйская суполка БАЖ падвяла вынікі 2019 года

    Выніковы сход бажаўцаў у Бабруйску адбыўся 15 снежня.

    На пачатку сустрэчы сябры суполкі ўзгадалі падзеі бягучага года, прааналізавалі, якія з іх былі самымі карыснымі і цікавымі. Найбольш усім запомнілася кампанія па ўшанаванні памяці славутага пісьменніка, публіцыста Алеся Адамовіча, якую сёлета бабруйскія сябры ГА “БАЖ” праводзілі сумесна з мясцовымі актывістамі, грамадскімі арганізацыямі і нават уладамі.

    Яшчэ на пачатку года, у студзені, бабруйская суполка ГА “БАЖ” правяла мерапрыемства да 25‑й гадавіны са дня смерці Алеся Адамовіча (пісьменнік пайшоў з жыцця 26 студзеня 1994 года). Тады перад гасцямі памятнай вечарыны выступіла дачка Адамовіча Наталля Аляксандраўна, а бажаўцы прадставілі сумесны праект суполкі і газеты “Бобруйский курьер” — мультымедыйны лонгрыд, прысвечаны пісьменніку.

    Наступным крокам па ўшанаванні памяці Адамовіча стаў удзел сябраў БАЖ у найбуйнейшым рэспубліканскім конкурсе сацыяльных праектаў “Social week­end” з ініцыятывай “Глуша Адамовіча”. Цэнтральным пунктам ідэі была тэатралізаваная экскурсія па творах Алеся Адамовіча з удзелам акцёраў бабруйскага тэатра. “Глуша Адамовіча” стала фіналістам “SW” і атрымала падтрымку ад “Беларусбанка”.

    Абараняла праект на фінале конкурсу лідарка бабруйскай суполкі ГА “БАЖ” Марына Маўчанава сумесна з актывістам Андрусём Архіпенка. Актыўны ўдзел у рэалізацыі ідэі прымалі сябры суполкі: Наталля Халанская, журналістка ў мінулым, цяпер — дырэктарка тайм-клуба “1387” у Бабруйску, журналістка Алеся Лацінская, відэааператар Віктар Масаловіч. У выніку ў вёсцы Глуша пад Бабруйскам — на малой радзіме Алеся Адамовіча –– у лістападзе быў адкрыты помнік пісьменніку і праведзена тэатралізаваная экскурсія па ягоных творах.

    Актыўнасць бабруйчан сёлета была адзначана камітэтам ICOMOS у Беларусі. Мінулагодні праект бабруйскіх бажаўцаў і грамадскіх актывістаў “Прыпынак Адамовіча” стаў фіналістам конкурсу “Спадчына ў дзеянні” ў намінацыі “Лепшы культурны праект, накіраваны на захаванне і выкарыстанне гісторыка-культурнай спадчыны”.

    У лістападзе высокую адзнаку за журналісцкую працу ад Асацыяцыі выдаўцаў рэгіянальнай прэсы “Аб’яднаныя масмедыі” атрымалі бабруйскія сябры ГА “БАЖ” Марына Маўчанава і Віктар Масаловіч. Марына Маўчанава перамагла ў намінацыі “Культура і краязнаўства” з лонгрыдам, прысвечаным Алесю Адамовічу “Каб перажытае не пагасла бясследна”, Віктар Масаловіч стаў фіналістам у намінацыі “Лепшае відэа”.

    Дзейнасць бабруйскай суполкі ГА “БАЖ” сёлета была накіравана не выключна на мерапрыемствы ўнутры суполкі, а на супрацу з грамадскімі актывістамі і арганізацыямі, на рэалізацыю карысных і патрэбных мясцовай супольнасці і Беларусі ідэй.

    Падчас выніковага сходу сябры суполкі вызначылі, што ў наступным годзе працягнуць працу ў гэтым напрамку, а таксама зробяць акцэнт на падвышэнні прафесіянальных навыкаў сябраў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці