• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як у Гродне судзяць журналіста Анджэя Пачобута

    Сёння ў Гродзенскім абласным судзе пачалі судзіць вядомага журналіста і актывіста польскай меншасці Беларусі Анджэя Пачобута. Судовы працэс вядзе суддзя Дзмітрый Бубенчык.

    Ранкам у будынак суда падтрымаць Анджэя Пачобута прыйшлі яго сваякі, калегі, знаёмыя. У калідоры перад пачаткам пасяджэння да іх чапляліся прапагандысты з дзяржаўных тэлеканалаў.

    Суд распачаўся ў 10:30, на працэс спачатку пусцілі толькі бліжэйшых сваякоў і некалькіх актывістаў. Анджэй Пачобут, моцна схуднелы за гэты час, трымаўся спакойна і ўпэўнена. Аднак бок пракуратуры настаяў, каб працэс над журналістам зрабілі закрытым. Усіх прысутных выставілі за дзверы.

    Нягледзячы на гэта, калегі Пачобута адзначаюць: Анджэй вядомы сваёй прынцыповасцю і абвостраным пачуццём справядлівасці, ён будзе трымацца свайго да апошняга, яго не зламаць — ні рашэннем зрабіць суд закрытым, ні якім іншым ціскам.

    Палітзняволенага журналіста абвінавачваюць у закліках да дзеянняў абмежавальнага характару, якія скіраваныя на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361 КК), а таксама ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці (ч. 3 арт. 130 КК). Анджэю пагражае ад 5 да 12 гадоў пазбаўлення волі.

    Анджэй Пачобут быў затрыманы 25 сакавіка 2021 года ў Гродне пасля ператрусу ў сваім доме. Затым яго даставілі ў Цэнтральны апарат Следчага камітэта ў Мінску, дзе адбыўся допыт. Спачатку пакінулі пад вартай у СІЗА‑1 на Валадарскага ў статусе падазраванага па крымінальнай справе паводле ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса. Пазней перавялі ў жодзінскую следчую турму № 8. Зараз утрымліваюць у турме №1 Гродна.

    4 кастрычніка 2022 года КДБ дадаў журналіста ў «Спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці».

    У Анджэя Пачобута маюцца сур’ёзныя праблемы са здароўем — з сэрцам і страўнікам. Ён моцна перахварэў на каранавірус, у яго болі ў страўніку ад турэмнай ежы, таму за кратамі ён амаль нічога не есць.

    Падчас зняволення на журналіста неаднаразова ціснулі: кідалі ў карцар, блакавалі ліставанне, у тым ліку з яго 12-гадовым сынам, больш за месяц, з 14 красавіка да 17 траўня 2021 года, Пачобут быў у мінскім СІЗА на Валадарскага ў сектары, дзе праводзяць апошнія дні асуджаныя да смяротнага пакарання.

    Яму прапаноўвалі вызваленне наўзамен на выезд за мяжу, але журналіст не пагадзіўся. Таксама ён адмовіўся напісаць прашэнне аб памілаванні.

    «Ніякія памілаванні мне не патрэбныя. Звяртацца ці прасіцца я не збіраюся. Нават калі будуць ціснуць. У такіх справах, як мая, падобныя паводзіны былі б амаральнымі і не годнымі памяці герояў Арміі Краёвай», — тлумачыў Анджэй Пачобут у лістах родным.

    Чытайце яшчэ:

    664 дні за кратамі: у Гродне пачынаецца суд над Анджэем Пачобутам

    Марыў стаць адвакатам, іграў панк-рок. Сем фактаў пра Анджэя Пачобута, якога пачалі судзіць у «польскай справе»

    Камітэт абароны журналістаў асудзіў вырак, які беларускі суд прызначыў журналістам Сняжане Інанец і Аляксандру Лычаўку

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці