Галоўны ідэолаг Віцебскай вобласці дазволіла праўладным журналістам сваволіць
«Свавольце, на тое вы і журналісты». Сказала галоўны ідэолаг Віцебшчыны рэгіянальным праўладным журналістаў вобласці падчас так званай лятучкі ў Браславе. Некалькі дзён таму ўлады там сабралі галоўных рэдактараў дзяржаўных газет Віцебскай вобласці, іх намеснікаў ды іншых журналістаў.
Як распавёў сайт «Міёрскія навіны», начальніца галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Марына Навіцкая адзначыла, што асноўная частка насельніцтва атрымлівае інфармацыю праз сацыяльныя сеткі, дзе аўдыторыя ў параўнанні са жніўнем 2022 года вырасла на 13%.
Паводле яе слоў, на сёння газеты Віцебшчыны маюць 366 тысяч падпісчыкаў.
Трэба адзначыць, што ў значнай сваёй частцы гэта прымусовая падпіска, бо ўлады выкарыстоўваюць у гэтай справе свой дзяржаўны апарат. Прытым што цяпер амаль няма ніякай канкурэнцыі, бо ўсе незалежныя медыя разграмілі і зрабілі «экстрэмісцкімі».
Чыноўніца зазначыла, што рэйтынг у сацыяльных сетках некалькі гадоў запар утрымлівае «Аршанская газета», быццам прырост за год у яе склаў 12 тысяч чалавек, і яна гучна заяўляе пра сябе ў TikTok. Навіцкая заклікала актыўна асвойваць гэтую нішу і іншыя праўладныя СМІ Віцебшчыны.
— Свавольце, на тое вы і журналісты, каб па-рознаму падаваць матэрыял. Кожны жыхар рэгіёна можа знайсці свой інфармацыйны рэсурс, адкуль будзе чэрпаць інфармацыю. Вы абавязаныя насыціць інфаполе цікавым, патрэбным дзяржаўным парадкам дня. У вас павінна быць добрая журналісцкая рызыка. Жадаю, каб гонар за ваш прадукт заўсёды перапаўняў вас, — заклікала галоўны ідэолаг Віцебшчыны.
Праўладныя журналісты абмеркавалі таксама іншыя актуальныя для іх пытанні: як публікацыя крытыкі павінна прыводзіць да вырашэння праблемы, аб аператыўнасці падачы інфармацыі, узаемадзеянні паміж Полацкім пагранатрадам і рэгіянальнымі СМІ па рэалізацыі дзяржаўнай пагранічнай палітыкі.
А таксама яны гаварылі пра хлусню і дэзінфармацыю.
Чытайце яшчэ:
Сайт Беларускай асацыяцыі журналістаў заблакавалі ў Расіі
Смаргонскага былога журналіста пакаралі за «экстрэмізм»
У Івацэвічах рэдактара незалежнага інтэрнэт-рэсурсу выклікалі «на размову» ў міліцыю