КДБ прызнаў гродзенскі партал s13.ru «экстрэмісцкім фармаваннем»
9 снежня гродзенскі гарадскі сайт s13.ru з’явіўся ў «Пераліку арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці». Пералік складае на сваім сайце МУС Беларусі.
У дакуменце пазначана, што рашэннем КДБ Беларусі ад 5 лістапада 2024 года «экстрэмісцкім фармаваннем» прызнаная «група грамадзян з ліку стваральнікаў, адміністратараў і ўдзельнікаў інтэрнэт-рэсурсаў пад агульнай назвай «s13.ru». І ў гэты ж дзень рашэнне займела законную сілу.
У пераліку «экстрэмісцкіх фармаванняў» згадваюцца сайт www.s13.ru і афіляваныя з ім інтэрнэт-рэсурсы: youtube.com/@s13ru_official; t.me/s13.ru; ok.ru/s13ru; vk.com/s13ru; facebook.com/blogGRODNO; instagram.com/s13.ru.
У якасці групы грамадзян, якія, на думку сілавога ведамства, здзяйснялі «экстрэмісцкую дзейнасць» на гэтых рэсурсах, названыя Сяргей Чабоцька і Раман Алешка.
Нагадаем, галоўнага рэдактара партала s13.ru Сяргея Чабоцьку затрымалі сёлета 23 кастрычніка. З таго моманту яго ўтрымліваюць за кратамі. Спачатку, 25 кастрычніка, Сяргея асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту паводле артыкула 19.11 КаАП (распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да «экстрэмісцкай дзейнасці» альбо прапагандуе такую дзейнасць).
Другі раз рэдактара s13.ru, не выпускаючы на волю, асудзілі 6 лістапада паводле часткі 1 артыкула 24.23 КаАП (парушэнне ўстаноўленага парадку правядзення сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі, пікетавання, іншага масавага мерапрыемства).
Трэці суд адбыўся 22 лістапада: Чабоцьку зноў прызналі вінаватым ў распаўсюдзе «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Тэрмін апошняга арышту мусіў скончыцца 7 снежня. Але на волю Сяргей Чабоцька не выйшаў.
30 кастрычніка стала вядома, што кантэнт s13.ru і яго тэлеграм-канала праз суд прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі».