У выніку атакі расійскага беспілотніка загінула журналістка Укрінфарма
У выніку начной атакі расійскага беспілотніка ў Кіеўскай вобласці загінула журналістка Укрінфарма Таццяна Кулік. Яна таксама выконвала абавязкі галоўнай рэдактаркі Галоўнай рэдакцыі мультымедыя інфармацыйнага агенцтва.

Таццяна Кулік. Фота: Укрінформ
Таццяна Кулік жыла ў прыватным доме ў Бучанскім раёне Кіеўскай вобласці. У гэты дом у ноч на 26 лютага трапіў расійскі беспілотнік. Спадарыня Кулік памерла разам з мужам, анколагам-хірургам Паўлам Іванчавым.
Відавочцы спрабавалі выратаваць людзей, але агонь занадта хутка распаўсюджваўся. «Выбух быў прама ў спальні, адкуль ішоў агонь», — распавёў адзін з суседзяў загінулых.
Таццяна Кулік з’яўлялася сябрам Нацыянальнага саюза журналістаў Украіны. Была аўтаркай і вядучай праекта «Нацыя непераможных». Раней яна працавала галоўнай рэдактаркай рэдакцыі сацыяльна-публіцыстычных праграм і вядучай Цэнтральнага канала (КДТРК), Сусветнай службы вяшчання Украіны і «Суспільне».
«Тацяна Кулік была цудоўнай журналісткай, рабіла шмат перадач пра нашу барацьбу і нашых герояў. Учора мы гаварылі пра падрыхтоўку інтэрв’ю з Кірылам Буданавым. Яна назаўжды застанецца ў нашых сэрцах і нашай памяці. Мы будзем помсціць за калегу матэрыяламі, якія выкрываюць ваенныя злачынствы агрэсара. І, як сказаў у гэтым інтэрв’ю Кірыл Буданаў, усе каты ўкраінскага народа абавязкова будуць пакараныя», — адзначыў гендырэктар Укрінфарма Сяргей Чараваты.
