«Экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма: YouTube-канал «ЧестнОК-Live», Instagram журналіста Яраслава Пісарэнкі і TikTok-акаўнт «Радыё Ўнэт»
Увечары 16 красавіка Міністэрства інфармацыі абнавіла ў чарговы раз «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Журналіст Яраслаў Пісарэнка. Фота: з уласнага архіва
Сярод іншых інтэрнэт-рэсурсаў у пералік забароненых да распаўсюду ўключылі YouTube-канал «ЧестнОК-Live» (ідэнтыфікатар youtube.com/@chestnok_live). Гэта аўтарскі праект беларускага журналіста, былога палітвязня Аляксандра Івуліна, відэаканал мае больш за 6 тысяч падпісчыкаў. Адпаведнае рашэнне ў дачыненні да «ЧестнОК-Live» прыняў 10 красавіка 2025 года суд Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці.
Рашэннем суда Чыгуначнага раёна Гомеля ад 14 красавіка 2025 года «экстрэмісцкай інфармацыйнвай прадукцыяй» прызнаны акаўнт у сацсетцы Instagram з назвай pisarenko_jr (ідэнтыфікатар instagram.com/pisarenko_jr). Гэтая старонка належыць спартыўнаму журналісту Яраславу Пісарэнку.
У той самы дзень суд Чыгуначнага раёна Гомеля пастанавіў лічыць «экстрэмісцкай» і старонку ў TikTok з назвай radiounet (ідэнтыфікатар tiktok.com/@radiounet). Гэта адзін з інтэрнэт-рэсурсаў праекта «Радыё Ўнэт», які праіснаваў амаль чатыры гады як частка польскага Radio Wnet.
Раней, 4 ліпеня 2023 года, суд Чыгуначнага раёна Гомеля ўжо прызнаваў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» іншыя рэсурсы радыёпраекта: сайт radiounet.fm, старонкі ў Instagram, Facebook, Twitter, Telegram-канал з назвай «Радыё Ўнэт | Radio Unet» і YouTube-канал з такой самай назвай.
