Фэдэральны суд ЗША абавязаў USAGM выплаціць Радыё Свабода фінансаваньне за астатнюю частку бюджэтнага года
Фэдэральны суд ЗША задаволіў хадайніцтва Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа (RFE/RL) аб папярэдняй судовай забароне ў справе супраць Амэрыканскага агенцтва глябальных мэдыя (USAGM) з той прычыны, што яно не пералічыла сродкі, прызначаныя RFE/RL паводле рашэньня Кангрэса ЗША.

Штаб-кватэра Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода ў Празе
Судзьдзя Ройс Ламбэрт з Фэдэральнага акруговага суду Вашынгтона ў сваім рашэньні ад 18 ліпеня пастанавіў, што USAGM павінна выплаціць RFE/RL астатнюю частку сродкаў, выдзеленых Кангрэсам на фінансавы год 2025. Ён прыйшоў да высновы, што патрабаваньне USAGM аб прыняцьці новых абцяжарлівах умоваў гранта і адсутнасьць сумленных перамоваў з RFE/RL зьяўляюцца парушэньнем закона.
«Наколькі вядома суду, гэта беспрэцэдэнтна, каб дзяржаўнае агенцтва патрабавала ўвядзеньня цалкам новых умоваў у даўнюю партнэрскую працу з грантаатрымальнікам, а затым спыняла перамовы, асабліва калі яно па законе абавязана пералічаць штогадовыя сродкі, выдзеленыя Кангрэсам, менавіта гэтай арганізацыі», — напісаў судзьдзя Ламбэрт.
Пагроза фінансаваньню RFE/RL выклікала хвалю міжнароднай падтрымкі з боку мэдыя-экспэртаў, праваабаронцаў, аналітыкаў і аўдыторыі ў 27 мовах і 23 краінах, дзе вяшчае RFE/RL.
У рашэньні судзьдзя Ламбэрт таксама адзначыў, што «грубае ігнараваньне USAGM сваіх фінансавых абавязкаў» прывяло да «масавых вымушаных адпачынкаў, адмены праграм і непазьбежнага ўрону глябальнаму ўплыву, які RFE/RL выбудоўвала дзесяцігодзьдзямі».
Прэзыдэнт RFE/RL Стывэн Капус назваў гэта рашэньне «вынікам няспыннай юрыдычнай працы, скіраванай на тое, каб прымусіць USAGM выдзеліць неабходнае фінансаваньне для выкананьня жыцьцёва важнай місіі RFE/RL».
«Гэтая перамога дае нашым журналістам неабходны імпульс, каб працягваць штотыдзень зьвяртацца да амаль 47 мільёнаў чалавек, якія спадзяюцца на нашу журналістыку як крыніцу праўды і супрацьстаяць зламыснай прапагандзе аўтарытарных урадаў», — сказаў ён.
«Сёньня як ніколі мы ня можам саступіць інфармацыйную прастору тыранам», — дадаў Капус і падкрэсьліў, што дзякуючы рашэньню суда «RFE/RL можа і надалей спрыяць абароне нацыянальных інтарэсаў ЗША».
