• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Да мардабою не даходзіла ніколі». Віталь Бабін пра кур’ёзы са сваёй тэлекар’еры

    Віталь Бабін працуе выпускаючым рэдактарам на тэлеканале «Белсат» і вядоўцам праграм «Аб’ектыў» і «Студыя Белсат». Тут ён  працуе ўжо дзесяць з паловай гадоў — за гэты час у ягонай прафесійнай практыцы накапілася процьма кур’ёзаў і проста смешных выпадкаў. БАЖ пагаварыў з Віталём Бабіным — гутарка атрымалася і сур’ёзнай, і адначасова вясёлай.

    Віталь Бабін партрэт

    Віталь Бабін. Фота: з асабістага архіва

     Хто вы, спадар рэдактар і вядоўца?

    — Вы не толькі вядоўца, але і выпускаючы рэдактар. Для такіх чайнікаў, як я, патрэбныя тлумачэнні: што гэта такое?

    — Выпускаючы рэдактар адказвае за інфармацыйную карціну дня і выніковы аналітычна-публіцыстычны блок. Гэты чалавек раздае заданні журналістам, фармуе стужку навін, упакоўвае яе ў акцэнтаваным выглядзе і выпускае ў эфір.

    — Колькі працы трэба пералапаціць, каб у выніку з’явілася адна перадача?

    — Апрацоўваецца вельмі вялікі аб’ём інфармацыі. Гэта ўсе беларускія навінавыя рэсурсы, вядучыя замежныя медыі (BBC, Reuters), адсочваем агенцыі кшталту Euronews або Asso­ci­at­ed Press. Калі з’яўляецца нешта важнае і цікавае, то мы адаптуем інфармацыю пад нашую аўдыторыю. І, канешне, праглядаем рэгіянальныя навіны.

    А 10‑й раніцы мы збіраемся на планёрцы, на якой рэдактары, журналісты прапануюць тэмы. У нас ёсць аддзел планавання, які адсочвае важныя даты і таксама выдае ўласныя ідэі.

    Часам вольныя журналісты, не занятыя ў папярэдні дзень, могуць адпрацаваць тэму пад ключ або ўзяць каментары, распрацаваць ідэю матэрыяла разам з рэдактаратам.

    Віталь Бабін і Зянон Пазняк

    Вулічная размова з Зянонам Пазняком. Фота: «Белсат»

    — Да чаго зводзіцца вашая задача вядоўцы: агучыць гатовыя навіны, а пры патрэбе пагаварыць з запрошаным у студыю госцем і задаць пытанні?

    — Зараз на «Белсаце» выдавец і вядоўца — гэта адзін чалавек, ён і вядзе, і выдае ў эфір. Разам з рэдактарам «Аб’ектыва» ён можа абмеркаваць, што больш пасуе для размовы, а не для матэрыялу ці кароткай інфармацыі. Тады ў студыю запрашаецца госць, фармуюцца канкрэтныя блокі гутаркі. Вядоўца таксама можа мець ідэі, як разбавіць гутарку іншымі элементамі — устаўкамі, каментарамі, тэматычнымі бэлькамі (адмысловымі надпісамі на экране).

    Апрача таго, вядоўца «Аб’ектыва» і рэдактар студыі прыдумляюць апытанне на канкрэтную тэму і выдаюць афлайн-апытанку, каб гледачы маглі ананімна выказацца.

    Калі госць «прапаў» — даводзіцца выкручвацца

    — Звычайна вы сустракаецеся з гасцямі вочы ў вочы. Гледачы бачаць толькі выніковы прадукт: усё прыгожа, гладзенька, чысценька. Але ці ўсё насамрэч праходзіць без сучка, без задзірынкі?

    — Сітуацыі здараюцца розныя, патэнцыйныя суразмоўцы могуць не з’явіцца ці проста забыцца, што ў іх эфір. Могуць не браць слухаўку ці змяніць свае планы. І тады, канешне, нам даводзіцца выкручвацца.

    Віталь Бабін

    У студыі «Аб’ектыва». Фота: з асабістага архіва

    У часе тэлеэфіру часцяком здараюцца кур’ёзы. Памятаю, наш каардынатар у Мінску (яшчэ да 2020 года) мусіў дамовіцца на размову з Міколам Статкевічам. Але калі ўжо пачаўся эфір і запрошаны мусіў выйсці на анлайн-сувязь, то замест спадара Статкевіча з’явіўся зусім іншы Мікола.

    Вядоўца разгубіўся — тады ён увогуле не ведаў, хто гэты чалавек і пра што ў яго можна запытацца. Але, як ні дзіўна, паміж вядоўцам і госцем знайшліся агульныя тэмы і гутарка атрымалася надзвычай удалай.

    Бывала, людзі крыўдзіліся на пытанні вядоўцы або на фармат удзелу і маглі проста падчас размовы разарваць сувязь.

    — А вось што рабіць з падгуляўшым госцем, які рвецца да мікрафона? План на такія выпадкі маеце?

    — Існуе строгае правіла: не пускаць п’яных у эфір. Аднак асабіста ў мяне была сітуацыя, калі ў студыю трапіў нецвярозы суразмоўца. З першых хвілін стала зразумела, што з ім нешта не тое. Я не мог адразу скончыць размову, бо мушу падпарадкоўвацца рашэнню свайго рэдактара, менавіта ён нясе поўную адказнасць за тое, што будзе на антэне, у YouTube, як будзе выглядаць праграма. Таму працягваў інтэрв’ю да таго часу, пакуль рэдактар не сказаў: «Віталь, трэба завязваць з гэтым, нашы гледачы ў каментарах пачалі турбавацца, што з суразмоўцам адбываецца».

    — І чым завяршылася тая гісторыя?

    — У нейкі момант я проста абарваў суразмоўцу, падзякаваў яму і развітаўся, хаця ён і намагаўся нешта гаварыць.

    Сапраўдныя кур’ёзы адбываюцца ў іншых абставінах. Летнія эфіры, спякота, камера здымае ў амерыканскім плане — толькі напалову. У студыю прыйшлі вядоўцы навінаў і спорту. Адзін перадае слова іншаму — і ў гэты час камера нечакана бярэ агульны план, і гледачы бачаць, што госць прыйшоў на эфір у піджаку і… шортах!

    «У мяне госці не аблівалі адзін аднаго вадой»

    — У студыі людзі звычайна вядуць сябе прыстойна? Шапкамі ніхто не кідаўся?

    — У мяне госці не аблівалі адзін аднаго вадой, але ў практыцы маіх калегаў здараліся гарачыя дыскусіі паміж двума гасцямі, якія мелі супрацьлеглыя погляды. Здаецца, Вольга Кавалькова аднойчы пакрыўдзілася і ледзь не выйшла са студыі падчас прамога эфіру. Але не дайшло да такой скрайняй меры.

    Віталь Бабін партрэт

    Фота: з асабістага архіва

    Увогуле суразмоўцы могуць выступаць як па відэасувязі, гэтак і жыўцом у студыі. Звычайна мы запрашаем у прамы эфір, калі абмяркоўваецца дыскусійная, нават спрэчная тэма, двух гасцей, пажадана з рознымі поглядамі на сітуацыю. Бывае, што адзін госць у студыі, а другі — на відэасувязі, здараецца, што абодва анлайн.

    Зусім свежы прыклад прывяду. Блогер-палітвязень Сяргей Пятрухін увесь час крытыкуе Каардынацыйную раду. Мы запрасілі ў эфір яго і юрыста з Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіла Кірылюка. Яны мусілі размаўляць, а я з Алесем Залеўскім у гэты дзень былі вядоўцамі. Але ў выніку Пятрухін выйшаў у эфір раней, а Кірылюк за сем хвілінаў да канца эфіру. Дайшло да гарачай спрэчкі паміж гасцямі, мы спрабавалі яе мадэраваць. Абодва яны — і Пятрухін, і Кірылюк — былі на відэасувязі. Але цяжка ўявіць, што магло б адбыцца, калі б яны прысутнічалі ў студыі.

    На тэлеканале ёсць праграма «Двубой» Віталя Цыганкова, там таксама часам гарачыя дыскусіі ўзнікаюць, але ніколі людзі не кідаліся адзін на аднаго.

    — Выбачаюся, але да мардабою справа ні разу не дайшла?

    — Не-не, я такога не памятаю ні разу (смяецца).

    Бывала, госці маглі нецэнзурна вылаяцца. Памятаю, быў сумесны ранішні эфір у першыя тыдні вайны. Мы пазвалі ў госці вядомага ўкраінскага дэпутата Алега Ляшко. Ён быў вельмі эмацыйны, і ў нейкі момант нецэнзурна вылаяўся. Нашыя вядоўцы яго спынілі. Проста часам трэба рэагаваць: прабачце, але мы не можам дазволіць лаяцца ў нашым эфіры. Гэта не адзіны выпадак, але такое здараецца нячаста.

    Што рабіць, калі нешта пайшло не так

    — Ці здараліся сур’ёзныя тэхнічныя збоі ў прамым эфіры?

    — Падчас эфіру рэдактар падтрымлівае сувязь з вядоўцам праз мікрафоны ў вуху, падказвае, калі трэба завяршыць інтэрв’ю з госцем, бо на сувязі іншы. Аднойчы я ўсё цягнуў і цягнуў размову, бо ад кіраўніцтва не паступала ніякіх каментароў, я не разумеў, колькі хвілін застаецца да заканчэння эфіру.

    І толькі тады, калі мы перакрочылі ўсе дэдлайны, у вуху раздаўся крык: «Віталь, ты што, мяне не чуеш? Заканчвай ужо, мы зацягнулі размову на 10 хвілінаў!» Аказалася, што ўвесь гэты час рэдактар казаў не ў мой, а ў іншы мікрафон.

    Віталь Бабін партрэт

    Фота: з асабістага архіва

    —  Увогуле план рэагавання на надзвычайныя сітуацыі ў тэлеэфіры ёсць?

    — Нядаўна Тэлевізійная школа TVP арганізавала трэнінг рэагавання на такія крызісныя сітуацыі. Напрыклад, у эфіры чытаеш тэкст з промптара (дысплэя, на які транслюецца тэкст для вядоўцы). І ў нейкі момант тэлесуфлёр пачынае глючыць, увесь тэкст злятае. Таму перад эфірам даводзіцца раздрукоўваць усе тэксты, каб рэагаваць на падобныя сітуацыі.

    Аднойчы ў мяне здарылася сітуацыя, калі з першых жа секундаў, як выйшаў у эфір, я не чуў ні рэдактара, ні рэжысёра-рэалізатара, ні гукача. Плюс цалкам паляцеў промптар — я не бачыў ніякага тэксту на камеры. То бок, я быў глухі і сляпы цалкам. І тады давялося ісці па распланаваным загадзя раскладзе: спачатку ідзе адзін тэкст, за ім другі, трэці.

     За гэты час мне адрамантавалі мікрафон, замянілі ў ім батарэйкі. А потым, хвілін праз 20–30, перазапусцілі промптар.

    Калі «злятае» госць, або ён не з’яўляецца ў эфір, тады запускаем падрыхтаваны загадзя матэрыял ці пашыраем размову з іншым экспертам. А часам даводзіцца паразмаўляць паміж сабой, уставіць нейкі эксплэйнер або прыдумаць рэакцыю на гэтую сітуацыю разам з гледачамі.

    Ёсць і яшчэ адзін варыянт — калі прысутнічае рэдактар ці журналіст, які спецыялізуецца на канкрэтнай тэме, і ён вельмі хутка можа зайсці ў студыю і паразмаўляць з вядоўцам. Яраслаў Сцешык часам можа выручыць нас, сацыёлаг Аляксандр Папко ці Віталь Цыганкоў, калі знаходзяцца непадалёк. Але гэта не значыць, што гэтых людзей мы запрашаем толькі ў крызісных сітуацыях. Проста мы знаходзім хуткую замену — раўназначную, а часам і больш цікавую фігуру.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці