Грозеў расказаў, як агенты расійскіх спецслужбаў пранікалі ў яго дом і як дачка зняла аднаго з іх
Хрыста Грозеў пасля выхаду расследавання аб атручванні Навальнага вымушаны хавацца ад агентаў, нанятых расійскімі спецслужбамі. Як адзначае балгарскі журналіст-расследвальнік у інтэрв’ю тэлеканалу «Дождь», ад гэтага робіцца і страшна, і смешна адначасова.

Хрыста Грозеў выступае на сцэне падчас канцэрта Unfinished Live у клубе The Shed 22 верасня 2022 года ў Нью-Ёрку. Фота Roy Rochlin/Getty Images for Unfinished Live
Агенты расійскіх спецслужбаў атрымалі загад выкрасці мужчыну ці, калі выкрасці не ўдасца, ліквідаваць. У студзені 2023 года брытанскія ўлады арыштавалі ўсю групу. Матэрыялы следства дазволілі Грозеву пабачыць сябе вачыма сваіх кілераў.
«Усе астатнія журналісты мелі права чытаць, чуць гэта проста ў судзе, а паколькі я — ахвяра і, магчыма, сведка, то да канца самой справы мне не дазвалялі. Гэта значыць, я павінен быў чакаць, пакуль усё скончыцца, і да гэтага часу чытаю кавалкі гэтых размоў, гэтых чатаў паміж чалавекам, які заказваў усё гэта, менавіта ФСБ, і самімі гэтымі ўдзельнікамі», — тлумачыць Грозеў.
«Адчуванне абсурднае. Гэта як фільм, вельмі дрэнны фільм, часам смешны, часам страшны», — дзеліцца журналіст і тлумачыць, што агенты, якія былі нанятыя расійскімі спецслужбамі, дзейнічалі непрафесійна:
«Смешна, таму што яны ўсё рабілі не так, усё блыталі, увесь час сачылі, напрыклад, не за тымі людзьмі, якіх яны ўяўлялі маімі сваякамі. Не ў той дом зайшлі — яны чужы дом уяўлялі маёй вілай у Балгарыі. Яны проста зусім у іншы дом зайшлі. Там знайшлі толькі жаночыя рэчы і напісалі, што «ён вельмі хітры, ён спецыяльнай падрыхтоўкі шпіён. Нічога з яго рэчаў там няма». (…)
Яны ўваходзяць не ў той нумар гатэля, дзе яны павінны мяне знайсці і выкрасці ў мяне тэлефон. І даюць справаздачу, што «ў ягоным ложку спіць голы мужчына». Гэта быў зусім іншы чалавек, які ў сваім ложку спаў, але яны дакладвалі, што ў маім пакоі нейкі голы мужчына быў».
Гэта смешная частка, а страшная частка — гэта тое, як яны ўвайшлі ў мой рэальны дом у Вене. Яны не зразумелі, што там мой сын быў [дома] і гуляў у камп’ютарную гульню ў сваім пакоі. Яны ў той жа самы час рэальна скралі нейкі ноўтбук — стары мой, праўда. Але калі б сын устаў з‑за камп’ютара і пайшоў бы, напрыклад, папіць вады… Я не хачу думаць, што адбылося б».
Грозеў таксама падзяліўся акалічнасцямі плана яго выкрадання, які стаў вядомы з тэлефонаў расійскіх агентаў. Гэта павінна было адбыцца падчас яго адпачынку ў Балгарыі.
«Пакуль я быў [бы] ўлетку ў Балгарыі, на лодцы кудысьці мяне перавезці ў Сірыю, потым мяне там трымаць шэсць месяцаў ці проста «Навічком» забіць. Так што дрэнны фільм, але і страшны і смешны».
Такі непрафесіяналізм Грозеў тлумачыць тым, што «ў ФСБ і ГРУ проста скончыліся [прафесійныя] шпіёны, якіх яны могуць пасылаць за мяжу. Таму што серыя расследаванняў зрабіла іх вельмі лёгка распазнавальнымі. У іх пашпарты адной серыі. (…) Яны прыкладна сотню такіх шпіёнаў выкарысталі ў розных аперацыях. Яны ўсе «згарэлі».
У выніку былі нанятыя непрафесіяналы, якія павінны былі быць незаўважнымі, «неяк упісвацца ў грамадства незаўважна».
«Праблемы ўключаюць і тое, што яны неасцярожна ставяцца да працы. Яны пакідаюць сляды, але яны таксама дакладваюць, перабольшваюць свае поспехі і заўсёды расказваюць тое, чаго не было. І я думаю, што не толькі мне цікава цяпер чытаць, што яны казалі і думалі, што зрабілі. Заказчыкам з ФСБ таксама цікава чытаць, як іх падманвалі. Ім цікава было дакладваць начальству, што глядзіце, якія ў нас дасягненні».
Грозеў падкрэслівае, што шпіёны «на кожным узроўні дакладвалі тое, чаго ніколі не было». У выніку ў ФСБ складвалася ўражанне, што ён «нейкі вельмі трэніраваны, круты шпіён ЦРУ, Масада і МІ‑6 і таму заўсёды мог прадухіліць іх спробы». У рэальнасці ж Грозеў «проста не ведаў, што яны існуюць».
Той факт, што журналіст не заўважаў за сабою сачэння, ён тлумачыць сіндромам празмернай упэўненасці ў сабе. Сіндромам hunters can’t be hunted — «паляўнічыя лічаць, што за імі ніхто не палюе». І гэта, па словах Грозева, мае дачыненне як да спецслужбаў, так і да журналістаў.
«Таму я не заўважаў. Ведаў, што гэта магчыма, але не было калі гэтым займацца», — даводзіць Хрыста і дадае, што дачка папярэджвала яго, але ён не прыняў гэта ўсур’ёз.
«Самае смешнае, што мая дачка, якой тады было 14 гадоў, [сачэнне за татам] заўважыла. І ў нейкі дзень улетку 2022 года яна мне сказала, калі мы абедалі за кутом нашага дома: «Тата, гэты чалавек за намі сочыць, ён цябе здымае». І я гляджу — малады чалавек проста праходзіць з нейкім вялікім фотаапаратам. Я кажу: «Ну, дачка… Гэта мая праца, ты пакінь гэта мне, а ты займайся вучобай». Яна кажа: «Я табе кажу, ён за намі сочыць».
Як расказвае Грозеў, праз два гады да яго дадому прыйшлі паліцэйскія, якія вялі расследаванне:
«Паліцыя кажа: «Ведаеце, два гады таму ваш дом узламалі і там скралі камп’ютар». Гэта ўсё яны разумеюць на аснове чатаў, якія перахопленыя ўжо. І мая дачка пытаецца ў паліцыі: «А ў які дзень гэта было?»
Яны кажуць — 12 чэрвеня.
Яна кажа: «А, гэта той жа дзень, у які я сказала тату, што за намі сочаць».
Калі паліцыя папрасіла апісаць маладога чалавека, якога бачыла дачка, тая кажа: а я яго сфоткала! І паказвае паліцыі фотаздымак. У выніку таго расійскага агента арыштавалі на наступны дзень. Ідэнтыфікавалі па фота, зробленаму дзякуючы пільнасці дачкі-падлетка.
