• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Каб выжыць, давядзецца ствараць унікальны кантэнт: Аляксандр Чарнуха пра новыя прынцыпы працы YouTube

    YouTube запускае сэрвіс Ask YouTube. Гэта ўбудаваны ШІ-дапаможнік на базе нейрасеткі Gem­i­ni. Стваральнік і вядоўца YouTube-канала «Міністэрства сепультуры» Аляксандр Чарнуха мяркуе, што гэта зменіць логіку, паводле якой працаваў дагэтуль YouTube, і паўплывае на працу шматлікіх праектаў, у тым ліку — медыяў. Падрабязней — у гутарцы БАЖ.

    Аляксандр Чарнуха. Фота з асабістага архіва

    Што змяняецца?

    Ask YouTube працуе паводле таго ж прынцыпу, што і любая іншая мадэль штучнага інтэлекту — карыстальнік цяпер можа задаваць паўнавартасныя складаныя пытанні замест упісвання кароткіх ключавых слоў, і платформа будзе шукаць сярод відэа адказы на гэтыя запыты. Упісваць пытанні можна наўпрост у пошукавы радок.

    З сэрвісам можна будзе весці дыялог, задаваць пытанні на ўдакладненне. Ён будзе выбіраць для вас рэлевантныя відэа і падказваць, з якой менавіта хвіліны глядзець, каб атрымаць адказ на пытанне. Даступны Ask YouTube цяпер для падпісчыкаў YouTube Pre­mi­um.

    «YouTube зноў змяняе падыходы да спажывання кантэнту і ўсё глыбей сыходзіць у дзіўны свет AI-алгарытмаў, з якога мы, падобна, ужо не выкараскаемся. YouTube цяпер — гэта відэа­Google, зразумела, са сваімі нюансамі. Пакуль Ask YouTube працуе толькі ў ЗША для паўналетніх прэміум-падпісчыкаў, але вы ж самі ўсё разумееце — сістэма будзе разрастацца і з часам стане часткай нашага з вамі жыцця», — піша Аляксандр Чарнуха на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

    Далей пісьменнік разважае над тым, што атрымае спажывец у выніку гэтых змяненняў:

    • хуткі (не факт, што зручны) пошук па платформе;
    • кантэнт, які б ён, магчыма, ніколі не пабачыў;
    • інфармацыю, якую сама сістэма палічыла рэлевантнай і дарэчнай;
    • вялікую колькасць хітрых маніпуляцый з фактамі.

    Стваральнікі кантэнту ў сваю чаргу сутыкнуцца з:

    • нізкім сярэднім часам прагляду відэа;
    • абсалютным рандомам у выдачы;
    • новай, пакутлівай перабудовай пад і без таго непрадказальныя алгарытмы платформы;
    • павелічэннем долі пошукавага трафіку ў агульнай карціне праглядаў.

    Якія відэа згубяць прагляды?

    Аляксандр не лічыць, што ў аддаленай перспектыве ўсе гэтыя новаўвядзенні абавязкова прывядуць да кепскіх наступстваў, але адзначае, што «кожная змена ў дызайне распаўсюду інфармацыі — заўсёды стрэс і для стваральніка кантэнту, і для спажыўца, бо даводзіцца перабудоўвацца са звыклай формулы, да якой усе прызвычаіліся».

    Аляксандр Чарнуха

    Аляксандр Чарнуха. Фота: з асабістага архіва

    «Гэты новы алгарытм дзейнічае дастаткова непрадказальна. Мне падаецца, стваральнікі кантэнту не да канца разумеюць, як будзе выглядаць на практыцы, калі сэрвіс будзе запушчаны. Уводзіцца новы дызайн рэчаіснасці, і змяняюцца правілы гульні, якія трэба будзе намацаць, каб далей эфектыўна распаўсюджваць кантэнт», — кажа Аляксандр.

    На яго думку, негатыўным эфектам можа быць тое, што рэдакцыям і стваральнікам кантэнту давядзецца траціць час і грошы на зразуменне новых алгарытмаў і падстройванне пад іх.

    Спажывец жа можа атрымаць не заўсёды рэлевантны для яго кантэнт, а таксама неверыфікаваную інфармацыю, якая будзе яе стваральнікамі падстройвацца пад алгарытмы ШІ-сэрвісу.

    «Доля пошукавага трафіку ў экасістэме YouTube узрасце, бо ўсе алгарытмы YouTube будуць скіраваныя на гэты трафік, каб даць рэлевантныя адказы на запыт карыстальніка. Калі гэта просты запыт, то карыстальнік зможа атрымаць адказ на сваё пытанне ў самары ў тры радкі і нават не адкрываць відэа. Такім чынам некаторыя відэа з не вельмі глыбокім аналізам, павярхоўныя, згубяць трафік.

    Іх не будуць адкрываць, бо і так усё зразумела — я ўжо прачытаў адказ на сваё пытанне, навошта мне адкрываць відэа?», — кажа ютубер.

    У выніку ў перспектыве могуць знікнуць «смеццевыя эксплейнеры», бо яны не будуць даваць столькі трафіку, як цяпер, праз тое, што чалавек не будзе іх адкрываць, паколькі атрымае ўсю інфармацыю з трох радкоў самары.

    Які прадукт атрымае «хвілінку славы»?

    Відэа з больш грунтоўным зместам таксама будуць губляць, але іншыя метрыкі, напрыклад, глыбіню прагляду, таму што YouTube будзе даваць канкрэтныя тайм-коды пад запыт карыстальніка. Умоўна кажучы, карыстальнік не будзе глядзець відэа цалкам, а толькі той кавалак, які яму цікавы, тлумачыць вядоўца «Міністэрства сепультуры»:

    «То-бок уступы, напрыклад, нейкія там кантэксты будуць увогуле адкідвацца. Карыстальнік проста будзе глядзець умоўную хвілінку-паўтары менавіта таго, што яму трэба, пра што ён даў пошукавы запыт, а потым закрываць відэа. І праз гэта глыбіня прагляду будзе моцна прасядаць у шмат якіх відэа, у першую чаргу эксплейнераў, але мне падаецца, і іншыя фарматы таксама гэта закране».

    Spo­ti­fy запусціў аўдыяверсіі артыкулаў вядомых часопісаў

    У выніку алгарытмы YouTube будуць змяншаць раздачу такіх відэа, таму што глыбіня прагляду — важная метрыка для прасоўвання кантэнту. Такія відэа будуць губляць трафік з іншых крыніц, напрыклад, з галоўнай старонкі YouTube, з прапанаваных відэа і гэтак далей.

    Калі казаць пра пазітыўныя змяненні, якія прынясе новы сэрвіс, Чарнуха вылучае «хвілінку славы», якую могуць атрымаць відэа, што праз класічны пошук YouTube не дайшлі б да карыстальнікаў.

    «Цяпер YouTube падсоўвае карыстальніку не абавязкова самыя рэлевантныя відэа, а самыя аптымізаваныя. Калі новая сістэма будзе працаваць эфектыўна і сапраўды шукаць самыя рэлевантныя адказы сярод відэа на сэрвісе, то карыстальнік патэнцыйна можа ўбачыць сапраўды нейкія не зусім аптымізаваныя, не зусім папулярныя відэа, але тыя, якія даюць грунтоўныя адказы на пытанні. І гэта павялічыць іх прагляды», — разважае Аляксандр Чарнуха.

    Як выжыць у новай рэчаіснасці — парады медыям

    Па меры таго, як новы сэрвіс будзе станавіцца ўсё больш папулярным, спачатку паміж стваральнікамі кантэнту будзе бойка за тое, каб адпавядаць алгарытмам. Магчыма, на першым этапе гэта будзе канкурэнцыя не самых сумленных крэатараў, але ў далейшым, спадзяецца Аляксандр, «сметніца пачысціцца, і пачнецца спаборніцтва за ўнікальныя фарматы, за такія каналы, на якія людзі будуць падпісвацца, бо ім сапраўды цікава, і такой інфармацыі больш нідзе не знойдзеш».

    Прынцыпы працы алгарытмаў вызначаюць карпарацыі, якім яны належаць, і яны распаўсюджваюць наратывы, якія лічаць патрэбнымі, зазначае Чарнуха. Гэта датычыць і YouTube. Карпарацыі найперш зацікаўленыя ў тым, каб зарабляць больш грошай. Таму ў карпаратыўнай рэчаіснасці, у якую мы ўваходзім, можа быць небяспека распаўсюду кантэнту пэўных палітычных ці эканамічных сіл, прапаганды. Калі карпарацыі гэта будзе выгадна, яна не будзе перашкаджаць распаўсюду такога кантэнту, адзначае суразмоўца БАЖ.

    Аляксандр Чарнуха чытае ўрывак з рамана «Свінні». Фота: Таццяна Краўчанка

    Каб выжыць у новай рэчаіснасці і не згубіць сваіх гледачоў у YouTube, Аляксандр Чарнуха раіць беларускім блогерам, медыям, усім стваральнікам кантэнту фармаваць сваю ўнікальную прапанову.

    «Падстройвацца пад алгарытмы тактычна добры варыянт, але стратэгічна — гэта пастка, бо размываецца ідэнтычнасць відэа і яго аўтара. А следам за размыццём гэтай ідэнтычнасці, размываецца і сталы глядач, чалавек, які выбірае штодня менавіта цябе, які патэнцыйна можа стаць тваім фундатарам.

    Мая парада медыям — шукаць свайго ўнікальнага гледача, слухача, чытача, які ідзе менавіта да вас, таму што ведае, што менавіта ў вас ён атрымае нейкія ўнікальныя кантэнты, фарматы, якія больш нідзе не ўбачыць, не прачытае, не паслухае, не паглядзіць. Ён разумее, што яму гэта патрэбна, і ён сапраўды хоча стаць спонсарам гэтага, падтрымліваць дзейнасць рэдакцыі і г. д.», — кажа журналіст.

    Карыстальнікам YouTube Чарнуха раіць падтрымліваць праекты, якія яны лічаць важнымі, глядзяць, чакаюць абнаўленняў. Журналіст і пісьменнік перакананы, што праца медыяў, сапраўды незалежных ад палітычных ці эканамічных сіл, якія працуюць на карысць чытача, гледача, слухача, а не трэціх асоб — гэта пытанне персанальнай адказнасці кожнага, хто спажывае кантэнт гэтых медыяў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.