З‑за кратаў выпусцілі Ірыну Слаўнікаву
Ірыну Слаўнікаву разам з мужам Аляксандрам Лойкам затрымалі ў кастрычніку 2021 года. Гомельскі абласны суд 3 жніўня пакараў журналістку 5 гадамі калоніі. 11 верасня спадарыня Слаўнікава трапіла ў лік 52‑х вызваленых палітвязняў.

Ірына Слаўнікава. Фото: Facebook-старонка Ірыны
Ірыну Слаўнікаву разам з мужам Аляксандрам Лойкам затрымалі ў кастрычніку 2021 года ў Нацыянальным аэрапорце, калі яны вярталіся з адпачынку ў Егіпце. Сужэнцаў адправілі за краты пад адміністрацыйны арышт нібыта за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», а потым і за «дробнае хуліганства».
Аляксандра Лойку праз 45 сутак адпусцілі, а Ірына пасля месячнага адміністрацыйнага арышту на волю так і не выйшла — яе зрабілі падазраванай у крымінальнай справе па «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». А потым дадалі яшчэ і новае абвінавачанне — «стварэнне экстрэмісцкага фармавання, альбо кіраўніцтва такім фармаваннем ці ўваходзячым у яго структурным падраздзяленнем».
Следчы камітэт сцвярджаў, што падчас расследавання крымінальнай справы нібыта атрыманыя доказы, што менавіта Слаўнікава была кіраўніцай «Белсата», прызнанага ў Беларусі «экстрэмісцкім фармаваннем».
У адным з лістоў Ірына напісала, што ў судзе падчас спрэчак паміж бакамі вельмі добра выступіў яе абаронца Пыльчанка. І дадала: «Цягам чатырох гадзін ён аргументавана абвяргаў усе сфабрыкаваныя абвінавачанні».
3 жніўня 2022 года Гомельскі абласны суд прызначыў ёй 5 гадоў калоніі. Журналістку прызналі вінаватай паводле двух крымінальных артыкулаў: ч. 1 арт. 342 — «Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» і ч. 1 арт. 361–1 — «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання, альбо кіраўніцтва такім фармаваннем ці ўваходзячым у яго структурным падраздзяленнем».
