• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналіста Ігара Ільяша асудзілі на 4 гады калоніі

    Суддзя Сяргей Кацэр палічыў палітзняволенага журналіста вінаватым у дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь і садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці. Акрамя таго, Ігар Ільяш мусіць сплаціць на карысць дзяржавы 100 базавых велічынь штрафу.

    Ігар Ільяш у судзе

    Ігар Ільяш у судзе. 16 верасня 2025 года. Фота: @pinkscarvesbelarus

    16 верасня ў Мінскім гарадскім судзе завяршыўся працэс над палітзняволеным журналістам Ігарам Ільяшом. Судзіць журналіста пачалі яшчэ 21 лютага гэтага года. 12 сакавіка, пасля трох пасяджэнняў, суддзя Сяргей Кацэр аб’явіў перапынак для правядзення псіхалінгвістычнай экспертызы пятнадцаці аналітычных артыкулаў аўтарства журналіста.

    Хадайніцтва Ільяша пра тое, каб экспертыза ладзілася ў Дзяржаўным цэнтры судовых экспертыз, суд не задаволіў і накіраваў даследваць публікацыі загадчыку кафедры тэорыі і методыкі выкладання рускай мовы як замежнай на філфаку БДУ, доктару філалагічных навук Сяргею Лебядзінскаму.

    Перапынак у судовай справе ў выніку доўжыўся амаль паўгода, працэс аднавіўся 4 верасня. На чарговым слуханні, 12 верасня, дзяржаўны абвінаваўца запатрабаваў для Ігара Ільяша 4 гады пазбаўлення волі і 100 базавых велічынь штрафу, адвакат — апраўдальнага прысуду.

    Ігар Ільяш у апошнім слове ў судзе адхіліў усе абвінавачанні і не прызнаў віны.

    Па нашай інфармацыі суддзя Сяргей Кацэр пагадзіўся з абвінаваўцам і прызнаў журналіста вінаватым паводле двух крымінальных артыкулаў: арт. 369–1 КК (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і ч. 2 арт. 361–4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

    Суддзя прыгаварыў Ігара Ільяша да 4 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём у калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а таксама прызначыў штраф памерам 100 базавых велічынь (4200 рублёў).

    Нагадаем, раней журналіст Сяргей Ваганаў — дзед жонкі Ільяша Кацярыны Андрэевай, таксама журналісткі і палітзняволенай, якая адбывае працяглы тэрмін у калоніі, — выказаў меркаванне, што экспертыза «не выявіла ніводнага ілжывага факта», распаўсюджанага журналістам Ігарам Ільяшом.

    Паводле яго слоў, на пасяджэннях 4 і 5 верасня, калі Мінскі гарадскі суд «заслухоўваў высновы псіхалінгвістычнай экспертызы», прагучала «абсалютная перадузятасць да публікацый Ільяша, заснаваная на асабістых палітычных поглядах» загадчыка кафедры БДУ, доктара філалогіі Сяргея Лебядзінскага.

    Справа Ігара Ільяша

    Пра яго затрыманне паведамілі праўладныя рэсурсы 22 кастрычніка 2024 года. З публікацый вынікала, што ён затрыманы за інтэрв’ю незалежным СМІ. Заяўлялася, што тым самым ён займаўся «садзейнічаннем экстрэмісцкім фармаванням». Таксама сцвярджалася, што журналіст ажыццяўляў «збор звестак для замежных выведак — даваў каментары ўкраінскім выданням».

    На відэазапісе сілавікоў Ільяш сказаў, што да ліпеня 2021 года з’яўляўся штатным супрацоўнікам тэлеканала «Белсат», пасля гэтага стаў журналістам-фрылансерам. «На працягу гэтых гадоў я неаднаразова даваў інтэрв’ю розным медыя, у ліку якіх былі і рэсурсы, якія былі прызнаныя на тэрыторыі Беларусі «экстрэмісцкімі фармаваннямі» ў той ці іншы час», — сказаў ён.

    Журналіст асобна згадаў, што сярод замежных СМІ, якія да яго звярталіся па інтэрв’ю, былі ўкраінскія. У прыватнасці, на кантакт выходзіў «украінскі журналіст, які праводзіў расследаванне наконт магчымага ўдзелу беларускіх войскаў ва ўварванні ва Украіну».

    22 лістапада 2024 года праваабарончая супольнасць прызнала Ігара Ільяша палітычным вязнем.

    У ліпені 2021 года Ільяша затрымлівалі на 10 сутак, ён быў у статусе падазраванага паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Далейшага ходу крымінальная справа не атрымала.

    Жонка Ільяша Кацярына Андрэева (Бахвалава) была затрыманая разам з відэааператаркай Дар’яй Чульцовай 15 лістапада 2020 года. Яны вялі жывы эфір з месца разгону сілавікамі людзей, якія прыйшлі ўшанаваць памяць забітага актывіста Рамана Бандарэнкі («плошча Перамен» — двор на вул. Чарвякова ў Мінску).

    У лютым 2021 года суд Фрунзенскага раёна Мінска прызнаў журналістак вінаватымі ў «арганізацыі дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342 КК), і прыгаварыў да 2 гадоў пазбаўлення волі.

    Беларускія праваабаронцы прызналі Кацярыну Андрэеву  і Дар’ю Чульцову палітычнымі вязнямі.

    13 ліпеня 2022 года Гомельскі абласны суд прыгаварыў Андрэеву да 8 гадоў пазбаўлення волі паводле ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве). Паколькі раней яна ўжо была прыгавораная да зняволення, шляхам частковага складання канчатковым пакараннем ёй прызначылі пазбаўленне волі на тэрмін 8 гадоў і 3 месяцы. Адлік вядзецца ад моманту затрымання ўвосень 2020 года.

    20 верасня 2022 года Вярхоўны суд не задаволіў скаргу Андрэевай на рашэнне Гомельскага абласнога суда і пакінуў гэты вырак дзейным. Разам з тым ВС адкарэктаваў фармулёўку абвінавачання — «выдача дзяржаўных сакрэтаў замежнай арганізацыі, замежнай дзяржаве» замененая на «шпіянаж».

    3 верасня таго ж года Чульцова выйшла на волю. Зараз жыве ў Польшчы.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці