EFJ заявіла сваю пазіцыю па выкарыстанні штучнага інтэлекту ў журналістыцы
Еўрапейская федэрацыя журналістаў (EFJ) апублікавала дакумент, у якім заяўляе сваю пазіцыю адносна штучнага інтэлекту і будучыні журналістыкі ў Еўропе. Дакумент быў прыняты кіруючым камітэтам EFJ у Бруселі 30 верасня.
«Штучны інтэлект у журналістыцы павінен выкарыстоўвацца з падыходам, заснаваным на ўдзеле чалавека (with a human-based approach), каб сістэмы штучнага інтэлекту не замянялі кантроль з боку чалавека. EFJ выступае за будучыню, у якой штучны інтэлект будзе паважаць этычныя стандарты журналістыкі, справядлівыя ўмовы працы і абарону правоў аўтараў», — адзначаецца ў прэс-рэлізе арганізацыі.
EFJ прапануе 6 ключавых прынцыпаў этычнага выкарыстання штучнага інтэлекту:
- Рэдакцыйны кантроль з боку чалавека застаецца надзвычай важным. Працадаўцы і работнікі СМІ павінны вызначыць, пры якіх умовах штучны інтэлект выкарыстоўваецца ў рэпартажах, і забараніць штучнаму інтэлекту ствараць кантэнт без праверкі чалавекам.
- Праца журналістаў павінна быць абаронена. Журналісты павінны даць сваю відавочную згоду на выкарыстанне сваёй працы для навучання сістэм штучнага інтэлекту, павінны быць пазначаны ў якасці аўтара і атрымліваць адпаведнае ўзнагароджанне.
- Празрыстасць не падлягае абмеркаванню як для аўдыторыі, так і для журналістаў. Кантэнт, створаны штучным інтэлектам, павінен быць пазначаны для выразнай ідэнтыфікацыі.
- Роўны доступ і бесперапыннае навучанне для ўсіх журналістаў. Інвестыцыі ў інструменты штучнага інтэлекту для рэдакцый павінны прынесці карысць усім журналістам, у тым ліку мясцовым і фрылансерам.
- Этыка павінна фармаваць выкарыстанне штучнага інтэлекту ў навінах. Выкарыстанне штучнага інтэлекту ў рэдакцыях павінна адпавядаць асноўным прынцыпам журналістыкі, такім як аб’ектыўнасць, бесстароннасць, падсправаздачнасць і абарона крыніц.
- Журналісцкія арганізацыі павінны дапамагаць кіраваць будучыняй штучнага інтэлекту. Праз сацыяльны дыялог журналісцкія арганізацыі павінны заставацца актыўнымі ўдзельнікамі распрацоўкі сістэм штучнага інтэлекту, якія ўплываюць на асвятленне грамадскіх інтарэсаў.
«Сёння мы стаім на раздарожжы: штучны інтэлект можа альбо даць журналістам магчымасці, альбо падарваць самыя асновы свабоды прэсы. Нам патрэбен штучны інтэлект, пабудаваны на трывалых этычных прынцыпах, які кіруецца дакладнымі правіламі і імкнецца да празрыстасці ў еўрапейскіх СМІ. Калі гэта не кантраляваць, шкода для журналістыкі можа быць незваротнай. Гэта не барацьба са штучным інтэлектам, а барацьба за этычную журналістыку», — заявіла прэзідэнтка EFJ Мая Север.
Поўную пазіцыю EFJ чытайце па спасылцы
